Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФЭСІЯ: ЖОНКА “ЗЭКА”


Ірына Халіп, Менск

(Халіп: ) "На гэтым тыдні, пасьля акцыі на Дзень Волі, судзілі многіх. Але судзілі і цэлую сям'ю — Вячаслава Сіўчыка і Ганну Сіўчык. Пакуль, на шчасьце, хіба што іх шасьцігадовага сына Вітаўта ня судзяць. Дарэчы, Ганна, Вітаўт ведае, што ягоны бацька зараз за кратамі, ці, як гэта звычайна бывае, бацька ў турме, а маці кажа, нібыта ён у камандзіроўцы?”

(Сіўчык: ) "Натуральна, наш сын у курсе ўсяго, што адбываецца зь ягоным бацькам. Ва ўзросьце 7 месяцаў ён ужо знаходзіўся ў пікеце каля турмы на Валадарскага, калі ягоны бацька Вячаслаў быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў сьледчым ізалятары па крымінальнай справе — за 24 красавіка, "Чарнобыльскі шлях".Вітаўт прысутнічае з намі на ўсіх акцыях апазыцыі, амаль што на ўсіх судах над ягоным бацькам Вячаславам, якія адбываюцца даволі часта. І, натуральна, у нас няма ніякіх прычын захоўваць ад яго тое, што ягоны бацька зноў апынуўся за кратамі”.

(Халіп: ) "А ён баіцца, калі вы зь Вячаславам зьбіраецеся на дэманстрацыю? Разумее, што вы можаце адтуль не вярнуцца?”

(Сіўчык: ) "Так, разумее, але паводзіць сябе нібыта як звычайна. Учора ў судзе, напрыклад, як заўсёды, трохі свавольнічаў. Але калі ішлі з суду, у яго былі сьлёзы”.

(Халіп: ) "Я штосьці ня вельмі разумею: у вас зь Вячаславам такі рэвалюцыйны шлюб ці ўсё ж такі было рамантычнае знаёмства зь вершамі, кветкамі і начнымі прагулкамі?”

(Сіўчык: ) "Было і рамантычнае, і палітычнае — менавіта агульная дзейнасьць нас і злучыла. Начныя, дакладней, вечаровыя прагулкі былі — у плане расклейкі ці раскідкі ўлётак. Кветкі мне таксама замяняліся ўлёткамі. Думаю, што нас аб'яднала якраз сумесная дзейнасьць на дабро Беларусі — спачатку як сяброў, потым больш блізка”.

(Халіп: ) "Вы ніколі не шкадавалі, што сталі жонкай беднага, вечна галоднага рэвалюцыянэра? Можа, лепш было б выйсьці замуж за новага рускага і нават ня ведаць, што адбываецца за сьценамі ўласнага дома?”
(Сіўчык: ) "Ніколі ніякага шкадаваньня з гэтай нагоды ў мяне не было. Я падзяляю думкі і дзеяньні свайго мужа на сто адсоткаў. Я ганаруся сваім мужам, ганаруся тым, што ён працуе дзеля сваёй Бацькаўшчыны. І гэта дае мне сілы трываць усе гэтыя выпрабаваньні”.

(Халіп: ) "Мне здаецца, больш моцным выпрабаваньнем для вашага мужа, чым ягоныя дзесяці- ці пятнаццацісутачныя арышты, стала ягонае вылучэньне на пасаду старшыні БНФ, пасьля якога ён застаўся без пасады, без работы і зь вельмі незразумелай будучыняй. Што вы думаеце на гэты конт — гэтае выпрабаваньне было больш цяжкім, чым сесьці на 15 сутак?”

(Сіўчык: ) "Я згодна з вамі наконт таго, што гэта значна цяжэй. Калі 15 сутак — гэта даволі проста: мы зьбіраем рэчы, ідзем у суд, і ён спакойна сядае. А тут, калі адбываліся ўсе гэтыя падзеі, гэты зьезд, ён быў ня проста засмучаны — ён быў у дэпрэсіі. Таму што тут гаворка ішла не пра барацьбу з ворагамі, дзе ўсё зразумела, а пра неразуменьне з боку сяброў, аднадумцаў. І гэта сапраўды для чалавека — самае цяжкае выпрабаваньне”.

(Халіп: ) "А Вячаслаў не спрабаваў уладкавацца на, так бы мовіць, "грамадзянскую" працу пасьля гэтага зьезду?”

(Сіўчык: ) "Так, спрабаваў, і ўрэшце рэшт уладкаваўся ў Акадэмію навук з 1 сакавіка — натуральна, не спыняючы палітычнай дзейнасьці, наколькі гэта ў ягоных магчымасьцях”.

(Халіп: ) "Пасьля зьезду хто-небудзь зь сяброў БНФ пацікавіўся, што зараз робіць Слава, ці ўладкаваўся ён на працу, пра што ён думае, як ён сябе адчувае?”

(Сіўчык: ) "Зь сябраў БНФ... Напэўна, не магу нікога ўзгадаць... Хіба што Павал Севярынец — але ён даўно сябруе зь Вячаславам. Тыя, хто былі асабістымі сябрамі Славы перад зьездам — так і засталіся. А з кіраўніцтва Фронту — не, нікога не магу назваць”.

(Халіп: ) "Значыць, ніхто! І тым ня менш, Вячаслаў застаецца актыўным сябрам Фронту, і вы, як заўсёды, падзяляеце ўсе яго погляды? І вам ня крыўдна, што для Фронту ваш муж — гэта той чалавек, якога можна "здаць" на 15 сутак, але ня той чалавек, станам якога можна пацікавіцца?”

(Сіўчык: ) "Увогуле, вядома ж, крыўдна, але Вячаслаў ніколі не працаваў дзеля якой-небудзь асобы ці супраць якой-небудзь асобы. Ён заўсёды змагаўся толькі дзеля сваёй Бацькаўшчыны. І тут чалавек духоўна вызваляецца ад нейкага ціску збоку. Калі чалавек мае перад сабой канкрэтную мэту і ведае, што трэба яму рабіць, ён працягвае рабіць гэта.

Я згодная з тым, што апазыцыя зараз перажывае ня лепшыя часы. Няма згоды, няма еднасьці. І думаю, што Фронт зараз згубіў свой твар, бо ня мае акрэсьленай ідэалягічнай пазыцыі. Яна зараз расплыўчатая. Але я аптыміст, і я спадзяюся, што ў нашай апазыцыі хопіць сілаў аб'яднацца і даць адпор гэтаму рэжыму.

Калі паглядзець сёньня на стан нашага народу, бачна, што людзі хацелі б зьмяніць рэжым Лукашэнкі. Толькі асобныя "адмарозкі" яго падтрымліваюць. А большасьць ён не задавальняе, большасьць супраць рэжыму. Людзі, можа, і не выступаюць, і маўчаць, і абмяркоўваюць толькі ў сябе ў хаце, ці на працы, ці пры любым зручным выпадку — у транспарце ці краме. Гэтымі людзьмі трэба кіраваць, іх ніхто не аб'яднаў.

Людзі самі па сабе, як народ, арганізуюцца вельмі цяжка — ва ўсялякім выпадку, беларусы, якія пражылі пад прыгнётам стагодзьдзі. Таму вялікая адказнасьць ляжыць сёньня і на кіраўніцтве БНФ, і на ўсім кіраўніцтве апазыцыі. І трэба як мага хутчэй вырашыць унутраныя праблемы, заплюшчыць вочы на ўсе гэтыя супярэчнасьці і накіраваць агульныя намаганьні на ліквідацыю гэтага рэжыму”.

(Халіп: ) "Вы можаце падлічыць, колькі ўжо разоў Вячаслаў аказваўся за кратамі?”

(Сіўчык: ) "Дакладна мне падлічыць цяжка, але прыкладна два разы на год — вясной і восеньню, калі актывізуюцца апазыцыйныя акцыі”.

(Халіп: ) "Вы ўжо набылі дадатковы досьвед — вы, напрыклад, ведаеце, як передаваць перадачу на Акрэсьціна, што там можна, чаго нельга... Што, на ваш погляд, галоўнае для жонкі чалавека, які час ад часу трапляе за краты?”

(Сіўчык: ) "Самае галоўнае — гэта ніколі не губляць раўнавагі і разважлівасьці. Трэба цьвяроза ацэньваць любую сытуацыю — натуральна, ня жыць з гэтымі схемамі ў галаве, але калі здараецца такая "непрыемнасьць", мякка кажучы, быць да яе падрыхтаванай. Адкінуць усе сантымэнты і эмоцыі і дзейнічаць так, каб палегчыць лёс свайго мужа”.

(Халіп: ) "Зараз вы разважаеце як дасьведачаная мудрая жанчына. Але давайце ўзгадаем сытуацыю, калў Слава першы раз трапіў за краты. Гэта быў, здаецца, 1996 год, палітвязьняў тады яшчэ не было — хіба што Славамір Адамовіч, які вызваліўся літаральна за некалькі месяцаў перад тым, як у сьледчым ізалятары апынуўся Вячаслаў. Што вы адчувалі тады, калі яшчэ не ведалі, што будзе потым?”

(Сіўчык: ) "Для мяне гэта быў шок. Па-першае, гэта была крымінальная справа. Па-другое, я тады нават не як жонка арыштаванага, а як прадстаўнік сьвядомай часткі насельніцтва адчула шок ад разуменьня таго, што ў нашай краіне любы чалавек можа быць проста так арыштаваны. Душа гэтаму супраціўлялася, я проста гэтага не разумела, мяне ахоплівалі самыя розныя пачуцьці, смыя розныя думкі — гэта сапраўды быў шок”.

(Халіп: ) "У вашых стасунках зь Вячаславам што-небудзь зьмянілася пасьля таго, як ён першы раз выйшаў з-за кратаў?”

(Сіўчык: ) "Магчыма, я стала яшчэ больш яго цаніць”.

(Халіп: ) "А вам не шкада таго, што праз вашую сумесную барацьбу, злучанасьць вашых поглядаў, агульную мэту, праз тое, што вы можаце разам раскідваць улёткі, пакутуе ваша жаночае шчасьце?”

(Сіўчык: ) "Я над гэтым пытаньнем рэдка задумвалася, бо я не будавала для сябе нейкіх схемаў, нават калі яшчэ была ня замужам. Я не будавала схемаў, не выбірала нейкі ідэал, у мяне не было ніякіх патрабаваньняў. І я зьмірылася — дакладней, не змірылася, а прыняла вось тое жыцьцё, якое было наканаванае”.

(Халіп: ) "З наканаваньнем можна змагацца ці яго можна толькі прыняць?”

(Сіўчык: ) "Можна змагацца, калі ёсьць такое жаданьне. У мяне такога жаданьня на сёньняшні дзень няма. Я прымаю свайго мужа, якім ён ёсьць, зь ягонай дзейнасьцю і ягонымі поглядамі. Я ганаруся ім, і гэта мне кампэнсуе нейкія жыцьцёвыя нягоды”.

(Халіп: ) "А як вы ўяўляеце сабе сваю будучыню — напрыклад, празь пяць гадоў?”

(Сіўчык: ) "Я спадзяюся, што празь пяць гадоў штосьці зьменіцца ў лепшы бок — як маральна, так і матэрыяльна — у нашай краіне. Натуральна, я ўяўляю сваю сям'ю як частку, адзінку нашага грамадзтва — свабоднага грамадзтва. Я спадзяюся, што мне ня прыйдзецца шукаць беларускія класы для сваіх дзяцей, бо калі у нас нарадзілася дзіця, я зь першага дня ўжо пачала думаць, у які садок ён будзе хадзіць, у якую школу, як ён будзе далей набываць вышэйшую адукацыю. Гэта такія адмысловыя думкі жанчыны-маці. Думаю, празь пяць гадоў гэтыя праблемы калі ня цалкам адпадуць, то значна паменшацца. І будзе відаць нейкае выйсьце з гэтай сытуацыі”.

(Халіп: ) "І вы гатовы да таго, што на працягу гэтага часу ваш муж будзе час ад часу трапляць за краты?”

(Сіўчык: ) "Я гатова. Больш за тое, я ўсьведамляю, што пакуль існуе гэты рэжым, мой муж будзе ўвесь час трапляць за краты. І калі ён трапляе на 15 сутак — гэта яшчэ ня самае горшае, што можа зь ім здарыцца за час існаваньня гэтага лукашэнкаўскага фашыстоўскага рэжыму”.

(Халіп: ) "У студыі была Ганна Сіўчык — жанчына, якая за апошнія гады, акрамя асноўнай прафэсіі інжынэра-праекціроўшчыка, авалодала яшчэ адной “прафэсіяй” — жанчыны, што рэгулярна чакае свайго мужа з турмы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG