Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ДЫРЭКТАРАЎ ПРАМЫСЛОВЫХ ГІГАНТАЎ ЛУКАШЭНКА ЎЗЯЎСЯ ЗА КІРАЎНІКОЎ МЯСЦОВЫХ ВЫКАНКАМАЎ


Ігар Карней, Менск

Цягам толькі апошняга часу крымінальныя справы распачатыя на старшыняў райвыканкамаў ці іхных намесьнікаў у Клімавічах, Дзяржынску, Глыбокім, Ашмянах. Гэта выклікала сапраўдную паніку ў асяродзьдзі раённых "вэртыкальшчыкаў".

Найбольш распаўсюджанае злачынства, у якім абвінавачваюць раённых начальнікаў — злоўжываньне службовым становішчам і крадзежы дзяржаўнай маёмасьці. Так, кіраўнік Клімавіцкага раёну Канавалаў абвінавачваецца ў крадзежы гарэлкі зь мясцовага лікёра-гарэлачнага заводу. Паводле аднаго з тутэйшых апазыцыйных актывістаў, прыцягнуць яго да адказнасьці перашкаджае толькі тое, што Канавалаў у часе выбараў арганізаваў Лукашэнку амаль 80% галасоў выбарцаў.

У Дзяржынску былы кіраўнік мясцовай вэртыкалі Ткачоў падазраецца ў махінацыях зь нерухомасьцю. Ашмяны трапляюць у чорны сьпіс некалькі год запар. Спачатку быў арыштаваны вылучэнец былога старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандра Дубко Пракопчык; зараз ліст за подпісам трох дзясяткаў мясцовых кіраўнікоў калгасаў накіраваны на рэагаваньне ў прэзыдэнцкую адміністрацыю з просьбай зрабіць захады ў стасунку да цяперашняга вэртыкальшчыка Кудыркі. Апроч таго, на асаблівы ўлік пастаўленыя кіраўнікі Вілейскага, Аршанскага, Шумілінскага, Пінскага райвыканкамаў: усе яны быццам падалі непраўдзівыя зьвесткі пра даходы і маёмасьць.

Як рэагуюць на апошнія тэндэнцыі людзі, якія мусяць жыць побач з прызначаным Менскам начальствам? Вось што кажа адна з супрацоўніцаў незарэгістраванага моладзевага цэнтру "Рэгіён" з Ашмянаў:

(Супрацоўніца Цэнтру: ) "У нас не было ніколі магчымасьці выбіраць, каго мы хочам. Нам прадстаўлялі кандыдатуру, і мы вымушаныя былі згаджацца. Нічога іншага мы зрабіць не маглі".

(Карэспандэнт: ) "У часе прэзыдэнцкіх выбараў мясцовыя ўлады ўзьдзейнічалі на людзей, каб тыя галасавалі за Лукашэнку, а не за кагосьці іншага?"

(Супрацоўніца Цэнтру: ) "Уплывалі. Людзі баяліся галасаваць за кагосьці другога, каб ня страціць працу. Калі казаць аб'ектыўна, насамрэч ёсьць і схаваныя падаткі, і наагул робяць чыноўнікі ўсё дзеля сваёй выгады".

Лукашэнка кажа, што, паколькі ён асабіста дае згоду на кандыдатуру свайго прадстаўніка на месцы, то і пытаць павінен максымальна. Незалежныя назіральнікі маюць крыху іншы погляд. Анатоль Гуляеў, у мінулым супрацоўнік магілёўскага аблвыканкаму і былы ўласны карэспандэнт газэты "Сельская жизнь" у Беларусі, тлумачыць гэта найперш суцэльным эканамічным развалам у рэгіёнах. Не даючы дастатковага бюджэтнага фінансаваньня, ад кіраўнікоў патрабуюць, як і ў эпоху плянавай эканомікі.

(Гуляеў: ) "Памятаеце такі выраз: "У Лукашэнкі ёсьць галоўны вораг, якога ён ніколі ня здолее перамагчы — гэта эканоміка". Патрэбныя вінаватыя. На апазыцыю ўвесь час ківаць немагчыма. І гэта, мабыць, будзе вэртыкаль. Так, дарэчы, заўсёды было і за савецкім часам, калі мэханізатары, даяркі атрымлівалі ўрадавыя ўзнагароды, а адказнасьць за хібы падзялялі кіраўнікі. Выганялі з працы першых сакратароў, старшыняў выканкамаў. Усё, што робіць сёньняшні прэзыдэнт — гэта дрэнная копія савецкіх мэтадаў".

Учора Аляксандар Лукашэнка загадаў генэральнаму пракурору Віктару Шэйману яшчэ больш узмацніць кантроль за сваімі прызначэнцамі на месцах. Якія гэта можа мець наступствы, ніхто з кіраўнікоў раённых выканкамаў камэнтаваць не адважваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG