Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: СЛУХАЙЦЕ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Сымбаль Веры”. 23 сакавіка

Ці існуе ў Беларусі канкурэнцыя царквы і дзяржавы?

Некаторыя амэрыканскія футуролягі ў антытэрарыстычнай кампаніі заўважылі жаданьне многіх ўрадаў умацаваць уладу ва ўласных краінах. І адным з тых, чыя дзейнасьць аб’ектыўна паслабляе кантроль ўрадаў за грамадзтвам, футуролягі ўважаюць цэрквы. Ці існуе ў Беларусі рэальная канкурэнцыя цэркваў з уладай за кантроль над грамадзтвам і ўплыў на яго? Як беларускія цэрквы ажыцьцяўляюць сваю сацыяльную дзейнасьць і як яе разумеюць? Як дзяржава ставіцца да сацыяльнай актыўнасьці царквы?

Адказы на гэтыя пытаньні – у суботняй перадачы “Сымбаль Веры”, якую падрыхтаваў і вядзе Сяргей Абламейка. У перадачы бяруць удзел прадстаўнікі розных цэркваў і грамадзкія дзеячы Беларусі.


“Суботні рэпартаж”. 23 сакавіка

Сёлета вясна ў Беларусі раньняя. Ад пачатку сакавіка дарогі выслабаніліся ад сьнегу і лёду — і адразу запоўніліся старэнькімі легкавікамі, за рулём якіх кіроўцы, што асьмельваюцца выяжджаць толькі ў ідэальных умовах надвор’я. А яно ў сакавіку падманлівае. Вось статыстыка ДАІ і фіксуе імклівы рост колькасьці аварыяў. З вуліцаў Менску — суботні рэпартаж Ігара Карнея.

“Жывіце доўга”. 23 сакавіка

У суботнім выпуску вы пачуеце:
- пра стрэс і як змагацца зь ім;
- чым тлумачаць сакрэт сваёй даўгавечнасьці найстарэйшыя людзі сьвету;
- некаторыя практычныя і карысныя парады “Real Age” пра тое, што рабіць, каб захаваць добрае здароў’е.

Перадачу падрыхтаваў Кастусь Бандарук.


“Навіны культуры”. 23 сакавіка

Вядомы мастак Алесь Пушкін выйшаў з мастацкае суполкі “Пагоня” на знак пратэсту супраць канфармізму кіраўнікоў гэтае некалі сьмелае суполкі; новы дырэктар Нацыянальнага музэю гісторыі й культуры Пётра Хацько заснаваў пры музэю Салён расейскага авангарду пачатку ХХ стагодзьдзя; Задзіночаньне беларускіх студэнтаў абвесьціла конкурс “Голая студэнцкая праўда” – гэтыя і другія навіны слухайце ў суботнім выпуску “Навінаў культуры”.


“Нядзельны круглы стол”. 24 сакавіка

Ці мае права расейскі шавінізм на месца пад вокладкамі беларускага літаратурнага авангарду? Чаму беларускія нацыяналістычныя тэксты ствараюцца па-расейску? Хто яны, сучасныя нігілісты, і ці можа зь НІШТО ўзьнікнуць НЕШТА?

Пра гэта разважаюць у нядзельнай гутарцы за круглым сталом філёзаф і літаратуразнаўца Валянцін Акудовіч ды паэт Леанід Галубовіч. А нагодаю гутаркі стаў выхад трэцяга нумару часопісу беларускага моладзевага авангарду “NIHIL”. Праграму вядзе Валянціна Аксак.


“Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”. 24 сакавіка

Абнавіліся сайты Беларускай Народнай Рэспублікі й часопіса “Беларус” – на іх зьявіліся новыя матэрыялы пра гісторыю БНР і жыцьцё беларусаў за мяжой.

Вядомы кінарэжысэр Юры Хашчавацкі распавядае пра сваю онляйнавую канфэрэнцыю і ролю Інтэрнэту ў сучаснай камунікацыі.

У Сеціве зьявіўся відаэролік, у якім Аляксандар Лукашэнка грае на баяне і сьпявае – паслухайце ўрывак зь песьні.

Падрыхтавала перадачу Вольга Караткевіч.


“Вольная студыя”. 24 сакавіка

Чаму Вільня не натхняе літоўскіх творцаў? Чаму віленскія бамжы крадуць з будынкаў пераважна беларускія мэмарыляьныя дошкі? Пра гэта ды іншае вядучы Міхась Скобла размаўляе з паэтам і рэдактарам віленскай беларускай газэты “Рунь” Алегам Мінкіным.


“Вострая Брама”. 24 сакавіка

Ёсьць пашыранае меркаваньне, што галакост у Беларусі ў часе мінулае вайны рабіўся рукамі літоўскіх і ўкраінскіх калябарантаў, а беларусы толькі ратавалі габрэяў. Ці так гэта і ці мае гэта дачыненьне да іншага пашыранага мекаваньня: маўляў, беларусы нацыянальна менш разьвітыя за літоўцаў і ўкраінцаў.

Пра гэта ў “Вострай Браме” кажуць аўтар перадачы Сяргей Дубавец і ягоныя суразмоўцы. Перадача прымеркаваная да Дня Волі 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG