У Гомелі адкрылася карцінная галерэя народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі. Значнасьць гэтае падзеі становіцца зразумелай, калі адцеміць, што ў краіне былі толькі чатыры пэрсанальныя музэі – прысьвечаныя творчасьці скульптараў Азгура й Бембеля ў Менску ды жывапісцаў Бялыніцкага-Бірулі й Масьленікава, што ў Магілёве.
А вось жа прыжыцьцёвай ўласнай галерэі дагэтуль ніхто з мастакоў ня меў, калі не лічыць завершанага ўжо экспэрымэнту Алеся Пушкіна ў Віцебску. Праўда, існуюць таксама дзевяць карцінных галерэяў у розных гарадах краіны. Але іхная папулярнасьць вагаецца ў залежнасьці ад адносінаў то ўладаў, то саміх мастакоў, якім усё цяжэй працаваць на грамадзкіх пачатках.
А вось мастацкая галерэя ў Гомелі, што адчынілася толькі месяц таму, ужо поўная наведнікаў. Тут сьцьвярджаюць, што ў дзень бывае пад тры сотні наведнікаў. І праўда, гледачоў хапае.
(Наведніца выставы: ) “Мне вельмі спадабалася гэтая выстава, я вырашыла прыйсьці яшчэ раз. Пра прыгажосьць Беларусі што яшчэ можна сказаць… У Вашчанкі мне вельмі падабаюцца ягоныя акварэлі, такія лёгкія...”
(Іншая: ) “Восень” – гэта я. Дзякуй”.
(Дзяўчынка: ) “Карціна “Коцікі” вельмі вясёлая”.
Прафэсар, народны мастак Вашчанка скарыстаўшы са свайго аўтарытэту, прадарыў гораду 35 сваіх палотнаў і акварэляў, самае рознае тэматыкі. Улады Гомеля ўхапіліся за ідэю і дапамаглі арганізаваць галерэю.
Яна разьмясцілася ў двухпавярховым будынку былога дзіцячага садка. На першым паверсе будуць прадстаўляцца выставы гомельскіх мастакоў, а на другім будзе сталая стацыянарная экспазыцыя твораў Вашчанкі ды ягоных сяброў. Хоць і тут меркаваньні бываюць розныя. Надта ж многія творцы былі пакрыўджаныя ўладамі ды й няўважнасьцю публікі. Гаворыць адзін з гледачоў:
(Наведнік выставы: ) “Тое, што там будзе не адзін Вашчанка, мяне гэта радуе. Тое, што там будзе магчымасьць яшчэ каму-небудзь выставіцца. Была мажлівасьць, пуставаў садок... Чаму ж не адкрыць галерэю? Тым больш, што тут прысутнічае ня толькі Вашчанка. Ёсьць магчымасьць параўнаць, дарэчы. Што да Вашчанкі... Камусьці падабаецца, камусьці – не. Нармальна”.
Незалежна ад прыватных думак публікі й калегаў Вашчанкі, факт застаецца фактам: новая галерэя ўскалыхнула культурнае жыцьцё Гомеля. Многія гарады цяпер могуць адно зайздросьціць. Напрыклад, Маладэчна, дзе жывуць дзясяткі сяброў Саюзу мастакоў, альбо слаўны мастакоўскімі ды музэйнымі традыцыямі Нясьвіж ці старажытны Наваградак.
Любоў Крапівіна, супрацоўніца аддзелу культуры Гомельскага гарвыканкаму, шчыра й непасрэдна кажа пра свае пачуцьці:
(Крапівіна: ) “Гэта нашая падведамасная ўстанова культуры. Так, мы прыклалі свае рукі, перад тым як гэтыя карціны тут зьявіліся. Столькі было зроблена працы! Я імкнуся прывесьці сюды ўсіх сваіх сяброў, я вельмі радая, што ў горадзе ёсьць такая галерэя.
Да таго, як мастак падарыў свае творы, была выстава Вашчанкі ў 1998 годзе. Вось тады й адбылася размова пра тое, што ён хацеў бы падарыць Гомелю частку сваіх работаў. Мы доўга шукалі памяшканьне. Гэты дзіцячы садок быў на балянсе гораду, але быў такі страшны, зруйнаваны... І тады пачалася адбудова.
Менскія госьці, што былі тут, былі шакаваныя. Яны казалі, што гэта выдатны музэй. Адзін з найлепшых будынкаў. Апроч нашых гомельскіх мастакоў дапамагалі ўсе. Я раней была пару разоў на выставах Гаўрылы Харытонавіча. Ён цікавы мастак і неардынарная асоба. Я рада, што ёсьць гэтая галерэя”.
Спадарыня Крапівіна напрыканцы гутаркі зазначыла, што дзякуючы ўвесь час адно ўладам, забываюць тых, хто непасрэдна займаўся стварэньнем гэтага асяродку й жыве зь ім. У прыватнасьці, гэта Людміла Альхавікова й Сьвятлана Курашова, цяперашняя дырэктарка галерэі.
Гаўрыла Вашчанка сам родам з Гомельшчыны, зь вёскі Чыкалавічы, што на Брагіншчне. Цяпер гэта зона жорсткага радыяцыйнага забруджваньня. У мастака багата твораў, прысьвечаных і родным мясьцінам, трагічных па сьветаўспрыманьні “Стронцы”, “Яблыкі”,“Час такі”, “Самотнасьць” ды іншых... Гаворыць спадар Вашчанка:
(Вашчанка: ) “Галоўная мара мастака – гэта рабіць творы. Я на такім пераходным этапе. Усе сілы былі сканцэнтраваныя, каб зрабіць гэтую галерэю. І цяпер рыхтуюся прыйсьці ў норму для працы ў майстэрні. Я па натуры аптыміст, хаця чамусьці большасьць твораў у мяне драматычных. Але я не магу... Я лічу, што мастацтва – гэта баромэтар усяго, што адбываецца ў грамадзтве і ў прыродзе. На жаль, усё меней падзеяў, якія мяне б радавалі, чым тых, што мяне хвалююць і турбуюць”.
Гаўрыла Вашчанка ад 1961 году выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, быў заслужаным дзеячам мастацтваў, дацэнтам, пасьля прафэсарам, ляўрэатам розных прэміяў. Ягоныя творы зьберагаюцца ў музэях Беларусі, Баўгарыіі, Малдовы, Францыі, Казахстану й Кіргізіі, Расеі й Украіны.
Але нават дзеля таго, каб за савецкім часам стаць народным мастаком, ён ня стаў камуністам. Спадар Вашчанка ніколі ня быў “членам партыі”. Адно толькі ў моц свайго таленту працярэбліваючы сабе жыцьцёвы шлях…
(Вашчанка: ) “Мабыць у мяне так атрымалася. Я наогул у партыі “не состоял”. Па-першае, таму што мне быў незразумелы іхны пастулят “цэнтралізаванага дэмакратызму”. А потым, я лічыў, што калі грамадзянін – асоба, то яму ня трэба ўступаць ані ў якія партыі. Асабліва пасьля таго, як да мяне зьвярнуліся й сказалі, што для камуністаў адкрытыя ўсе дарогі. Я тады яшчэ быў студэнтам і сказаў: “Дарогу я сам сабе буду адкрываць”…
Разам з тым Гаўрыла Вашчанка, якога добрым словам згадвае не адно пакаленьне колішніх студэнтаў, не ставаў у апазыцыю да ўладаў. І гэта дазваляла яму зьдзяйсьняць маштабныя праекты. Напрыклад, вітражы ў менскім Доме кіно, цяперашнім касьцёле Сьвятых Сымона й Алены, альбо ў кінатэатры “Масква”, росьпісы ў сталічным Доме настаўніка альбо ў Палацы культуры Сьветлагорску.
Нішто з гэтага даробку не нясе на сабе адбітку савецкае дыдактыкі. Гэта беларускае мастацтва. Вось што адказаў Гаўрыла Вашчанка на пытаньне пра ўвагу уладаў, цяперашніх і колішніх, да мастацтва:
(Вашчанка: ) “У савецкі час было значна больш увагі да культуры. Ня толькі да дзеячоў выяўленчага мастацтва... Не, я думаю, што гэта не віна Саюзу мастакоў. Я лічу, што ліквідацыя Саюзу мастакоў – гэта было бы яшчэ горш, гэта кінуць мастакоў сам-насам. І з нашымі непаладкамі мала хто выплыве.
Цяпер гарадзкія ўлады хочуць прыраўняць творчыя майстэрні да прадпрымальніцкіх майстэрняў. Калі гэты пункт будзе прыняты, то вельмі багата мастакоў будзе ня ў стане проста здымаць майстэрню. Таму што гэта шалёныя грошы. А дзяржава не падтрымлівае. Народ таксама небагаты, каб купляць творы. І толькі Саюз мастакоў б'ецца, каб давесьці, што нельга параўноўваць мастацкія майстэрні з прадпрымальніцкай дзейнасьцю, дзе ёсьць голы даход”.
У асобе народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі мы маем той прыклад, калі творца праз жыцьцё мог заставацца самім сабою. І заўсёды пры тым, не зважаючы ні на што, разумець сваіх калегаў і дбаць пра іх. Урэшце, што было б, каб Вашчанка не настаяў на адкрыцьці галерэі ў Гомелі? Сваю задачу ён тлумачыць гэтак:
(Вашчанка: ) “Гомель – гэта мая радзіма. Мая вёска ў эпіцэнтры чарнобыльскае зоны. Таму я там у раёне не магу зрабіць. Мяне хвалявала, што Гомель – вялікі горад, але ня меў такой кропкі для выяўленчага мастацтва. Усе абласныя цэнтры маюць. І я падараваў усе творы са сваёй выставы гораду Гомелю. А мэр гораду паабяцаў зрабіць галерэю.
Каб я думаў толькі пра СВАЮ галерэю, то я толькі сваімі бы творамі яе запоўніў. Але я думаў зрабіць яе як культурны цэнтар выяўленчага мастацтва ў Гомелі. Як мастакі сказалі, цяпер, каб пабачыць стан сучаснага мастацтва – трэба ехаць у Гомель.
На жаль, вось ужо 18 гадоў у Менску такой магчымасьці няма. Усё ідзе прыбудова да Мастацкага музэю. І, на жаль, экспазыцыі сучаснага мастацтва мы ня маем. А там могуць выстаўляцца і гамельчукі, і менчукі, і з замежжа. І я вельмі рады. Для Гомеля гэта проста цудоўны набытак”.
На прыкладзе з адкрыцьцём Вашчанкаўскае галерэі ў Гомелі, бачна, што дзеля таго каб справа зрушылася, патрэбныя толькі дзьве рэчы – ініцыятыва творцаў плюс разуменьне ды спрыяньне мясцовых уладаў. Хіба дзеля гэтага трэба цяпер што ўзгадняць у чынавенскіх калідорах сталіцы? У кожным горадзе й мястэчку цяперака можна знайсьці закінуты будынак садка, клюбу ці кінатэатру. А астатняе – справа фантазіі.
Вось гэтак прыплюшчу вочы... й бачу... сотні музэяў, галерэяў па ўсёй краіне. Тысячы ўдзячных гледачоў ды... сотні захаваных твораў, што гэтак патрэбныя нам.