Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ НЯМЕЧЧЫНЫ РЫХТУЮЦЬ АДМЫСЛОВУЮ РЭЗАЛЮЦЫЮ Ў ЗЬВЯЗКУ З АРЫШТАМ МІКАЛАЯ СТАТКЕВІЧА


Алена Панкратава, Менск

Стаўленьне нямецкіх сацыял-дэмакратаў да арышту Мікалая Статкевіча пракамэнтавала прадстаўніца Рады нямецкіх сацыял-дэмакратаў, віцэ-прэзыдэнт ляндтагу фэдэральнай зямлі Шлезвіг-Гальштайн Габрыэла Кётшаў.

Вядомы ў Нямеччыне палітык і партыйны дзеяч, Габрыэла Кётшаў мае непасрэдную цікавасьць да падзеяў у Беларусі як прадстаўніца нямецка-ўсходнеэўрапейскай камісіі. Паводле спадарыні Кётшаў, нягледзячы на сувязь зь Менскам і дастатковую інфармаванасьць адносна сытуацыі зь лідэрам беларускіх сацыял-дэмакратаў, ні яна, ні ейныя калегі ніяк ня могуць зразумець складу злачынства лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў.

(Кётшаў: ) "Пакуль што няма шырокай рэакцыі з боку кіраўніцтва СДПН... Тыя сацыял-дэмакраты, зь якімі я размаўляла ўжо, ня могуць зразумець гэтае сытуацыі. Калі б Статкевіч атрымаў нейкі грашовы штраф, аднак 10-дзённае зьняволеньне — гэта занадта. Такое пакараньне ёсьць сапраўдным парушэньнем усялякіх правоў. Зразумела, Статкевіч і людзі ягонай партыі рухаліся ня там, дзе было дазволена, аднак гэта ўсё ж была мірная акцыя. За гэта караюць грашыма, а не 10 суткамі ў турме. Усё гэта нам, эўрапейцам, цяжка зразумець".

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі вядома, кіраўніцтва нямецкіх сацыял-дэмакратаў зараз рыхтуе пратэст у зьзвязку са Статкевічам... Гэта, дарэчы, робяць і сацыял-дэмакраты іншых краінаў. З чым зьвязаная падобная актыўнасьць? Звычайна на старонках заходняй прэсы можна ўбачыць папрокі на адрас эўрапейскіх палітыкаў у тым, што яны пасіўныя ў дачыненьні да падзеяў у Беларусі”.

(Кётшаў: ) "Беларускія сацыял-дэмакраты — гэта трывалая частка эўрапейскага сацыял-дэмакратычнага руху. У іх ёсьць сваё месца ў сацыялістычным інтэрнацыянале. Мікалай Статкевіч вядомы ў Эўропе як лідэр хоць і невялікай партыі, аднак партыі, што ідзе шляхам, які мы поўнасьцю падтрымліваем. Беларускія сацыял-дэмакраты ня хочуць радыкальных пераменаў. Яны шукаюць іх празь перамовы, свабодныя выбары, пошукі ўзаемапрымальных рашэньняў. Гэта тое, што выклікае падтрымку ў Эўропе.

Вельмі важны момант, які хвалюе нашых сацыял-дэмакратаў і на якім я хацела б спыніцца. Я ня вядаю, якія ўмовы ў турме, дзе ўтрымліваюць Статкевіча. Хутчэй за ўсё, ён будзе сядзець у камэры не адзін і нават ня ўдвох. Камэры ў беларускіх турмах перапоўненыя. Паветра там дрэннае, там шмат паляць, умовы, у якіх ён знаходзіцца, вельмі могуць пагражаць ягонаму здароўю, праблемы зь якім ён мае".

Паводле спадарыні Кётшаў, стратэгія поўнай ізаляцыі ў дачыненьні да Беларусі ня можа быць пасьпяховай. Паміж Менскам і ЭЗ павінны адбыцца размовы на самым высокім ўзроўні. У гэтым зьвязку эўрапейскія сацыял-дэмакраты зьзвязваюць вялікія надзеі на травеньскі візыт у Беларусь дэлегацыі Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу на чале з чэскім прэм'ер-міністрам Зэманам. У часе гэтага візыту прадугледжаная размова з Лукашэнкам і з адказнымі прадстаўнікамі беларускага ўраду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG