Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ БІЗНЭС УКАРАНЯЕЦЦА Ў БЕЛАРУСКІХ РАЙЦЭНТРАХ


Ігар Карней, Менск

Шэраг беларускіх прадпрымальнікаў, якія дагэтуль супрацоўнічалі зь невялікімі рэгіянальнымі прадпрыемствамі, зараз скардзяцца, што іх нахабна выціскаюць са звыклага рынка расейскія бізнэсоўцы. Распавядаюць, што ў адным выпадку расейцы навязваюць прадпрыемствам умовы збыту, валодаючы манапольным правам на сыравіну, у іншым — заахвочваюць непасрэдна кіраўніцтва, але тое, што іх інтарэс да беларускіх прамысловых прадпрыемстваў вялізны — гэта факт. Вось што гаворыць бізнэсовец, які цягам доўгага часу супрацоўнічаў са Слуцкім заводам чыгунных вырабаў:

(Прадпрымальнік: ) "Тавар амаль цалкам ідзе ў Расею, хоць ён патрэбны ў Беларусі. Нашыя гандлёвыя фірмы, прамтаварныя крамы ў адзін голас скажуць: колькі ў Слуцку не замаўляеш, даюць тавару мала, толькі абяцаюць. Усё вывозіцца ў Расею. А наш народ бедны, ён тэфлон купляць за вялізныя грошы ня можа.

Той жа Слуцкі завод адзін на ўсёй тэрыторыі СНД, які выпускае гаспадарчыя патэльні. Расейцы яго захапілі і атрымалі манаполію. Галоўны аргумэнт такі: маўляў, мы даем сыравіну! Але я дакладна ведаю, што завод можа выходзіць на сыравінны рынак наўпрост. Расейцы завязалі, замкнулі яго на сабе. Беларусы пазбаўленыя альтэрнатывы, а ўсё цягам некалькіх гадоў выграбае нейкая маскоўская фірма. Можа, у Міністэрстве гандлю ў іх усё схоплена. А можа, яшчэ вышэй".

Пры канцы мінулага году Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся зь некаторымі беларускімі прадпрымальнікамі, абяцаў, што 2002 год пройдзе пад знакам эканамічнай лібэралізацыі, а самі бізнэсоўцы атрымаюць прыярытэтнае права ў часе прыватызацыі ды акцыяваньня невялікіх і пакуль што стратных прадпрыемстваў. Але нішто ня сьведчыць, што гэтыя абяцаньні будуць выкананыя хоць бы напалову. Працягвае мой ранейшы суразмоўца:

(Прадпрымальнік: ) "Было тое ж самае зь "Белшынай" (толькі маштабы прадпрыемства, натуральна, ня тыя), калі расейцы коштам манаполіі на пастаўку сыравіны завалодалі ўсім збытам. Лягічна ўзьнікае адказ на пытаньне прыватызацыі: навошта прыватызоўваць прадпрыемства, калі яно і так працуе на цябе?

Гэта не адзінкавы факт. У Сьмілавічах, дзе робяць валёнкі, стала жыве грамадзянін Расеі, які 100% прадукцыі скіроўвае на расейскі рынак. Мы ўсё гаворым пра заводы буйныя, а па сутнасьці мноства сярэдніх ды дробных прадпрыемстваў, якія маюць канкурэнтаздольную прадукцыю, ужо захопленыя расейцамі. На многіх прадпрыемствах яны на 99% кантралююць рэалізацыю прадукцыі".

Зрэшты, у падобным стане ня толькі дробныя прадпрыемствы, якія выпускаюць канкурэнтаздольную прадукцыю. Нядаўна ў падобнай сытуацыі апынуўся менскі маргарынавы завод, які ў сваім вытворчым цыкле перайшоў на выкарыстаньне расейскіх кампанэнтаў, але, ня маючы магчымасьці своечасова разьлічвацца, вымушаны адпраўляць у Маскву амаль усё, што вырабляе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG