Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІЯ ПРОЗЬВІШЧЫ Ў ЛІТВЕ БУДУЦЬ ПІСАЦЬ У ПОЛЬСКАЙ ТРАНСКРЫПЦЫІ


Тацяна Поклад, Вільня

Восем гадоў цягнуліся перамовы літоўскіх і польскіх палітыкаў наконт правапісу прозьвішчаў палякаў у Літве і літоўцаў у Польшчы. Маецца на ўвазе правапіс прозьвішчаў у афіцыйных дакумэнтах.

Летась, напрыканцы жніўня былі ўжо абвясьцілі і дату падпісаньня адпаведнага пагадненьня, аднак справа затрымалася дзеля ўпартае пазыцыі Літвы. Афіцыйная Літва прапаноўвала пісаць польскія імёны і прозьвішчы лацінскімі літарамі, але без дыякрытычных знакаў.

Гэта азначала, што польскія імёны пісаліся б паводле польскага правапісу, за выключэньнем тых літараў польскага альфабэту, якіх няма ў лацінскім альфабэце. Некаторыя галосныя літары польскага і літоўскага альфабэтаў супадаюць у напісаньні, але значна адрозьніваюцца ў вымаўленьні.

Для польскага боку тая прапанова была цалкам непрымальнай, і летась перамовы зайшлі ў тупік. На гэты час назьбіраўся ўжо цэлы стос узаемных прэтэнзіяў і крыўдаў, былі выпадкі скаргаў палякаў – грамадзянаў Літвы – у Канстытуцыйны Суд і Эўрапейскі Суд правоў чалавека.

Большая частка звычайных віленскіх людзей з тых, хто ўсьведамляюць сябе палякамі, ахвотна тлумачыць, чаму ім не падабаецца, што польскія прозьвішчы ў Літве пішуцца паводле літоўскага правапісу. Гаворыць Анджэй, паляк зь Вільні:

(Анджэй: ) “Прозьвішча – гэта ўласнасьць чалавека, і ніхто не павінен на гэтую ўласнасьць спакушацца. Вось, напрыклад, прозьвішча Сьвяхоўскі (S'wechowski) – па-літоўску не напішаш гэтага прозьвішча дакладна. Як гэта “S'we” перадаць? Па-польску пішацца: “S”, потым крэсачка наверсе, – потым польскае “w”, потым “е” і далей “ch -o -w -s -k –і”. А калі напісаць бяз крэскі, дык гэта ўжо будзе ня Сьвяхоўскі, а Свяхоўскі – а гэта ўжо зусім ня будзе Сьвяхоўскі".

Што да правапісу прозьвішчаў, дык гэтае пытаньне, здаецца, вырашылася.

Днямі ў Вільні адбылася сустрэча міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Кшыштофа Яніка і міністра ўнутраных справаў Літвы Ёзаса Бэрнатоніса. Падпісаньне дамовы ўжо абвешчанае справай вырашанай, і апошнія фармальнасьці будуць скончаныя 28 сакавіка. Польскія прозьвішчы ў дакумэнтах у Літве будуць пісацца цалкам паводле польскага правапісу, а літоўскія ў Польшчы – паводле літоўскага.

Праўда, тое, што пагадненьне будзе падпісанае, рэальных зьменаў яшчэ не абяцае. Тэрмін ажыцьцяўленьня дамовы – 10 гадоў. Міністар Бэрнатоніс адмовіўся прагназаваць нават, калі палякі Літвы атрымаюць дакумэнты, у якіх іхныя прозьвішчы будуць напісаныя паводле польскага правапісу.

Дырэктар Дзяржаўнага Дэпартамэнту Нацыянальных Мяншыняў у Літве, Антанас Пятраўскас, распавёў мне, што гэтыя зьмены будуць каштаваць Літве блізу 10 млн. літаў – а гэта 2,5 млн. даляраў.

Цяпер прозьвішчы палякаў, як і іншых нацыянальнасьцяў, у Літве пішуцца паводле літоўскага правапісу. Ня толькі зьмена пашпартоў адкладаецца, але і новыя дакумэнты яшчэ нейкі час будуць выдавацца паводле старых парадкаў.

Вядомы ў Вільні польскі грамадзкі дзяяч Ян Сянкевіч пракамэнтаваў пагадненьне з пазыцыі польскай грамады:

(Сянкевіч: ) “Тут у Літве ад гэтага пагадненьня выйгралі толькі літоўцы. Гэта толькі палітычная і дыпляматычная перамога Літвы, мэтай якой было паказаць, што Літва – гэта дэмакратычная краіна, якая хоча ўшанаваць усе эўрапейскія нормы і законы належным чынам. Вырашэньне справы адклалі на 10 гадоў, але што азначаюць гэтыя 10 гадоў? За 10 гадоў зьменіцца Літва.Гэтаксама зьменіцца і Эўропа, якая дыктуе Літве, што трэба рабіць – і надыктуе ўжо нешта іншае. Так што тут няма ніякога значэньня і карысьці для палякаў дый увогуле для мяншыняў Літвы. У гэтага дакумэнта фактычна няма ніякае рэальнае вагі”.

Літоўскія ўлады спасылаюцца на матэрыяльныя цяжкасьці. Можна таксама лічыць такую пазыцыю ўдалым дыпляматычным захадам Літвы на карысьць сваіх нацыянальных інтарэсаў. Як і ўсе папярэднія законы адносна становішча не-літоўцаў у Літве, гэтае пагадненьне насамрэч мала што зьмяняе.

Для беларусаў у Літве, аднак, пагадненьне пра польскамоўны правапіс прозьвішчаў палякаў можа стацца і прэцэдэнтам, і пэўнай засьцярогай ад магчымых памылак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG