Гучаць са сцэны будуць як сярэднявечная сьвецкая музыка Беларусі, так і фальклёр. Апрача таго, у імпрэзе ўдзельнічаюць сябры некаторых рыцарскіх клюбаў Менску.
Пра тое, як паставілася кіраўніцтва тэатру імя Янкі Купалы да новай ідэі, распавядае прадусар новага тэатральна-музычнага праекта Эла Мацьвеева:
(Мацьвеева: ) “Гэта справа жывая, справа добрая, і таму кіраўніцтва тэатру, асабіста ягоны дырэктар Генадзь Браніслававіч Давыдзька паставіўся да гэтай справы з зацікаўленасьцю і вельмі шчыра. Падчас падрыхтоўкі першага канцэрту гэтага праекту мы проста адчувалі той добры настрой з боку ўсіх супрацоўнікаў тэатра...
Тая справа, якую мы робім, — гэта ня проста першая спроба сумясьціць сучасную музыку ў стылях фольк-рок, фольк-мадэрн з клясычнай тэатральнай сцэнай, з самым вядомым, адным з найстарэйшых беларускіх тэатраў, але і наш асабісты погляд на тое, як павінна выглядаць сучасная беларуская культура з гледзішча саміх беларусаў”.
Тэатар у хуткім часе будзе афіцыйна зацьверджаны як прыватная артыстычная ўстанова. Пляны заснавальнікаў новага мастацкага праекту, як высьветлілася, ня проста сьмелыя, але й часам сэнсацыйныя:
(Мацьвеева: ) “У рамках “Фольк-тэатру” мы плянуем паказаць вялікія сольныя праграмы групы “Крэсіва” з прэзэнтацыяй новага альбому, які зараз ствараецца, плянуем сольную праграму групы “Стары Ольса” з прэзэнтацыяй таксама новага альбома. У гэтай праграме возьме ўдзел гурт сярэднявечнага танцу “Маестат”. Плянуецца праграма сумесная з праектам “Сузор’е”. Інтрыга гэтага праекту — аднаўленьне легенды беларускага року “Песьні пра зубра” ў вэрсіі “Сузор’я” і “Песьні пра зубра” ў вэрсіі “Старога Ольсы”. Гэта погляд маладых музыкантаў на клясыку беларускай літаратуры”.
Апрача гэтага, у рамках “Фольк-тэатру” заплянаваны канцэрт маладога, але ўжо дастаткова вядомага дуэту “Аляксандра і Канстанцін”. У будучыні удзельнікамі канцэртаў могуць стаць такія калектывы як “Чысты голас” і “Песьняры”. Прынцып адбору артыстаў для ўдзелу ў гэтым праекце просты: спалучэньне прафэсіяналізму і музыкі, угрунтаванай на фальклёры.
Існуе таксама верагоднасьць, што ўдзельнікі групы “Стары Ольса” з уласным рэпэртуарам будуць уведзеныя ў спэктакль купалаўскага тэатру “Чорная дама Нясьвіжу” паводле п’есы Дударава, і праект “Фольк-тэатру” такім чынам набудзе новае адценьне.