У кожнага з нас штогод бывае некалькі дзясяткаў сьвятаў: дзяржаўных, рэлігійных, сямейных, прафэсійных і асабістых, кшталту дня народзінаў ці імянінаў. Вядома, сьвяты не абыходзяцца без багатых застольляў з выпіўкай і закускай – але часам пасьля гэтага ня толькі пакутуюць пячонка і галава, але й дадаюцца непатрэбныя кіляграмы.
Ежа – адна з найвялікшых асалодаў. Аднак прыемнасьць гэтая не заўсёды рацыянальная. Нас асабліва спакушае сьвяточны стол зь ягоным багацьцем страваў, выпечкі, ласункаў і дэсэртаў.
У звычайныя дні, цалкам незалежна ад посту, нашых заробкаў і асартымэнту харчоў у крамах, мы ня маем магчымасьці нармальна харчавацца з прычыны заняткаў, працы, стомленасьці або ляноты. Вось таму й спрабуем нагнаць гэта ў часе сьвятаў. Як вынік – у сьвяты многія людзі замест каб сьвяткаваць у атмасфэры сямейнай гармоніі, трапляюць у шпіталі з прычыны пераяданьня або атручэньня.
Як пазьбегнуць атручэньня? Часта яно зьвязанае з тым, што гаспадыні рыхтуюць сьвяточны стол для вялікай колькасьці людзей – і робяць гэта загадзя. Частка харчоў не зьмяшчаецца ў лядоўні або маразілцы – тады харчы захоўваюць на бальконе або ў неабаграваным пакоі, дзе неадпаведная тэмпэратура. У такіх умовах харчы хутка псуюцца. Спэцыялісты рэкамэндуюць пазьбягаць падаграваньня страваў і паўторнага іх замарожваньня. Таксама трэба абмяжоўваць спажываньне сырых яек і мяса.
Каб пазьбегнуць пераяданьня, амэрыканскія спэцыялісты даюць наступныя простыя парады:
Перад абедам пажадана выпіць каля 400 грамаў вады. Яна часткова напоўніць страўнік, і вы будзеце адчуваць сябе менш галоднымі.
Перш чым сядзеце за стол, трымайце на стале або зьверху ў лядоўні садавіну.
Ешце асноўную страву памалу, невялікімі кавалкамі, як найменш 20 хвілінаў. Пажадана пры гэтым весьці размову, каб не засяроджвацца на талерцы.
Есьці трэба абавязкова седзячы. Калі чалавек ходзіць, ён звычайна зьядае значна болей.
Каб пазьбегнуць пераяданьня ў часе ўрачыстых банкетаў, калі багаты стол асабліва моцна спакушае, ня трэба бясконца сядзець за сталом. Гэта ня толькі дрэнна ўплывае на наша самаадчуваньне, але і стварае нагоду, каб спакусіцца чарговымі ласункамі. Нават сыты чалавек будзе бескантрольна цягаць нешта смачнае.
Ідэальным выйсьцем у часе багатага застольля зьяўляецца танец. Аднак жа калі няма такой магчымасьці, пажадана пасьля абеду або вячэры зрабіць даўжэйшы шпацыр – каб лепш ператравіць ежу. Няпраўда, што алькаголь, які ў хрысьціянскай культуры спадарожнічае банкетам, дапамагае страваваньню. Ён разладжвае працу кішак, ускладняе засвойваньне арганізмам харчовых складнікаў, а таксама шкодзіць пячонцы і падстраўнікавай залозе, якія рэгулююць працэс страваваньня.
Седзячы за багатым сьвяточным сталом, варта памятаць, што падлетку-хлопцу 13-15 гадоў, які ня робіць вялікіх фізычных высілкаў, трэба ў сярэднім 3300 калёрыяў на дзень; дзяўчыне – 2800 калёрыяў, мужчыну – 2600 калёрыяў, жанчыне – 2300.
Каб выканаць гэтую дзённую норму, хопіць наступных харчоў:
2 невялікія катлеткі – 400 калёрыяў,
100 грамаў жоўтага сыра – 320 калёрыяў,
100 грамаў каўбасы – 250 калёрыяў.
Калі закусіць гэта 5 лусьцікамі чорнага хлеба, атрымаем 350 калёрыяў,
5 вараных бульбін дадуць 400 калёрыяў,
100 грамаў ячменнай кашы – 350 калёрыяў,
адна порцыя вінэгрэту – 250 калёрыяў.
Зразумела, што за сьвяточным сталом людзі п’юць.
5 чарак белай гарэлкі – гэта 550 калёрыяў,
два куфлі піва – 800 калёрыяў,
а адна шклянка апэльсінавага соку – 110.
Калі ў дадатак зьесьці кавалачак торту, мы дадамо яшчэ 450 калёрыяў, порцыя марожанага стане ў 160 калёрыяў, а шакалядны батончык “Марс” – 300.
Такім чынам, едучы толькі вось гэткія звычайныя стравы, за сьвяточным сталом хутка набярэцца дзённая норма калёрыяў. Зразумела, на практыцы іх набіраецца значна болей.
Дыетолягі раяць утаймоўваць за сталом прагнасьць – ня гэтулькі з прычыны этыкету, колькі з думкай пра сваё здароў’е. Каб зрабіць прыемнасьць гаспадыні й пакаштаваць усе стравы, трэба класьці сабе на талерку невялікія порцыі. Есьці трэба памалу і ўсё старанна перажоўваць.
Калі гаспадары не настойваюць і ёсьць магчымасьць выбару, заміж тлустай катлеткі лепш узяць лёгкую для страўніка рыбу. Яна менш калярыйная за мяса і гатуецца звычайна з гароднінай, якая паскорвае страваваньне. Калі ямо мяса, пажадана закусваць чорным хлебам.
Рэкамэндуецца не спалучаць галоўныя стравы з салодкімі дэсэртамі. Ласункі і кандытарскія вырабы найлепш спажываць прынамсі праз паўгадзіны пасьля галоўнай ежы. За сьвяточным сталом варта часьцей працягваць руку па садавіну. Карысная для страваваньня і негазаваная мінэральная вада. Запіваючы стравы вадою, напэўна зьямо меней.
* * *
А цяпер пра яйкі. Чалавек спажываў птушыныя яйкі ад найдаўнейшых часоў. Археалягічныя раскопкі сьведчаць, што ў Эўропе курэй разводзілі ўжо ў VI стагодзьдзі да нашай эры. У хрысьціянска-эўрапейскай культуры яйкі сталіся сымбалем велікодных сьвятаў, якія некаторыя беларусы ўжо адзначылі, а іншыя будуць адзначаць у пачатку траўня. У велікодны пэрыяд яек мы спажываем болей, але ж ямо іх шмат увесь год. Вось таму варта прыгадаць плюсы і мінусы гэтага папулярнага прадукту.
Курыныя яйкі зьяўляюцца важным элемэнтам нашай дыеты. Гэта адносна танная крыніца паўнавартасных бялкоў і лёгка распушчальных вітамінаў (А, D, E і K). З прычыны значнай калярыйнасьці яйкі асабліва неабходныя маладым і актыўным людзям, а таксама тым, хто цяжка фізычна працуе або трэніруецца. Як правіла, іх рэкамэндуюць менш есьці старэйшым людзям.
Што ўтрымлівае яйка? Паводле арганізацыі вытворцаў яек-“American Egg Board”, сярэдняй велічыні курынае яйка зьмяшчае:
- ад 5 да 7 грамаў высокакалярыйных бялкоў,
- каля 5 грамаў тлушчу, у тым ліку ў сярэднім 213 міліграмаў халестэрыну, асабліва ў жаўтку,
- а таксама пратэіны і 13 розных вітамінаў і мінэралаў, у тым ліку прыблізна 25 міліграмаў кальцыю і 5 міліграмаў магнію.
Дасьледаваньні 1990-х гадоў пацьвердзілі, што існуе непасрэдная сувязь паміж колькасьцю спажываных яек і ўзроўнем так званага “дрэннага” халестэрыну ў крыві. Апытаньне 127 тысяч чалавек старэйшых за 14 гадоў паказала, што яйкі зьяўляюцца крыніцаю 32% выпадкаў падвышанага халестэрыну ў арганізьме.
Халестэрын жа павялічвае верагоднасьць атэрасклерозу, праблемаў з крывазваротам і сардэчна-сасудавых хваробаў. З другога боку, у Японіі, Францыі й Гішпаніі, дзе статыстычна спажываецца найболей яек, сьмяротнасьць з прычыны гэтых апошніх хваробаў найменшая сярод разьвітых краінаў.
Улічваючы іншыя чыньнікі, такія як узровень мэдычнай апекі, навукоўцы з Гарвардзкай школы грамадзкага здароўя прыйшлі да высновы, што бясьпечная для арганізму колькасьць – гэта максымум адно яйка на дзень. Паводле доктара Фрэнка Гу, гэта ня тычыцца дыябэтыкаў.
Доктар Аліса Ліхтэнштайн з Амэрыканскай асацыяцыі сэрца пацьвердзіла, што 300 міліграмаў халестэрыну (інакш кажучы, адно яйка штодня) не спрыяе ўзьнікненьню сардэчна-сасудавых захворваньняў. Да таго ж яшчэ ў 1945 годзе статыстычны амэрыканец зьядаў 402 яйкі на год, а ў 1998-м годзе – усяго 245.
Але рэч у тым, што мала хто абмяжоўваецца адным яйкам – людзі часта спажываюць за адзін раз два або тры яйкі – а гэта ўжо недапушчальная доза халестэрыну. Акрамя таго, многія прызвычаіліся спалучаць яйкі зь іншымі, нездаровымі прадуктамі, такімі як бэкон, сасіскі, чырвонае мяса або тлустае малако.
У велікодны пэрыяд, калі доўга захоўваем фарбаваныя яйкі, варта памятаць, што гэта вельмі недаўгавечны харч. Пакінутыя ў пакаёвай тэмпэратуры яйкі псуюцца з-за ўзьдзеяньня мікраарганізмаў. Асабліва распаўсюджаная бактэрыя сальманэла, якая можа зьявіцца ў жаўтку, бялку і нават ў шкарлупіне яшчэ падчас фармаваньня яйка ў арганізьме курыцы.
Сымптомы заражэньня сальманэлай гэткія: баліць жывот, галава, ваніты, бягунка, слабасьць, ліхаманка, высокая тэмпэратура. На шчасьце, высокая тэмпэратура падчас прыгатаваньня яйка забівае бактэрыі сальманэлы. Дастаткова падаграваць яйка як найменш у 60 градусах Цэльсія цягам 10 хвілінаў, каб зьнішчыць усе бактэрыі. Усё ж найлепш засьцерагчыся і есьці вараныя яйкі.
* * *
А зараз некалькі найноўшых практычных парадаў “RealAge”.
Ня баўся выходнымі ў чэргах рэстарацыяў “fast food” (кшталту “МакДональдза”) і не купляй страваў у плястыкавых скрынках на вынас. Гатаваць ежу дома заўсёды лепш для твайго здароў’я. Людзі, якія часта харчуюцца ў такіх рэстарацыях, больш схільныя да таўсьценьня за тых, хто часьцей харчуецца дома. Калі захоўваць на адпаведным узроўні індэкс масы цела, наш біялягічны ўзрост будзе на 6 гадоў меншы.
Паводле “RealAge”, вельмі карысная для здароў’я ёга, якой ужо 5 тысяч гадоў. Яна рэкамэндуецца амаль усім, незалежна ад узросту і стану здароў’я. Увесь набор позаў, фігураў і пазыцыяў, акрамя духоўных практыкаваньняў, станоўча ўплывае на гнуткасьць цела, сілу і памяншае стрэсу. Ужо пасьля 30 дзён практыкаваньняў ёгі людзі адчуваюць больш сілы ў абедзьвюх руках.
Трохі здаровага сьмеху можа быць рэцэптам для здаровага сэрца. Найноўшыя дасьледаваньні паказалі, што людзі з пачуцьцём гумару і схільнасьцю да сьмеху радзей хварэюць на сэрца ў параўнаньні з тымі, хто належыць да гэтай званай групы А – некампанейскага тыпу асобы. Стаўцеся з гумарам да стрэсавых сытуацыяў – гэта зьменшыць верагоднасьць узьнікненьня ў вас хваробаў сэрца. Здаровы сьмех можа зрабіць наш біялягічны ўзрост на 8 гадоў меншым.