Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПЭНСІЯНЭРЫ Ў САКАВІКУ ЎПЕРШЫНЮ ЗА ДОЎГІ ЧАС СУТЫКНУЛІСЯ З МАСАВАЙ ЗАТРЫМКАЙ ПЭНСІЯЎ


Міхал Стэльмак, Менск

(Вера Міхайлаўна: ) "У нас у Маладэчне трохі затрымалі”.

(Карэспандэнт: ) "Калі вы павінны былі атрымаць?"

(Вера Міхайлаўна: ) "18 сакавіка, але я яшчэ не атрымала”.

(Карэспандэнт: ) "Вы зьвярталіся ў органы сацыяльнага забесьпячэньня?”

(Вера Міхайлаўна: ) "Яны званілі, сказалі, што затрымаюць".

(Карэспандэнт: ) "Ці своечасова прыносяць вам пэнсію?"

(Спадарыня: ) "Трошкі ў гэтым месяцы затрымалі. А так своечасова”.

(Карэспандэнт: ) "А дзе гэта?”

(Спадарыня: ) "У Асіповічах".

(Назаранка: ) "Я жыву ў Менскім раёне, вёска Лугавая Слабада. У нас толькі адзін дзень затрымалі. Я звычайна атрымліваю 14-га, а паштарка прынесла 15 сакавіка. Здаецца, сказалі, што не было грошай”.

(Сям'я пэнсіянэраў: ) "Мы з Мазыра. Мы атрымліваем 17-га”.

(Карэспандэнт: ) "Вы ў гэтым месяцы яшчэ не атрымлівалі?"

(Сям'я пэнсіянэраў: ) "Яшчэ не атрымлівалі. Спадзяемся, што заўтра атрымаем".

(Іншы спадар: ) "Я жыву ў Менску. Мне выдаюць пэнсію своечасова. 18-га”.

(Захарэвіч: ) "Другі месяц я не атрымліваю пэнсіі. Мы за яго галасавалі, а ён нас абдурыў”.

(Карэспандэнт: ) "Адкуль вы?"

(Захарэвіч: ) "З Ратамкі. Я павінен быў 14 сакавіка атрымаць, а сёньня ўжо 20-ае”.

(Спадарыня: ) "Магчыма, на раёнах і так. Але ў нас у горадзе Менску ўсё нармалёва”.

(Іншая спадарыня: ) "Я жыву за Асіповічамі, пасёлак Леніна”.

(Карэспандэнт: ) "Ці атрымалі вы пэнсію?"

(Іншая спадарыня: ) "Не. У гэтым месяцы ўпершыню была затрымка".

(Курс: ) "Мяне завуць Курс Галіна. Павінны былі даваць пэнсію 18-га. Але калі і затрымаюць яе на адзін дзень, то нічога. Можна дараваць”.

(Карэспандэнт: ) "Дзе вы жывяце?”

(Курс: ) “Вёска Казлы Вялейскага раёну”.

(Міхаіл Давыдавіч: ) "Мяне завуць Міхаіл Давыдавіч. Яшчэ не давалі пэнсію. Я часова прыехаў да сына ў Міханавічы. Я раней жыў у Нясьвіскім раёне. Я атрымліваў у Нясьвіскім раёне 7-га. Але вось зараз не даюць, хаця які ўжо сёньня дзень! Я хадзіў у райсабес, цікавіўся. А мне ў адказ: "Дзед, няма грошай!"

Як бачым, затрымкі выплатаў пэнсіяў назіраюцца ва ўсіх куткох Беларусі, за выключэньнем Менску. Гэта пацьвярджаюць і органы сацыяльнага забесьпячэньня. Напрыклад, вось што паведаміла сёньня нашаму радыё загадчыца аддзелу сацыяльнага забесьпячэньня Краснапольскага райвыканкаму Галіна Новікава:

(Новікава: ) "У нас затрымліваюцца пэнсіі. Але ж мы не на вялікі тэрмін адстаём”.

(Карэспандэнт: ) "На колькі?"

(Новікава: ) "На дзён 5—6. Тэрмін невялікі. У нас няма панікі. Пэнсіянэры ўсё гэта разумеюць”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ў раёне пэнсіянэраў?"

(Новікава: ) "4 420 чалавек”.

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, цяперашні месяц — першы, калі пачаліся затрымкі пэнсіяў?"

(Новікава: ) "Першы. Па нашай вобласьці ёсьць затрымка, але ж наш пэнсійны фонд прымае ўсе захады, каб выплачваць пэнсію своечасова".

Рэспубліканскі фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, паводле зьвестак яго прадстаўнікоў, таксама намагаецца зьліквідаваць запазычанасьць. Але пра прычыны затрымак чыноўнікі разважаць асьцерагаюцца. Між тым, на думку экспэртаў, цяперашнія сацыяльныя праблемы справакаваныя фінансавымі цяжкасьцямі айчынных прадпрыемстваў. У апошнія месяцы яны рэзка скарацілі адлічэньні ў пэнсійны фонд”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG