Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЯРЖЫНСКУ АРЫШТАВАЛІ БЫЛОГА СТАРШЫНЮ РАЙВЫКАНКАМУ ЎЛАДЗІМЕРА ТКАЧОВА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле сьціплай афіцыйнай інфармацыі, Ткачова абвінавачваюць ва злоўжываньні службовым становішчам падчас свайго двухгадовага старшынства ў Дзяржынскім райвыканкаме. Месяц таму ён добраахвотна сышоў з пасады, але гэта не ўратавала яго ад крымінальнай справы і арышту супрацоўнікамі пракуратуры.

Затрымалі былога старшыню ў цэнтры Дзяржынску пасьля вобшуку і ператрусу ягонага аўтамабіля. Хаця мясцовыя людзі й адзначаюць гаспадарлівасьць ды адносную даступнасьць Ткачова, але збольшага іх не зьдзіўляе, што ягоная кар'ера скончалася кайданкамі. Вось што мне распавёў пра былога старшыню адзін мясцовы журналіст, які яго дабра ведаў:

(Журналіст: ) "Чалавек ён вельмі гаспадарлівы, навёў у Дзяржынску парадак, але ён пацярпеў з тае прычыны, што адразу з калгасу пайшоў на кіраўніцтва раёну. А тут зусім іншыя грошы, і гэтыя грошы пачынаюць ліпнуць да рук. І тады ўсё".

Крыніцы ў Дзяржынску распавядаюць пра розныя махінацыі былога старшыні. Нібыта Ткачоў незаконна прыватызаваў дзяржаўны дом, перадаў ва ўласнасьць сваякам некалькі дзяржаўных крамаў, вольна абыходзіўся зь бюджэтнымі сродкамі.

Як бачым, даволі тыповы сьпіс грахоў для мясцовых вэртыкальшчыкаў. Чаму ж менавіта на дзяржынскага старшыню зьвярнулі ўвагу праваахоўчыя органы? Паводле зьвестак з адных крыніцаў, лёс Ткачова быў вызначаны яшчэ летась, калі пэрсанальна яго пакрытыкаваў на адной нарадзе Аляксандар Лукашэнка.

Аднак другія крыніцы спасылаюцца на публікацыю ў апазыцыйнай газэце "Народная Воля", якой нібыта і кіраваліся сьледчыя пракуратуры. У гэтай публікацыі быў надрукаваны фотаздымак прыгожага катэджу старшыні і падрабязна апісана, як яго будавалі сумеснымі намаганьнямі розныя службы раёну. Так гэта ці не, цяпер высьветліць сьледзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG