Андрэй Клімаў можа езьдзіць па ўсёй Беларусі, але яму забаронена выяжджаць за яе межы. Ірына Красоўская камэнтуе выказваньні намесьніка дзяржсакратара наконт пэрспэктываў стварэньня міжнароднай камісіі паводле справаў зьніклых. Валер Ігнатовіч і Максім Малік абскардзілі судовы прысуд, паводле якога іх прызналі вінаватымі ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага .
Падзеяй тыдня стала вызваленьне з-за кратаў дэпутата Андрэя Клімава, які адбыў у турме рэкордна даўгі для беларускіх палітвязьняў тэрмін — звыш чатырох гадоў, а дакладна 1512 дзён. За некалькі дзён волі Клімаў пасьпеў даць інтэрвью дзясяткам мэдыяў, і паўсюдна ён заяўляў, што не сыходзіць з палітыкі, а будзе працягваць актыўную барацьбу за дэмакратызацыю.
Пры гэтым дэпутат падкрэсьліваў, што змагацца будзе выключна ў межах закону, з дамапогай сваіх сяброў па Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Пасьля візыту ў райадзел міліцыі для пастаноўкі на ўлік Клімаў высьветліў, што ягоныя магчымасьці перасоўвацца па краіне нічым не абмежаваныя. Адзінае існае для яго абмежаваньне — цягам двух гадоў ён пазбаўлены права выяжджаць за межы Беларусі. "А я нікуды ехаць і не зьбіраюся, нават у адпачынак. Хопіць адпачываць, чатыры гады наадпачываўся" — кажа дэпутат і заяўляе, што неадкладна зоймецца працай. Ён плянуе прысьвяціць сябе сацыяльнай і прававой абароне простых людзей, якім асабліва ўдзячны за сваё датэрміновае вызваленьне.
(Клімаў: ) "Падтрымкай маіх выбаршчыкаў, яўнай і няяўнай, у тым ліку выбаршчыкаў ва ўладных структурах, я тлумачу маё вызваленьне, а зусім ня воляю Лукашэнкі. Для яго я асацыююся з заканчэньнем праўленьня. Магчыма, гэтак яно і будзе".
Дарэчы, у райадзеле міліцыі, дзе стаў на ўлік Клімаў, пра ягонае вызваленьне нават ня ведалі.
***
Ірына Красоўская пракамэнтавала для нашага радыё выказваньні намесьніка дзяржсакратара Міхаіла Ўдовікава што да справаў зьніклых. У чацьвер спадар Удовікаў даваў брыфінг для журналістаў, і яго папрасілі ацаніць магчымасьці стварэньня міжнароднай камісіі па наглядзе за расьсьледаваньнямі гэтых справаў. Вядома, што такія прапановы цяпер вывучаюцца ў эўрапейскіх структурах, не задаволеных тым, як марудна і безвынікова вядуцца расьсьледаваньні справаў зьніклых праваахоўчымі органамі Беларусі.
Эўрапейцы заклікаюць улады Беларусі прыкладаць больш намаганьняў у гэтым накірунку, зрабіць расьсьледаваньні больш празрыстымі для грамадзкасьці. Але спадар намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі такі падыход не вітаў. Міхаіл Удовікаў заявіў, што для стварэньня такой міжнароднай камісіі быццам няма " прававога поля". Ірыну Красоўскую гэткая заява абурыла:
(Красоўская: ) "Як захоплівалі ды расстрэльвалі людзей, дык яны лічылі, што ёсьць прававое поле, а тут яго ўжо няма. Я вельмі абураная гэткай пазыцыяй і, паколькі ён лічыць, што няма такога поля, то я яго буду шукаць, пакуль не знайду. Мяркую, нашая паездка ў Страсбург, калі яна адбудзецца, якраз стане часткай пошукаў гэтага прававога поля. Інакш у нашай краіне яго ніколі і ня будзе".
***
Святлана Завадзкая яшчэ ня ведае, калі будзе разгледжаная яе скарга на прысуд, вынесены ў справе Ігнатовіча і ягоных падзельнікаў. Нагадаю, былы алмазавец Ігнатовіч і амонавец Малік былі прызнаныя вінаватымі ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага, хаця яны не прызналі сябе вінаватымі і не назвалі, куды падзелі Завадзкага.
Сьвятлана Завадзкая, яе адвакат Сяргей Цурко і маці Зьмітра Вольга Рыгораўна з мэтай аднаўленьня расьсьледаваньня дамагаюцца скасаваньня прысуду. Яны лічаць, што гэта дазволіць зноў весьці сьледчыя дзеяньні зь Ігнатовічам і Малікам, інакш яны трапяць у турму, дзе зь імі можа здарыцца нават самае горшае. Між тым, яны могуць ведаць пра лёс Зьмітра Завадзкага.
На гэтым тыдні падалі касацыйныя скаргі і асуджаныя. Толькі Ігнатовіч і Малік патрабуюць не перагляду справы, а апраўданьня і яе закрыцьця. Сьвятлана Завадзкая не выключае, што судзьдзі не задаволяць ні адзіны з бакоў, але саступаць не зьбіраецца:
(Завадзкая: ) "Усё роўна нам трэба прайсьці гэты шлях да канца, па ўсіх інстанцыях, каб у рэшце рэшт падаць скаргу ў эўрапейскі суд. Толькі там я спадзяюся знайсьці аб'ектыўных судзьдзяў".