Да пачатку 1990-х гадоў месца расстрэлу блізу Гомеля ніяк не было пазначанае ні на гістарычных мапах, ні на мясцовасьці. І толькі пасьля распаду СССР былы вязень ГУЛАГу Рыгор Клімовіч з паплечнікамі ўсталявалі тут чорны крыж з адмысловай шыльдай пра ахвяры бальшавіцкага тэрору.
Успамінае Валянціна Нікіценка з Гомеля:
(Нікіценка: ) “Бацьку майго, Ляпеева Яўсея Іванавіча, і старэйшага ягонага брата Ляпеева Кузьму Іванавіча арыштавалі ў лістападзе 1937 году. Пасьля нашай сям'і прыйшло паведамленьне, што яны асуджаныя на дзесяць гадоў бяз права перапіскі й высланыя на поўнач у закрыты лягер. Мы так і думалі. Затым перад вайною было паведамленьне, што бацька памёр у лягеры.
Амаль паўстагодзьдзя дачка рэпрэсаванага добрускага селяніна спадара Ляпеева ня ведала праўды. Працягвае спадарыня Валянціна:
(Нікіценка: ) “Калі пачалася рэабілітацыя, мы нікуды не пісалі, але атрымалі даведку пра рэабілітацыю бацькі. Пасьля я даслала ліст у аблвыканкам, у камісію рэабілітацыі. Тады выклікалі мяне ва ўправу КГБ, паказалі асабістую справу майго дзядзькі і бацькі. Там і значылася, што у лістападзе 1937 году яны былі арыштаваныя, а ў лютым наступнага году асобая тройка асудзіла іх да навышэйшай меры пакараньня, нібыта за антысавецкую дзейнасьць. А 14 сакавіка прысуд быў выкананы. Менавіта тут, у Гомелі”.