Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ: КАМУНІСТЫ ГУБЛЯЮЦЬ ПАСАДЫ Ў ДУМЕ


Кастусь Бандарук, Прага

Дзяржаўная Дума пераглядзела “пакетнае пагадненьне”, якое заключылі лідэры думскіх фракцыяў у студзені 2000 году. У адпаведнасьці з дакумэнтам, кіроўныя пасады ўсіх 28 камісіяў былі замацаваныя за тымі або іншымі фракцыямі й дэпутацкімі групамі.

Дэпутаты ад кампартыі старшынявалі ў 10-ці з 28-ці думскіх камісіяў. Гэта такія важныя камісіі як камісія дзяржаўнага будаўніцтва, эканамічнай палітыкі й прадпрымальніцтва, прамысловасьці й навуковых тэхналёгіяў, рэгіянальнай палітыкі, асьветы і навукі, а таксама працы і сацыяльнай палітыкі.

Камуністы мелі права прызначаць сьпікера Дзярждумы і ягонага намесьніка. У сераду 251 дэпутат супраць 136-ці прагаласавалі за пазбаўленьне камуністаў кіроўных пасадаў у васьмі камісіях. Затое іншыя фракцыі – “Адзінства”, “ЛДПР” і група “Народны дэпутат” нічога ня страцілі ў не набылі пасьля перагляду “пакетнага пагадненьня”.

Пераразьмеркаваньне думскіх пасадаў ініцыявалі правыя і цэнтрысцкія аб’яднаньні. Супраць гэтага рэзка выступіў лідэр Камуністычнай партыі Расеі Генадзь Зюганаў. Сьпікер Дзярждумы Генадзь Селязьнёў абвінаваціў цэнтрысцкія фракцыі ў палітычнай гульні. Камуністы і аграрыі заявілі, што ў такой сытуацыі яны адмовяцца ад усіх кіроўных пасадаў.

“Мы прыйшлі ў парлямэнт ня дзеля таго, каб дзяліць крэслы й пасады. Мы за іх ня будзем трымацца. Мы прыйшлі выканаць волю выбаршчыкаў”, – сказаў Зюганаў.

Пасьля галасаваньня старшыня камісіі грамадзкіх аб’яднаньняў і рэлігійных арганізацыяў Віктар Зоркальцаў і старшыня камісіі ў справах нацыянальнасьцяў Валянцін Губінін адмовіліся ад пасадаў.

Лідэр аграпрамысловай групы Харытонаў не прыняў прапанову ўзначаліць камісію ў справах жанчын і моладзі. Ён адзначыў, што апошнім часам у Дзярждуме ўсталявалася атмасфэра “маральнага і палітычнага тэрору, калі карыстаючыся апекай з боку Крамля, чацьверка цэнтрысцкіх аб’яднаньняў перакроіла палату… Захоп пасадаў адбываецца, каб дасягнуць прыняцьця антынародных законаў”.

На думку лідэра камуністаў, зараз “адбываецца зрастаньне крымінальнага рэжыму з алігархамі дзеля распродажу зямельных палеткаў, натуральных манаполіяў і астатняга”. Пра гатоўнасьць падаць у адстаўку паведаміў таксама сьпікер Дзярждумы Генадзь Селязьнёў.

Пасьля галасаваньня ў Думе, калі камуністы ня здолелі своечасова арганізаваць мэдыйную кампанію ў адказ, яны са сваімі саюзьнікамі апублікавалі наступную заяву: “Народна-патрыятычныя сілы, прадстаўленыя ў Дзярждуме фракцыяй КПРФ і аграпрамысловай групай, афіцыйна аб’яўляюць пра пераход у жорсткую апазыцыю да ўладаў. Апазыцыя мае намер сфармаваць урад народна-патрыятычнага саюзу Расеі, які ня толькі будзе крытыкаваць кожны крок уладаў, але і прапаноўваць лепшае разьвязаньне любога пытаньня”.

Цяпер многія аглядальнікі задаюцца пытаньнем: ці пасьля гэтай чарговай перамогі Крэмль здолее дасягнуць прыняцьця Думай тых законаў, якія маюць фундамэнтальнае значэньне для задуманых рэформаў? Скептыкі лічаць, што далейшая канцэнтрацыя ўлады ў руках Уладзімера Пуціна можа быць не перамогай, але тактычнай памылкай Крамля.

На думку віцэ-прэзыдэнта Фонду разьвіцьця парлямэнтарызму ў Расеі Андрэя Захарава, камуністаў – такіх, якімі яны былі цягам апошніх двух гадоў – ня трэба было чапаць. Яны ператварыліся ў гнуткую партыю, якая працавала ва ўнісон з прэзыдэнтам. Камуністы пайшлі на кампраміс у такіх пытаньнях, як працоўны і зямельны кодэксы, што Марксу, Энгельсу і Леніну і ў галаву не прыйшло б. На думку Захарава, зараз камуністы могуць стаць больш радыкальнымі, яны могуць умацаваць сваю папулярнасьць сярод найбяднейшых слаёў грамадзтва і падрыхтаваць шлях да перамогі на наступных выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG