Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛОВУ ДНЯ КВАТЭРА ЭКС-ДЫРЭКТАРА МТЗ МІХАІЛА ЛЯВОНАВА БЫЛА Ў АБЛОЗЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Тэрмінова прыехаць да Лявонавых мяне папрасіла жонка былога дырэктара МТЗ Алена. Усхваляваным голасам яна патлумачыла праз тэлефон, што да яе спрабуюць уварвацца невядомыя, якіх прывёў сьледчы пракуратуры спадар Доўгаль. Ён уваходзіць у сьледчую групу па справе яе мужа. Сьледчы нібыта паказаў пастанову пра агляд кватэры, але гэтая пастанова чамусьці датаваная 6 лютага, а сёньня ж 29 сакавіка.

Паводле Алены Лявонавай, ператрус у яе кватэры праводзіўся ўжо тройчы, уся маёмасьць апісаная яшчэ ў студзені. Гаспадыня адмовілася прапусьціць сьледчых ў кватэру, запатрабаваўшы сапраўднай пастановы. Але аблога кватэры Лявонавых працягвалася яшчэ тры гадзіны.

(Лявонава: ) "Ён так сказаў, што ў іх ёсьць зброя і яны выкарыстаюць сілу, але я адказала — хай страляюць мяне ў дзьвярах, але я дзьверы не адчыню. Яны нешта спрабавалі засунуць у замок, але не атрымалася. А хто гэта быў — мы нават ня бачылі, бо яны вочка ў дзьвярах заклеілі скотчам ці паперай".

На той момант на лесьвічнай пляцоўцы побач з кватэрай Лявонавых ужо было да дзесяці чалавек. Назвацца яны адмовіліся, але адвакат Лявонавых Андрэй Невядомскі пазнаў у гэтых людзях экспэртаў-будаўнікоў ды таваразнаўцаў, якія спэцыялізуюцца на ацэнцы мэблі. Адвакат лічыць, што іх сабралі для экспэртызы. Паводле адваката, такую экспертызу дазволена праводзіць толькі пасьля адмысловай пастановы пракуратуры, але такой пастановы няма, ёсьць толькі пастанова пра агляд, ды і тая складзеная з парушэньнем.

Адвакат не выключае, што у пракуратуры не знайшлі за што прычапіцца да Лявонава як дырэктара і цяпер паспрабуюць у ягонай кватэры адшукаць доказы таго, што ён нешта скраў. Прыкладам, быццам ён на дзяржаўныя грошы адрамантаваў кватэру. А вось Алена Лявонава не выключае, што падчас агляду кватэры могуць нешта падкінуць:

(Лявонава: ) "Я цалкам не давяраю пракуратуры, бо справа вядзецца так, каб толькі абвінаваціць хоць у нечым майго мужа. Яны могуць падкінуць што заўгодна, той жа патрон і потым заявіць, што Лявонаў захоўваў зброю. Мяне сёньня раніцай выклікалі ў пракуратуру і там паставіліся да мяне, як да злачынцы".

Паводле Алена Лявонавай, кіраўнік сьледчай групы Іван Бранчаль адмовіў ёй у спатканьні з мужам, на якое яна мела права ў сакавіку. У выніку яна ня ведае, што цяпер з мужам, як ён адчувае сябе, ці не абвастрылася хранічная хвароба — радыкуліт.

Апоўдні, калі аблога кватэры Лявонавых яшчэ не была зьнятая, жонцы былога дырэктара МТЗ стала дрэнна. Дачка Аня выклікала да маці хуткую дапамогу. Дактары далі ёй лекаў і паставілі дыягназ — нэўрастэнічны сындром. Хворай быў прызначаны спакой, катэгарычна рэкамендавана не нэрвавацца. Але нават гэты дыягназ не спыніў сьледчага Доўгаля , які зноў паспрабаваў прарвацца ў кватэру Лявонавых.

Ён з памочнікамі зьехалі толькі а першай гадзіне дня, але адвакат Андрэй Невядомскі не выключае, што спроба зрабіць незаконны агляд кватэры Лявонавых будзе паўтораная. Адвакат зьбіраецца абскардзіць сёньняшнія дзеяньні сьледчага ў пракуратуры.

Нагадаю, экс-дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў быў арыштаваны на пачатку году паводле абвінавачаньня ў службовых злоўжываньнях, якія нібыта нанесьлі вялікія страты дзяржаве. Згодна з пастановай пракурора, яго могуць утрымліваць пад вартай яшчэ тры месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG