Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНЗУРА ЗДЫМАЕ ЭКСПАНАТЫ З ВЫСТАВЫ ТВОРЧАЙ СУПОЛКІ "ПАГОНЯ"


Валянціна Аксак, Менск

Праблемы ў сяброў суполкі пачаліся яшчэ задоўга да адкрыцьця самое экспазыцыі. Друкарні адмаўляліся друкаваць каталёг-альбом твораў "пагонеўцаў" з тае прычыны, што на іх прадстаўленыя партрэты Васіля Быкава, Зянона Пазьняка і іншых вядомых дзеячаў Беларусі, а таксама незалежніцкая сымболіка. Каталёг усё ж быў надрукаваны і сёньня прадстаўлены публіцы.

Менш пашчасьціла некаторым творам, якія не патрапілі ў экспазыцыю. Кіраўніцтва Саюзу мастакоў умоваю дазволу выставы назвала адмову ў праве ўдзелу ў ёй вядомаму аўтару востра сатырычнае графікі і палітычных калажаў Алегу Карповічу, а таксама адсутнасьць у экспазыцыі злабадзённае інсталяцыі. "Пагонеўцы" пагадзіліся на кампраміс, але гэтага чыноўнікам здалося мала і напярэдадні адкрыцьця з экспазыцыі загадана было зьняць два партрэты дзеячаў нацыянальна-вызвольнага руху Міхала Вітушкі і Усевалада Родзькі, якія зрабіў вядомы жывапісец Алесь Пушкін. Ля ацалелых трох партрэтаў з гэтае сэрыі не дазволілі павесіць анатацыі да намаляваных лідэраў беларускага рэзыстансу хх стагодзьдзя.

Пад забарону патрапіў і партрэт вядомага незалежніцкага гісторыка Міколы Ермаловіча, намаляванага Анатолем Цыркуновым. Зьнята з экспазыцыі і праца Валерыя Шчаснага, на якой мастак моваю сэмантычных вобразаў паказаў паяднальную ролю нацыянальных сымбаляў у злучэньні разрозьненых у Беларусі хрысьціянскіх канфэсіяў.

А вось што сказаў адзін зь лідэраў "Пагоні" Алесь Марачкін.

(Марачкін:) "На сёлетняй выставе мы ня ўбачым таго, чым розьнілася "Пагоня" ад іншых суполак. Разумеючы старшыню нашага саюзу, гэткую ж "паслугу" суполцы зрабіў і я. Сярод твораў, якія я хацеў выставіць, быў і "Звычайны нацюрморт" - нешта ў назове па асацыяцыі з фільмам "Звычайны прэзідэнт." Гэта сатырычна-мэтафарычны твор. Я намаляваў сапраўды звычайны для сёньняшняй Беларусі нацюрморт: агуркі, вілы, хакейная клюшка, раськіданыя шайбы..."

Такі красамоўны сучасны беларускі краявід Алеся Марачкіна на выставу таксама не патрапіў. І ня выключана, што пасьля ейнага адкрыцьця будуць зьнятыя з экспазыцыі і некаторыя іншыя творы. Прынамсі, ужо выказваліся прэтэнзіі да мэмарыяльнае шыльды скульптара Алеся Шатэрніка, якую ён больш за дзесяць гадоў таму зрабіў, каб павесіць на доме, у якім была абвешчаная ў 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка. Калі раней улады не дазвалялі павесіць шыльду на памятным кожнаму сьведамаму беларусу будынку, але не пярэчылі супроць яе ў выставачнай экспазыцыі, то цяпер і гэта забараняецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG