Зьніклы амаль месяц таму адвакат Ігар Аксёнчык даў знак, што ён жывы і здаровы, але лічыць за лепшае і надалей хавацца ад праваахоўных органаў Беларусі. Пра гэта, спасылаючыся на ўчорашні тэлефонны званок Аксёнчыка, паведаміў Радыё Свабода журналіст ОРТ Павал Шарамет.
(Шарамет: ) "Я зь ім проста размаўляў па тэлефоне, але не сустракаўся. Ён працягвае хавацца недзе ў Беларусі, хвалюецца зя сябе, бо супраць яго узбуджаная крымінальная справа. І ён будзе хавацца далей".
Паводле Шарамета, Аксёнчык спачатку паверыў, што яго ня будуць перасьледаваць за выказваньні на адрас найвышэйшага кіраўніцтва краіны і ўжо зьбіраўся выйсьці на працу, і тут стала вядома, што супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле падазрэньняў у паклёпе. Нібыта гэта і прымусіла адваката Ігара Аксёнчыка ізноў "пайсьці ў падпольле". Пры гэтым Шарамет мяркуе, што адвакат застаецца на радзіме.
(Шарамет: ) "Не, я ня думаю, што ён зьехаў зь Беларусі. Відаць ён чакае, пакуль сытуацыя нармалізуецца".
Нагадаю, ужо пасьля заканчэньня судовага разьбіральніцтва справы супраць групоўкі Валера Ігнатовіча адвакат Сьвятланы Завадзкай Ігар Аксёнчык нечакана выступіў з даволі рэзкімі выказваньнямі на адрас кіраўнікоў краіны. У прыватнасьці, ён заявіў, што лічыць датычным да зьнікненьня Завадзкага генэральнага пракурора Віктара Шэймана, і таму ня лічыць магчымым сапраўднае расьсьледаваньне гэтай справы.
Пра Аляксандра Лукашэнку Аксёнчык сказаў, што той нібыта спрычыніўся да развалу сьледзтва, калі яно выйшла на сапраўдных злачынцаў. Пасьля гэтага пракуратура краіны спачатку ўчыніла праверку выказваньняў Аксёнчыка, а потым узбудзіла супраць яго справу паводле абвінавачаньня ў паклёпе.
Як запэўніў мяне сёньня прэсавы сакратар пракуратуры рэспублікі Аляксей Таранаў, там закрываць гэтую справу толькі таму, што нідзе няма Аксёнчыка, не зьбіраюцца.
(Таранаў: ) "Чаму мы павінны закрываць справу, калі ў ягоных словах быў яўны паклёп? Ня ведаю, як там будзе ісьці сьледзтва, але пакуль падставаў для гэтага я ня бачу".
Паводле Таранава, Аксёнчыку дасылалі ўжо некалькі позваў на допыт, але той не зьявіўся. Да пошукаў адваката з дапамогай міліцыі справа пакуль не дайшла бо, як мяркуе спадар Таранаў, адвакат і юрыст Аксёнчык добра разумее, чым рызыкуе, і сам прыйдзе ў пракуратуру.
Між тым калега Аксёнчыка адвакат Сяргей Цурко лічыць, што выказваньні Аксёнчыка на адрас Шэймана і Лукашэнкі ёсьць толькі ягонай пазыцыяй адносна дасьледаванай у судзе справы Завадзкага. "Адвакат мае права выказваць сваё меркаваньне і прыцягваць яго за гэта да судовай адказнасьці незаконна", — лічыць Сяргей Цурко.