“Хачу выказаць абурэньне рэпрэсіямі, якія вас напаткалі. Тыя, хто ў вашай прыгожай Беларусі зьдзекуюцца з вольнага слова і топчуць чалавечую годнасьць, цяпер хочуць схаваць Вас у турму за “зьнявагу прэзыдэнта”. Аднак прыйдзе час, калі дыктатура абваліцца. Тады выявіцца, што сольлю айчыннай зямлі былі людзі, якія змаглі бараніць яе свабоду. Дыктатары і дыктатуры цяпер выхозяць з моды ў Эўропе, і хутка вы будзеце вольнымі грамадзянамі Беларусі, журналістамі вольнай “Пагоні” ў вольнай Беларусі”, – піша галоўны рэдактар “Gazetу Wyborczеj” Адам Міхнік у адкрытым лісьце да Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, якія ўчора зьвярнуліся да спадара Міхніка з просьбай заклікаць польскае грамадзтва і палітычныя эліты да абароны беларускіх журналістаў.
Акрамя ліста галоўнага рэдактара, на першай паласе сёньняшняга нумару “Wyborczej”, якая, дарэчы, толькі ў Варшаве выйшла накладам больш за 800 тысяч асобнікаў, зьмешчаная таксама карыкатура з выявай Аляксандра Лукашэнкі, шыю якога сьціскае газэта.
Далей “Gazetа Wyborczа” падрабязна распавядае пра публікацыю ў “Пагоні”, ад якой пачалася крымінальная справа, а таксама ў храналягічным парадку падае зьвесткі пра найбольш вядомыя рэпрэсіўныя захады беларускіх уладаў супраць свабоды слова і правоў чалавека. Газэта зьмяшчае купон з пратэстам супраць закрыцьця “Пагоні” ды заклікае чытачоў падпісаць яго і накіраваць у беларускую амбасаду ў Варшаве.
Сёньня на пытаньні Радыё Свабода адказаў галоўны рэдактар “Gazetу Wyborczеj” спадар Адам Міхнік.
(Карэспандэнт: ) “Спадар Міхнік, ваша газэта з усіх польскіх мэдыяў бадай найчасьцей зьвяртае ўвагу чытачоў на беларускія падзеі. А сёньня праблеме гарадзенскай “Пагоні” аддалі найлепшае месца ў нумары. Скажыце, у якой ступені свабода слова ў Беларусі непакоіць Вас асабіста?”
(Міхнік: ) “Нашу газэту рэдагуюць людзі, якія вельмі шмат гадоў жылі ў няволі, у турмах, працавалі ў падпольнай “Салідарнасьці”, падпольнай прэсе і вельмі дорага за гэта плацілі. Таму ўсе формы рэпрэсіяў і нападаў на свабоу сродкаў масавай інфармацыі нас непакояць. Мы маем маральную патрэбу сьпяшацца на дапамогу нашым калегам як зь Беларусі, так і з Украіны, Расеі, Сэрбіі, Харватыі. І гэта мы будзем рабіць, пакуль будзем працаваць у “Gazeсie Wyborczеj”.
Калі казаць пра сытуацыю ў Беларусі, дык яна нас непакоіць у найвышэйшай ступені. Мы ня можам зразумець, чаму ўладу і аўтарытэт прэзыдэнта трэба бараніць гэткім нікчэмным спосабам. Прыкладам, толькі што ў часе выступу ў Сэйме, які трансьлюецца на ўсю краіну, адзін з дэпутатаў брутальна і вельмі па-хамску заатакаваў прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага. Аднак я не магу сабе ўявіць, каб генэральны пракурор замест каб рабіць свае справы займаўся б разглядам крытычных выказваньняў на адрас нашага прэзыдэнта.
Нават калі й асабісты гонар Лукашэнкі быў закрануты, дык выкарыстаньне ў такім выпадку дзяржаўнага апарату сьведчыць аб неразуменьні асноваў функцыянаваньня дэмакратычнай дзяржавы”.
(Карэспандэнт: ) “Але чаму польскае грамадзтва, асабліва палітыкі, ня вельмі цікавіцца тым, што адбываецца цяпер у суседняй Беларусі?”
(Міхнік: ) “Думаю, гэта вынікае з таго, што нашыя краіны вельмі занятыя сваімі ўласнымі праблемамі. Акрамя гэтага, у нашых палітыкаў ёсьць пэўны страх, каб іх не абвінавацілі ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы іншай сувэрэннай дзяржавы. Нам самім не падабаецаа, калі звонку нехта ўмешваецца ў нашы справы, ці, як было нядаўна, калі расейскі амбасадар у Кіеве казаў украінцам, як ім галасаваць у часе парлямэнцкіх выбараў. Таму нашыя палітыкі ў гэтым выпадку дэманструюць пэўную стрыманасьць”.
(Карэспандэнт: ) “Ці сытуацыя ў Беларусі ёсьць вынікам адсутнасьці сапраўды свабодных мэдыяў?”
(Міхнік: ) “Бацька амэрыканскай дэмакратыі Томас Джэфэрсан калісьці сказаў, што калі б мусіў выбіраць паміж урадам і газэтай, заўсёды выбраў бы газэту. Бо без ураду грамадзтва можа абысьціся, а без інфармацыі аб падзеях у сьвеце – ня можа. Таму існаваньне свабодных СМІ – гэта неабходная ўмова рэфармаваньня любой дзяржавы. Толькі свабодныя і эканамічна незалежныя мэдыі маюць сьмеласьць сачыць за тым, што робяць улады.
Хацеў бы яшчэ раз выказаць сваю салідарнасьць з калегамі зь Беларусі й спадзяюся, што калі дойдзе да канчатковага зьнішчэньня “Пагоні”, яны змогуць друкавацца на старонках польскіх газэтаў”.