Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“УЦЯКАЧ РАСПАВЯДАЕ ПРА ЗЬВЕРСТВЫ РАСЕЙЦАЎ У ЧАЧЭНІІ”


Віталь Тарас, Прага

Капітан Андрэй Самародаў, афіцэр сувязі з 21-й авіяцыйнай брыгады, які быў адпраўлены ваяваць у Чачэнію, зьбег са сваёй вайсковай часьці ў лістападзе 1999 году. Ён перавез сваю жонку й дзяцей у вёску ў расейскай глыбінцы, а сам накіраваўся ў Мэксыку. Там ён сеў на аўтобус і даехаў да мяжы з ЗША, дзе здаўся ў рукі амэрыканскіх памежнікаў. Цяпер ён жыве ў горадзе Сан-Антоніё (штат Тэхас), дзе працуе электрыкам і тры разы на тыдзень ходзіць на курсы ангельскай мовы.

Газэта прыводзіць словы Самародава: “Я люблю Расею і зь дзяцінства захапляўся Савецкай Арміяй. Але я апынуўся перад выбарам: альбо жыцьцё, альбо сьмерць”.

Як распавядае сам Самародаў, праблемы ў яго пачаліся, калі ён сарваў нашыўку са свастыкай з мундура аднаго з курсантаў ды яшчэ паведаміў ягонаму камандзіру пра спробы падбухторваньня іншых жаўнераў да расправаў над мірным насельніцтвам. Самародаву сталі пагражаць сьмерцю.

У іншым выпадку Самародаў паспрабаваў перашкодзіць расстрэлу мірных чачэнцаў, але быў арыштаваны афіцэрам, які кіраваў экзэкуцыяй і адпраўлены пад вартай у ягоную вайсковай часьць, дзе яго жорстка зьбілі.

У Стаўрапалі, дзе жылі Самародавы, невядомы чалавек забіў каля дому іхнага сабаку – на вачах у 13-гадовага сына Яўгенія.

Існуюць факты, якія сьведчаць, што ў жаўнеры адмыслова набіралі тых, хто імкнуўся забіваць чачэнцаў з-за нянавісьці на этнічнай глебе альбо ўльтранацыяналістычнай ідэалёгіі. Гэта быў час, калі вайскоўцы адкрыта залічвалі ў паўстанцы ўсіх чачэнскіх мужчынаў ад 15 да 60 гадоў.

Самародаў спачатку правёў шэсць месяцаў у іміграцыйным цэнтры. Ён атрымаў палітычны прытулак у ЗША толькі 12 траўня 2000 году. Адна з газэтаў Сан-Антоніё заклікала сваіх чытачоў дапамагчы былому афіцэру сабраць грошы на авіябілеты для ягонай жонкі й дзяцей. Яны прыляцелі ў ЗША тры месяцы таму і таксама атрымалі палітычны прытулак. Так што тут ішла размова пра бясьпеку ягонай сям’і.

Дарэчы, атрымаць прытулак было ня так лёгка. Юрыст арганізацыі, што займаецца дапамогай уцекачам, Джон Блатц, сказаў: галоўным фактарам, які вызначыў рашэньне суду даць прытулак Самародаву, была агромністая колькасьць фактаў, якія яны змаглі сабраць разам зь ім праз Інтэрнэт. Яны паказалі, што РНЕ, створаная Баркашовым у 1990 годзе і забароненая ў Маскве, зарганізавала ў Стаўрапалі лягер падрыхтоўкі для “расейскіх рыцараў”, дзе падлеткаў прышчаплялі фашыстоўскую ідэалёгію.

Каля 400 “рыцараў” трапілі ў склад брыгады, дзе служыў Самародаў, а таксама ў 101-ю брыгаду ўнутраных войскаў Расейскай Фэдэрацыі.

Лідэр баркашоўцаў у Стаўрапалі Андрэй Дудзінаў у тэлефоннай размове адмаўляў паведамленьні пра тое, што курсанты лягеру, пра якіх ішла размова, мелі дачыненьне да злачынстваў у Чачэніі.

Між тым, у сваіх прамовах ён праводзіць паралелі паміж сытуацыяй у постсавецкай Расеі і Нямеччынай 1930-х гадоў, а таксама любіць паўтараць, што “Майн Кампф” Гітлера мусіць прачытаць кожны разумны чалавек”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG