Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА ЎПЭЎНЕНЫ, ШТО ЎЛАДЫ БЕЛАРУСІ РЫХТУЮЦЬ ЯШЧЭ АДЗІН РЭФЭРЭНДУМ


Алесь Грыневіч, Менск

Кіраўніца Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Вольга Сяргеева заявіла сёньня, што ня мае ніякай інфармацыі пра падрыхтоўку рэфэрэндуму, на які б выносіліся пытаньні пра скасаваньне саветаў дэпутатаў і пра падаўжэньне тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў з 5 да 7 гадоў. Аднак спадарыня Сяргеева ўхілілася ад адказу на пытаньне, ці можа такі рэфэрэндум рыхтавацца без удзелу падначаленай ёй структуры:

(Сяргеева: ) "Я яшчэ гэтага ня чула, гэта па-першае. Па другое, так вось проста я не ўпаўнаважаная нешта вам камэнтаваць. Празь мяне пакуль што не ўзгаднялі пытаньне. Не, я ня ў курсе".

Аб тым, што рыхтуецца чарговы рэфэрэндум, у мінулую суботу на зьезьдзе Аб'яднанай грамадзянскай партыі заявіў яе старшыня Анатоль Лябедзька. Спадар Лябедзька кажа, што галоўныя пытаньні (аб ліквідацыі саветаў дэпутатаў і аб падаўжэньні тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў), улады паспрабуюць працягнуць з дапамогай пытаньняў-"паравозікаў" — пра ўвядзеньне маратору на сьмяротныя пакараньні і пра актывізацыю беларуска-расейскай інтэграцыі, каб задаволіць інтарэсы эўрапейскіх арганізацыяў і Расеі. Лідэр АГП кажа, што ён ўпэўнены ў праўдзівасьці інфармацыі наконт падрыхтоўкі рэфэрэндуму.

(Лябедзька: ) "Улада за апошнія 7 гадоў ніколі публічна не абмяркоўвала тое, што яна зьбіраецца рабіць. Яны спачатку прымалі ўнутры сябе рашэньне, а потым праз пэўныя мэханізмы праводзілі гэтае рашэньне ў жыцьцё. Па крыніцах, якія заслугоўваюць абсалютнага даверу, мы валодаем інфармацыяй, што створаная спэцыяльная рабочая група, якая прапрацоўвае мажлівасьць правядзеньня рэфэрэндуму ці да канца гэтага году, ці ў наступным годзе. Гэта інфармацыя з уладных структураў".

Спадар Лябедзька падкрэсьлівае, што правядзеньне рэфэрэндуму ў хуткім часе было б спрыяльным для выканаўчых уладаў, бо тыя сёньня маюць магчымасьць кантраляваць выбары і абвяшчаць патрэбныя ім вынікі.

(Лябедзька: ) "Да гэтай інфармацыі, якую мы атрымалі, я стаўлюся вельмі сур'ёзна і лічу, што гэта вельмі лягічна, таму што сёньня дзяржава яшчэ мае мэханізмы кантролю над падлікам галасоў. Яны могуць праводзіць і "выбары," і "рэфэрэндумы”, могуць ажыцьцяўляць кантроль над канчатковым вынікам. Таму калі нешта праводзіць такое, то лепш за ўсё цяпер, пакуль такі кантроль захоўваецца, чым заўтра, калі такога кантролю можа й ня быць".

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі кажа, што апазыцыі трэба як мага хутчэй пачынаць публічнае абмеркаваньне магчымага рэфэрэндуму, каб супрацьдзейнічаць скасаваньню мясцовых саветаў і падаўжэньню тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

(Лябедзька: ) "Мы павінныя загадзя давесьці да грамадзкасьці інфармацыю, што ўлада не выключае ліквідацыю саветаў, а гэта значыць, што тое, над чым сёньня працуе беларуская апазыцыя, становіцца мёртвым праектам. Сёньня практычна ўсе палітычныя партыі ў той ці іншай ступені заявілі, што ў той ці іншай ступені рыхтуюцца да мясцовых выбараў. Але калі ліквідуюцца мясцовыя саветы, гэта азначае, што нашыя інвэстыцыі ў гэты праект — гэта інвэстыцыі ў пустату. І я думаю, што калі цяпер будзе дыскусія і людзі будуць усьведамляць, што Лукашэнка хоча яшчэ на некалькі гадоў працягнуць свае паўнамоцтвы, то чым хутчэй гэтыя дыскусія пачнецца, чым хутчэй людзі гэта ўведаюць, тым цяжэй гэта будзе правесьці і атрымаць нейкі станоўчы вынік".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG