Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІЦЫЯНТЫ РОБЯЦЬ ЗАХАДЫ СУПРАЦЬ АПАЗЫЦЫІ"


Алена Панкратава, Менск

Як піша “Frankfurter Rundschau”, паліцыянты чарговы раз ужылі сілу супраць апазыцыі. Паводле публікацыі, затрыманьне некалькіх дзясяткаў дэманстрантаў ёсьць чарговым сьведчаньнем таго, што ў Беларусі парушаюцца асноўныя правы і свабоды чалавека. “У гэтай краіне, — гаворыцца ў паведамленьні інфармацыйнага агенцтва AFP, — любая крытыка супраць прэзыдэнта сустракае надзвычай жорсткую цэнзуру. Апанэнтаў улады чакае сапраўдны перасьлед, дыскрымінацыя з боку рэжыму. Некаторыя крытыкі ўлады нават бясьсьледна зьнікаюць”.

Нямецкае інфармацыйнае агенства цытуе прадстаўнікоў кіруючай у Нямеччыне сацыял-дэмакратычнай партыі: “Нават калі нехта ўдзельнічае, хай ў несанкцыяванай, мірнай дэманстрацыі, гэта ў цывілізаваным грамадзтве ня можа быць падставай для пакараньня турмой”.

Сваё стаўленьне сябры СДПН выказалі ў адмысловым звароце да беларускага прэзыдэнта ў зьвязку з арыштам беларускага сацыял-дэмакрата Мікалая Статкевіча. У звароце, у прыватнасьці, падкрэсьліваецца: “Мы просім вас зрабіць адпаведныя намаганьні, каб правы апазыцыі цяпер і ў будучыні былі захаваныя, каб супраць крытыкаў рэжыму не прымаліся неадэкватныя санкцыі. Мы спадзяемся, што Мікалай Статкевіч будзе неадкладна вызвалены”.

Падзеі 24 сакавіка, аднак, прадэманстравалі, што Менск прытрымліваецца іншых поглядаў. “Парадокс, але ўсе, хто ў гэтае краіне выступаюць за дэмакратыю і незалежнасьць, нават тыя, хто проста гаворыць па-беларуску, становяцца для рэжыму падазронымі. Мова беларускіх уладаў — выключна расейская”, — цытуе словы Васіля Быкава журналістка “Frankfurter Allgemeine”.

Быкаў патрабуе ад палітычнай сыстэмы сваёй Радзімы талерантнасьці і празрыстасьці. Ён хоча, каб ягоны голас, голас кожнага ягонага суайчыньніка быў пачуты. Аднак, як піша“Frankfurter Allgemeine”, праўду пры сытуацыю ў Беларусі гэты прызнаны нават у савецкія часы (і не ў апошнюю чаргу за сваю мастацкую праўдзівасьць) пісьменьнік сёньня можа пісаць толькі па-за межамі Радзімы.

“Невялікі спакойны кут, пісьмовы стол, белая папера — гэтага хапае мне”, — распавядае Васіль Быкаў пра сваё франкфурцкае жыцьцё. Ён дадае: “Ня менш важная і ўпэўненасьць у тым, што мяне сярод дня ня схопяць на вуліцы невядома кім аплочаныя незнаёмыя людзі”.

77-гадовы пісьменьнік ужо напісаў у Нямеччыне 2 кнігі. Хутка будуць гатовыя і ягоныя мэмуары. “Гэта надзвычай праўдзівая літаратура”, — піша франкфурцкая журналістка.

Паводле “Frankfurter Allgemeine”, у сваім жыцьці вядомы пісьменьнік перажыў нямала дыктатараў: Сталіна, Хрушчова, Брэжнева, Андропава, Чарненку... “Яны прыходзілі і сыходзілі, — гаворыць Быкаў, — але ў той час я быў маладзейшы і ведаў, што перажыву іх .Зараз мне сумна, бо я стары і ня ведаю, ці дачакаюся зьвяржэньня дыктатара Лукашэнкі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG