Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА Ў КАЗАХСТАНЕ ДЫ ЎЗБЭКІСТАНЕ: ПРАВААБАРОНЦЫ ЗАНЕПАКОЕНЫЯ ПАГАРШЭНЬНЕМ СЫТУАЦЫІ


Юры Сьвірко, Прага

Амэрыканская камісія ў справах бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе, больш вядомая як Гельсынская камісія, заслухала ў Вашынгтоне чатырох узбэцкіх праваабаронцаў, якія распавялі пра шматлікія выпадкі катаваньняў, гвалту й перасьледу палітычных вязьняў.

Старшыня Гельсынскае камісіі, якая ёсьць органам амэрыканскага Кангрэсу, сябра Палаты прадстаўнікоў ЗША Крыстафэр Сьміт заявіў з гэтай нагоды, што адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша мусіць дзейнічаць больш жорстка, пратэстуючы супраць парушэньняў правоў чалавека такімі ўрадамі, як узбэцкі.

“Я думаю, што большасьць амэрыканцаў былі б шакаваныя, калі б даведаліся, што некаторыя з нашых саюзьнікаў у барацьбе супраць “Аль-Каіды” і ўсясьветнага тэрарызму адначасова ёсьць катамі й вычварэнцамі, якія ня толькі дазваляюць, але й выкарыстоўваюць як сродак для атрыманьня прызнаньняў жалівыя зьбіваньні – разам з гвалтам і пагрозамі гвалту супраць сваякоў”, – сказаў кангрэсмэн Сьміт.

Усе чатыры сьведкі з Узбэкістану заявілі ў часе слуханьняў, што сытуацыя з правамі чалавека й палітычнымі правамі пагаршаецца ва ўсёй Цэнтральнай Азіі, дзе ўлады выкарыстоўваюць вайну супраць тэрарызму як апраўданьне для ўціску апазыцыі.

Аднак, на іхную думку, Вашынгтон стварыў ваенныя базы ў некаторых краінах Цэнтральнае Азіі ды пасьля гэтага зьменшыў свой ціск на ўрады гэтых краінаў. Паводле былога палітвязьня Атанзара Арыфава, генэральнага сакратара ўзбэцкае апазыцыйнае партыі “Эрк”, напярэдадні тэракатаў 11 верасьня здавалася, што ўлады Ўзбэкістану выпусьцяць на волю пяць палітычных вязьняў, але цяпер гэта малаверагодна, бо амэрыканскі ціск на Ташкент значна зьменшыўся.

Тым часам у суседнім Казахстане быў арыштаваны адзін зь лідэраў апазыцыі Мухтар Аблязаў, былы міністар энэргетыкі краіны. Яго могуць пачаць судзіць ужо ў наступным месяцы, абвінавачваючы ў фінансавых махінацыях і злоўжываньні службовым становішчам.

Усё гэта вельмі нагадвае справы былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра ў Беларусі ды экс-віцэ-прэм’ера Юліі Тымашэнкі ва Ўкраіне, зазначыў супрацоўнік казаскае службы Радыё Свабода Эдыге Магаўін, зь якім я размаўляў сёньня з нагоды арышту Мухтара Аблязава.

(Магаўін: ) “Усё пачалося ў сераду ўвечары, калі Мухтар Аблязаў, колішні міністар энэргетыкі, прамысловасьці й гандлю, быў нечакана арыштаваны. Спадар Аблязаў ёсьць адным са стваральнікаў руху “Дэмакратычны выбар Казахстану”. У чацьвер сябры гэтага руху наладзілі прэсавую канфэрэнцыю, на якой зрабілі заяву пратэсту. Тамсама было абвешчана, што ў гэтую суботу ў Алматы адбудзецца мітынг пратэсту, які зьбіралася трансьляваць тэлекампанія ТАН. Аднак невядомыя наведалі ўначы тэлевежу, дзе стаіць перадатчык гэтай кампаніі, і проста расстралялі тэлевізійны кабэль, празь які йдзе сыгнал”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG