У 1920-я гады Прага была адным з цэнтраў палітычнага й культурніцкага жыцьця беларускай эміграцыі. Выглядае, што гэтыя традыцыі аднавіліся і зараз, калі ў Чэхіі атрымліваюць палітычны прытулак дзясяткі беларусаў з новага пакаленьня палітычнай эміграцыі.
Каля сотні беларусаў сабраліся сёньня ў адной з найпрыгажэйшых праскіх аўдыторыяў – Люстраной залі Нацыяльнай бібліятэкі на ўрачыстае паседжаньне, якое вяла старшыня суполкі беларусаў у Чэхіі “Скарына” Ганна Сурмач. Зь невялікім паведамленьнем выступіў намесьнік Старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык:
(Навумчык: ) “У сёньняшняй Беларусі ёсьць абсалютна ўнікальная асаблівасьць. Гэта адзіная краіна, урад якой не адзначае Дзень Незалежнасьці. Сьвята 25 сакавіка – што 13 гадоў таму, што цяпер – застаецца падзеяй для апазыцыі, але не для афіцыйных уладаў”.
Госьць зь Менску, генэральны дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай нечакана для многіх прысутных выявіў сябе ў якасьці паэта, зачытаўшы некалькі вершаў са сваёй кнігі, якая літаральна гэтымі днямі выйшла ў Менску. Свае вершы чытаў і іншы госьць зь Беларусі – Славамір Адамовіч.
(Адамовіч: ) “Дзе блакітны ядловец
Свае збудаваў піраміды,
Дзе стаяць векавечныя дрэвы ў зялёных імхах,
Дзе люблю я жанчыну ў вобразе юнай Сыльфіды,
Там сьвятая зямля,
Там стагодьдзямі ўвесь я прапах”.
Сьвяткаваньне прадоўжылася музычнай часткай – свае песьні выканалі Кася Камоцкая і Лявон Барткевіч.
Удзельнікі сьвяткаваньня ўсклалі кветкі да мэмарыяльнай шыльды Францыска Скарыны, а таксама наведалі Альшанскія могілкі, дзе ўшанавалі магілы Прэзыдэнтаў Рады БНР Пётры Крэчэўскага і Васіля Захаркі, а таксама сьпевака Міхаіла Забэйды-Суміцкага.