Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШВАЙЦАРСКАЯ ПРЭСА ПРА БЕЛАРУСЬ


Алена Панкратава, Менск

Швайцарскі кантон Шафгаўзэн вядомы сваім унікальным вадападам, надзвычай чыстым Райнам, азёрамі, добрым горным паветрам. Як і іншыя кантоны краіны, Шафгаўзэн жыве дзякуючы турызму. Традыцыйна турысты — гэта госьці з заходнеэўрапейскіх, а таксама азіяцкіх краінаў. Жыхару Ўсходняй Эўропы атрымаць швайцарскую турыстычную візу дастаткова цяжка: трэба даказаць сваю платаздольнасьць на ўвесь тэрмін адпачынку ў краіне.

Як піша "Schaffhauser Nachrichten", швайцарскія кошты апошнім часам не спрыяюць павелічэньню колькасьці замежных турыстаў. Напрыклад, леташні даход ад турызму ў кантоне вырас у параўнаньні з папярэднім годам усяго на 2,8%. Значна паменшылася колькасьць японскіх, а таксама карэйскіх турыстаў. Менш стала гасьцей з Францыі і Гішпаніі. Затое прысутнасьць на курортах беларускіх турыстаў у параўнаньні з 2000 годам паказвае надзвычайную дынаміку – амаль тысяча адсоткаў.

Толькі ў 4-х і 5-і-зоркавых гатэлях летась пражывалі летась больш за 70 беларусаў. Зразумела, такая лічба сама па сабе ня надта вялікая, але размова ідзе пра самыя дарагія гатэлі аднаго з 20 кантонаў.

Як піша другое швайцарскае выданьне – “News” — цяперашняе прадстаўніцтва турыстаў з постсавецкіх рэспублік на швайцарскіх горналыжных курортах надзвычай уражвае. "Хто гэтыя людзі, пераважна маладыя, якім па кішэні самая дарагая спартовая амуніцыя, якія маюць магчымасьць аплочваць начлег у швайцарскіх "пяці зорках", а абед і вячэру ў самых дарагіх рэстаранах?" — пытаецца журналіст "News".

Карэспандэнт "Schaffhauser Nachrichten" Патрык Ніг спрабуе адказаць на пытаньне, што ўяўляюць сабой нуварышы ў Беларусі. Паводле журналіста, праслойка "новых беларусаў" наздвычай вузкая. Пераважна ў краіне пануюць галеча і прэзыдэнт. Прэзыдэнцкая тэрыторыя — цэнтар беларускай сталіцы, тут месьціцца ягоная рэзыдэнцыя і пралягаюць любімыя аўтатрасы. Па-за межамі цэнтру бачыш сапраўднае жабрацтва. У двух-, трохпакаёвых кватэрах могуць жыць адразу некалькі семь’яў — дзяды, бацькі, дзеці. Купіць жытло на рынку кватэраў альбо здымаць яго для большасьці грамадзянаў — справа немагчымая.

Што да новых беларусаў, то яны якраз і кантралююць падобныя рынкі. Паводле саміх новых беларусаў, яны павінны сябраваць і з крыміналам, і з уладамі. "Калі ня хочаш жыць у кватэры з абдзёртымі шпалерамі, трэба падтрымліваць адрэналін у крыві", — дзеляцца яны са швайцарскім журналістам. Жыцьцё ў Беларусі нялёгкае, аднак у ім можна ўладкавацца, —перакананыя новыя беларусы. Як піша “Schaffhauser Nachrichten”, сярод гэтых людзей няма нікога, каго б насамрэч турбаваў недахоп дэмакратыі ў грамадзтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG