Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРГАНІЗАТАРЫ АКЦЫІ "БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!" ПАКУЛЬ ЗАДАВОЛЕНЫЯ ЯЕ ВЫНІКАМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле арганізатараў акцыі Паўла Севярынца й Аляксея Шэіна, на сёньня мерапрыемствы кампаніі "Беларусь у Эўропу!" прайшлі ўжо ў 35 гарадах краіны. Гаворыць лідэр Маладога фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Чым бліжэй да Цэнтральнай Беларусі, тым больш лагоднымі робяцца мясцовыя ўлады, і паводле апытаньняў, якія мы праводзім, энтузыязм моладзі хоць і крыху, але ўзрастае. Ёсьць у гэтым крыху эфэкту набліжэньня да Захаду, аддаленьня ад мяжы з Расеяй, ад радзімы Лукашэнкі, але магчыма, так дзейнічае вясновы эфэкт. Набліжаецца вясна, пачынаюцца акцыі, і моладзь гэта таксама адчувае. Таму й сацыялягічныя паказьнікі ў нас падвысіліся, і сам характар кампаніі ўжо больш адпавядае назьве з клічнікам "Беларусь у Эўропу!"

У кожным з гарадоў (а апошнім часам гэта былі Лепель, Полацак, Крупкі й Глуск) мясцовыя маладафронтаўцы праводзяць пікеты, раздаюць літаратуру пра аб'яднаную Эўропу, а таксама праводзяць конкурсы, віктарыны ды апытаньні сярод мясцовай моладзі. Прыкладна ў сотні хлопцаў і дзяўчат у кожным горадзе і мястэчку маладафронтаўцы цікавяцца стаўленьнем да эўрапейскай інтэграцыі, да дзяржаўнай сымболікі, да выбараў у мясцовыя саветы.

Паводле лідэраў Маладога Фронту, сымпатыі ў справе дзяржаўнай сымболікі падзяліліся пракладна пароўну паміж бел-чырвона-белымі й чырвона-зялёнымі колерамі, больш за 60% апытаных хоча бачыць Беларусь у аб'яднанай Эўропе й 37% будзе галасаваць на мясцовых выбарах за БНФ (за партыю Лукашэнкі — 42%).

Арганізатары кампаніі станоўча ацэньваюць гэтыя вынікі з увагі на тое, што акцыя пакуль праходзіць толькі ва ўсходніх рэгіёнах краіны, дзе даволі моцныя сымпатыі да Расеі й палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Яны спадзяюцца, што ў Менску й Заходняй Беларусі пераважная большасьць моладзі выкажацца за эўрапейскія й дэмакратычныя каштоўнасьці.

У Менску акцыя "Беларусь у Эўропу!" пройдзе 2 красавіка. Гаворыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Увечары ў цэнтры Менску адбудзецца вулічная акцыя, на якой мы спадзяемся ўрэшце выкарыстаць усе тыя напрацоўкі, што былі падрыхтаваныя да акцыі 14 лютага й якія мы не маглі тады выкарыстаць. Акцыя будзе касьцюмаваная, з элемэнтамі карнавалу, сьвяточная".

2 красавіка маладафронтаўцы таксама перададуць матэрыялы пра аб'яднаную Эўропу ў менскія бібліятэкі. А 30 сакавіка яны плянуюць правесьці ў Менску эўрапейскі дзень чысьціні і сваімі сіламі прыбраць некалькі цэнтральных вуліцаў гораду, якія носяць беларускія назвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG