Прэзыдыюм Фэдэрацыі на сёньняшнім паседжаньні адхіліў прапанову гарадзкіх уладаў, але адмовіўся і ад сваіх ранейшых намераў. Вырашана правесьці 28 сакавіка ў Менску адкрыты сход у сьценах будынку Фэдэрацыі. Вось што паведаміў на гэты конт нашаму Радыё старшыня Фэдэрацыі Франц Вітко:
(Вітко: ) "Нейкая колькасьць будзе ў залі, нейкая колькасьць будзе ў фае, нейкая — на вуліцы. А ў рэгіёнах будзе па-свойму. Напрыклад, у Магілёве дасягнутая дамоўленасьць, што прыйдзе губэрнатар. Ён адкажа на пытаньні, на патрабаваньні і гэтак далей. Я мяркую, што і ў іншых рэгіёнах будзе гэта праходзіць. Гэта будзе ўсё ж нашае жаданьне вярнуць урад, вярнуць нашае кіраўніцтва гаспадарчых і ўрадавых установаў на шлях сацыяльнага дыялёгу".
Адметна, што сёньня ў будынку Федэрацыі можна было ўбачыць старшыню Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча. Як вядома, учора Канстытуцыйны суд пацьвердзіў законнасьць урадавай пастановы аб забароне безнаяўнага пералічэньня прафсаюзных складак. Вось як спадар Васілевіч пракамэнтаваў нашаму Радыё сёньняшні дыялёг зь лідэрамі Фэдэрацыі:
(Васілевіч: ) "Гэтае рашэньне трэба вельмі ўважліва чытаць і не сьпяшацца са сваімі высновамі. Яно ўтрымлівае вялікі патэнцыял, каб у нас разьвівалася сацыяльнае партнэрства і працоўныя адносіны рабіліся больш гарманічнымі”.
(Карэспандэнт: ) "Выходзіць, прафсаюзы будуць жыць пасьля ўчорашняга рашэньня?”
(Васілевіч: ) "Прафсаюзы заўжды будуць жыць. Рэч у тым, што ім давядзецца толькі больш інтэнсіўна працаваць".
У сваю чаргу, прафсаюзныя лідэры заявілі старшыні Канстытуцыйнага суду, што лічаць учорашняе рашэньне праўрадавым. Зрэшты, як вынікае зь сёньняшніх дыскусіяў, Фэдэрацыя і не спадзявалася на іншы вынік. Таму, як прагучала на паседжаньні прэзыдыюму, прафсаюзы мусяць прызвычайвацца да новых варункаў. У прыватнасьці, лідэр аграрнага прафсаюзу Аляксандар Ярашук лічыць, што зараз прафсаюзы павінны найперш паклапаціцца пра паляпшэньне сваёй грамадзкай рэпутацыі:
(Ярашук: ) "Я сыходжу з таго, што сёньня самая галоўная задача— павысіць рэйтынг арганізацыі ў вачох працоўных, каб матывацыя працоўных у прафсаюзных шэрагах была сьвядомай. А гэта адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі на самой справе будзем здольныя абараняць інтарэсы і правы працоўных".