Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРАЗА КУЧМЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі лічыць, што перш за ўсё выбаршчыкі Ўкраіны парагаласавалі супраць прэзыдэнта Леаніда Кучмы. Пракучмаўскі блёк "За адзіную Ўкраіну" ня стаў лідэрам выбарчай гонкі, а пераможцы (блёк Віктара Юшчанкі і КПУ) знаходзяцца да яго ў апазыцыі:

(Дабравольскі: ) “Важна, што Ўкраіна прагаласавала супраць Кучмы — і левыя, камуністы, фактычна выступалі супраць Кучмы, і блёк Юшчанкі... Ну вядома, яшчэ трэба сказаць, што па аднамандатных акругах, напэўна, большасць змогуць набраць і прыхільнікі Кучмы, таму што там лягчэй фальсыфікаваць, лягчэй уплываць на людзей. Але ўсё роўна званок для Кучмы празьвінеў”.

Спадар Дабравольскі мяркуе, што цяпер пазыцыя Л. Кучмы аслабне, хаця кардынальных зьменаў, кшталту імпічмэнту, ён не чакае. Істотным вынікам гэтай выбарчай кампаніі Аляксандар Дабравольскі таксама лічыць, што прайгралі і расейскія паліттэхнолягі, якія прыехалі на гэтыя выбары. Прапагандысцкая атака з боку Масквы пацярпела паразу:

(Дабравольскі: ) “Расейская палітыка цалкам правалілася ў спробах уплываць на вынікі выбараў. І наагул, мне здавалася, што яна абсалютна непрафэсійна працавала. Запрашаць Сіманенку да Пуціна і да патрыярха, у той час як зразумела, якую партыю ён прадстаўляе, і думаць што гэта што-небудзь дасьць, было дрэннай ідэяй. Больш таго, выстаўляць Юшчанку як антырасейскага палітыка — таксама глупства, таму што вось якраз у асобе Юшчанкі Расея магла б мець прадказальнага і надзейнага партнэра. Партнэра, а не слугу”.

Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што выбары Вярхоўнай Рады паказалі, што Ўкраіна ўжо адышла ад суперніцтва ў фармаце прарасейскіх і антырасейскіх сілаў, што адкрыта інсьпіравалася Масквой. А брудныя выбарчыя тэхналёгіі не прынеслі істотнага посьпеху.

А вось лідэр ПКБ Сяргей Калякін мяркуе, што спробы Расеі навязаць свае погляды на выбарчую кампанію ва Ўкраіне — справа натуральная: Расея, маўляў, проста давала свае ацэнкі выбарчым блёкам, гэта дапушчальна. Беларусь таксама магла б выказацца на гэты конт. Высновы ж, на думку спадара Калякіна, наступныя:

(Калякін: ) “Па-першае, стабільнай папулярнасьцю і падтрымкай карыстаеццца КПУ. Па-другое, сёньня сур'ёзна зьнізіліся шанцы і грамадзкая падтрымка тых, хто стаіць за Кучмам. Урадавы курс ня мае падтрымкі ў большасьці насельніцтва. Па-трэцяе, у новым парлямэнце Ўкраіны ніхто ня будзе мець абсалютнай большасьці. Будуць стварацца кааліцыі, і, наколькі я мяркую, яны будуць утварацца без удзелу праўрадавага боку”.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксей Кароль ацэньвае лідэрства блёку Віктара Юшчанкі як заканамернае:

(Кароль: ) “Для Ўкраіны гэта азначае больш празаходнюю арыентацыю. Бо Юшчанка вядомы як палітык, які арыентуецца на Захад. І ён будзе даволі складаным партнэрам для Расеі. Яго фраза аб тым, што "нам трэба пазбавіцца ад расейскай эканамічнай удаўкі", шмат аб чым гаворыць.

Разам з гэтым А. Кароль не выключае магчымасьці імпічмэнту Л. Кучмы пасьля выбараў. Якія высновы трэба зрабіць беларускай апазыцыі з украінскіх выбараў?

(Кароль: ) “Апазыцыі трэба актывізавацца і аб'яднацца — усёй дэмакратычнай апазыцыі. Па-другое, рыхтавацца да парлямэнцкіх выбараў ужо зараз, выкарыстоўваючы выбары ў мясцовыя саветы. І самае галоўнае, відаць, што пацьвярджаецца тое, што трэба рухацца на Захад, а не на Ўсход. Зразумела, падтрымліваючы нармальныя адносіны з Расеяй”.

Як паведаміў Аляксандар Дабравольскі, група маладых актывістаў АГП на запрашэньне партыі "Рэформы і парадак" і Віктара Юшчанкі непасрэдна ўдзельнічала ў арганізацыі выбарчай кампаніі ды пераймала ўкраінскі досьвед.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG