Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫМ ВЫКЛІКАНАЕ ПАРУШЭНЬНЕ ТЭРМІНАЎ АКЦЫЯВАНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ НАФТАХІМІІ?


Міхал Стэльмак, Менск

"Чарнавую" працу па акцыяваньні нафтахіміі беларускія ўлады ўсклалі на канцэрн "Белнафтахім" і Міністэрства эканомікі. Меркавалася, што да 18 сакавіка гэты працэс будзе завершаны. Аднак, як паведаміла намесьніца дырэктара дэпартамэнту па кіраваньні дзяржмаёмасьцю Міністэрства эканомікі Натальля Жарнасек, спэцыялісты гэтых ведамстваў сутыкнуліся з нечаканай перашкодай:

(Жарнасек: ) "Узьніклі ў нас складанасьці. На прапанову дзяржкантролю літаральна ў канцы лютага — пачатку сакавіка мы вымушаныя былі зьмяніць свае падыходы да ацэнкі маёмасьці ды даацаніць частку маёмасьці. На двух прадпрыемствах узьніклі складанасьці са структурай акцыянэрных таварыстваў. Гэта, ў прыватнасьці, магілёўскае вытворчае аб'яднаньне "Хімвалакно”.

Мэханізм цяперашняй ацэнкі прадпрыемстваў нафтахіміі выклікае вялікі сумнеў у міжнародных экспэртаў. Ва ўсялякім разе, да іх, як зараз высьвятляецца, беларускія ўлады ня зьвярталіся. Вось што зазначыў на гэты конт Аляксандар Блінкоўскі, прадстаўнік вядомай замежнай кансалтынгавай кампаніі "Дэлойт энд Туш":

(Блінкоўскі: ) "Ва ўсялякім разе, да нас з такімі прапановамі ніхто не зьвяртаўся. І невядома, ці будзе зварот.Але можна прагназаваць, колькі на гэтым згубіць дзяржава. Трэба зьвяртацца да буйных заходніх кампаніяў і прапаноўваць ім прадпрыемствы. Таму што самі яны сюды ня пойдуць. У іх ёсць выбар — пяць, дзесяць, дваццаць месцаў, куды яны могуць укласьці капітал".

Беларускія ўлады разьлічваюць беларускую нафтахімію прапанаваць найперш расейскім інвэстарам. Адзін з такіх патэнцыйных інвэстараў — кампанія "Слаўнафта". Як паведаміў сёньня на "круглым стале" дырэктар па інвэстыцыях "Слаўнафты" Андрэй Дзерах, гэтая кампанія разам з расейскім "Сургутнафтагазам" зьбіраецца набыць ва ўласнасьць наваполацкія прадпрыемствы "Нафтан" і "Палімір" і гарадзенскі "Азот":

(Дзерах: ) "На першапачатковым этапе мы пагадзіліся з базавымі ўмовамі і не прэтэндавалі на атрыманьне кантрольнага пакету. Мы прапанавалі інвэстыцыі, якія склалі б да 31— 40% статутных капіталаў. А затым, на наступных этапах меркавалі набыць і кантрольныя пакеты акцыяў. Але зараз беларускі бок разгледзеў нашыя прапановы і прыняў рашэньне акцыявацца без інвэстараў".

Ці апраўданыя спадзяваньні выключна на расейскіх інвэстараў? У прыватнасьці, ці зьбіраюцца яны ўтрымліваць сацыяльную сфэру беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў? Акцыянэрнае таварыства "Менскі падшыпнікавы завод", як паведаміў сёньня намесьнік яго генэральнага дырэктара Аляксандар Прохарчык, мае на гэты конт вось які досьвед:

(Прохарчык: ) "Праз нашыя рукі прайшло каля сямі меркаваных інвэстараў. Магу сказаць шчыра: гэта драпежныя капіталісты. Таму яны ня будуць утрымліваць сацыяльную сфэру і будуць скарачаць людзей. Яны, напрыклад, на маскоўскім падшыпнікавым заводзе за адзін год звольнілі тры з паловаю тысячы чалавек".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG