Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЯСЬВЕТНЫ БАНК ПРЭЗЭНТАВАЎ НОВУЮ ПРАГРАМУ СУПРАЦОЎНІЦТВА ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ


Алесь Грыневіч, Менск

Сёньня прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Менску прэзэнтавала новую стратэгію супрацоўніцтва зь Беларусьсю на наступныя тры гады. Яшчэ 14 сакавіка Рада выканаўчых дырэктараў банку ў Вашынгтоне ўхваліла гэты дакумэнт, і ўпершыню з 1996 году Беларусь можа атрымаць буйныя пазыкі. Яны лічацца выгаднымі, бо банк дае іх прыкладна пад 6% гадавых — ці не найніжэйшы паказьнік на міжнародным грашовым рынку.

Стратэгія прадугледжвае два магчымыя сцэнары крэдытаваньня Беларусі. Паводле мінімальнага сцэнару, да 140 мільёнаў даляраў крэдыту будуць накіраваныя на працягу трох гадоў на праекты ў сацыяльнай сфэры, на барацьбу са СьНІДАМ ды сухотамі і на ліквідацыю наступстваў Чарнобыльскай аварыі.

Базавы сцэнар дае магчымасьць павялічыць крэдыт да 270 мільёнаў даляраў і накіраваць частку грошай на разьвіцьцё прыватнага сэктару, на рэформу аховы здароўя, рэструктурызацыю прадпрыемстваў і ўкараненьне сыстэмы адраснай сацыяльнай дапамогі. Але для такога сцэнару трэба, каб беларускія ўлады палепшылі ўмовы для бізнэсу, асабліва для малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Распавядае кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Сяргей Кулік.

(Кулік: ) "Мы хочам, каб дзяржава як мага менш умешвалася ў працэс эканамічнай дзейнасьці. Перадусім, вызначэньне нормы прыбытку, вызначэньне цэнаў, фіксаваньне цэнаў — гэтым сёньня займаецца дзяржава. У гэтым дакумэнце, у Стратэгіі, мы паспрабавалі запісаць мерапрыемствы, якія будуць уплываць на асяродак бізнэсу.

Цяпер размова вядзецца на макраўзроўні аб стварэньні ўмоваў для нармальнага функцыяваньня бізнэсу, што насамрэч будзе бачна праз колькасьць утвораных новых малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Бо мы маем зьвесткі, што за апошнія два гады колькасьць малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Беларусі, замест таго каб вырасьці, наадварот, скарацілася. І хаця б гэты паказьнік ужо будзе для нас сьведчаньнем таго, што клімат у краіне насамрэч паляпшаецца".

Спадар Кулік перасьцярог беларускія ўлады ад нечаканых адміністрацыйных рашэньняў, кшталту даўняга дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі аб пазасудовай канфіскацыі маёмасьці. Нядаўна гэты дэкрэт быў скасаваны. Прадстаўнік Усясьветнага банку таксама заначыў, што вельмі важна, каб улады не рабілі крокаў назад у тых сфэрах, дзе ўжо ёсьць нейкі прагрэс — у прыватнасьці, не адмаўляліся ад адзінага абменнага курсу беларускага рубля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG