Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛАЦКУ АДБЫЛОСЯ ЎРУЧЭНЬНЕ ПРЭМІІ ТАВАРЫСТВА ВОЛЬНЫХ ЛІТАРАТАРАЎ «ГЛІНЯНЫ ВЯЛЕС» ЗА ЛЕПШУЮ КНІГУ ПРЫГОЖАГА ПІСЬМЕНСТВА 2001 ГОДУ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Вызначэньню ляўрэата папярэднічала шырокая дыскусія, якая была разгорнутая ў інтэрнэце, на сайце “Беларускай палічкі”, дзе кожны меў магчымасьць вызначыць аўтара лепшай кнігі году. Пры гэты было названа пяць кандыдатаў на атрыманьне прэміі, і экспэртная камісія, якую ачольвала вядомы літаратурны крытык Ганна Кісьліцына, урэшце рэшт назвала імя ляўрэата: паэта Віктара Сьлінко.

Заўважым таксама, што калі пры вызначэньні дзяржаўных ды іншых афіцыйных прэміяў за галоўны крытэр уважаюць ляяльнасьць аўтара да ўлады, дык у дадзеным выпадку асялком вартасьці ўважаліся выключна мастацкія вартасьці кнігі. “Штольні вясны” — другі па ліку паэтычны зборнік Віктара, у якім напоўніцу выявіўся талент маладога аўтара, пра што, дарэчы, казала пад час Вялесаваньня згаданая ўжо Ганна Кісьліцына.

Сама ўрачыстасьць адбывалася ў Музэі кнігадрукаваньня, і музэйная заля зь цяжкасьцю зьмясьціла ўсіх ахвочых узяць удзел у імпрэзе. Слова пра гісторыю заснаваньня прэміі і пра творчасьць ляўрэата сказаў Галоўны каардынатар Таварыства вольных літаратараў Алесь Аркуш, а затым, па старой завядзёнцы, у залі зьявіўся збройны рыцар часоў Гедыміна, які, пад гучныя воплескі прысутных, уручыў ляўрэату “Глінянага Вялеса”.

Вось што сказаў Радыё Свабода адразу па атрыманьні прэміі Віктар Сьлінко:

(Сьлінко: ) “Угаранаваньне мяне прэміяй “Гліняны Вялес” я разглядаю як своеасаблівы аванс. Для мяне гэта нечаканасьць, бо прэтэндэнтамі былі таленавітыя аўтары. І ў той жа час я вельмі рады гэтай прэміі, бо на маім шляху, паэтычным і чалавечым, на шляху, па якім я іду, былі і цяжкасьці, і адкрыцьці; паэзія вядзе мяне па жыцьці, і я шчасьлівы, што вершы мае чытаюць, а цяпер вось — і прэмія.

Думаю, яна надасьць мне ўпэўненасьці ў сваіх сілах. Напрыканцы хачу выказаць падзяку арганізатарам сёньняшняй імпрэзы і асабіста каардынатару Таварыства вольных літаратараў Алесю Аркушу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG