Пра плённасьць сустрэчы, упершыню арганiзаванай Беларускай асацыяцыяй пародненых гарадоў, сьведчыць той факт, што ўчора ўвечары ледзь не была сарваная прэсавая канфэрэнцыя. Да журналiстаў прыйшлi пасол Рэспублiкi Польшчы ў Беларусi Марыюш Машкевiч ды прадстаўнiкi некаторых польскiх гарадоў. Афiцыйныя беларускiя асобы прэсавую канфэрэнцыю праiгнаравалi.
У асацыяцыi пародненых гарадоў растлумачылi, што адбылося гэта не наўмысна: маўляў, польскiя журналiсты ў Берасьце не прыехалi, а iхныя беларускiя калегi былi заўважаныя толькi падчас адкрыцьця сустрэчы.
Мiж тым, ад пачатку беларускi й польскi бакi па-рознаму камэнтавалi мэты арганiзаванага мерапрыемства. Польскiя ўдзельнiкi казалi пра неабходнасьць пашырэньня культурных, экалягiчных ды спартовых кантактаў i пэрспэктывы спрошчанага перасячэньня беларуска-польскай мяжы.
Так, войт гмiны Тэрэспаль Кшыштаф Iванюк заўважыў, што ад цэнтру Берасьця да месца ягонай працы ў памежным польскiм горадзе пяць кiлямэтраў. Але каб пераадолець гэты шлях праз памежны пераход, звычайным грамадзянам патрэбна ў сярэднiм 12 гадзiнаў. Спадар Iванюк бачыць выйсьце ў будаўнiцтве на мяжы каля Берасьця пешаходнага маста. Паводле словаў войта Тэрэспалю, гэтая прапанова зацiкавiла прэм'ер-мiнiстра Польшчы. Затое беларускiя ўлады пакiнулi яе без увагi.
Старшыня Менскага гарвыканкаму Мiхаiл Паўлаў, якi адначасова ўзначальвае Беларускую асацыяцыю пародненых гарадоў, агiтаваў польскiх удзельнiкаў сустрэчы ўкладаць грошы ў беларускую эканамiку i пашыраць кантакты з афiцыйнымi ўладамi.
Пераканаць у мэтазгоднасьцi такiх кантактаў павiнны былi сёньняшнiя экскурсii ў свабодную эканамiчную зону, акцыянэрнае таварыства "Дываны Брэста" i лядовы палац. Але шмат хто з палякаў ад гэтай праграмы адмовiўся i ад'ехаў на радзiму.
Дарэчы, у амбасадара Польшчы на Беларусi журналiсты спыталi, чаму ў адрозьненьнi ад Лукашэнкi прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскi не прыслаў вiншавальную тэлеграму ўдзельнiкам берасьцейскай сустрэчы. На што Марыюш Машкевiч адказаў: "У Польшчы прэзыдэнт не прызначае кiраўнiкоў выканаўчай улады, i яны самастойна прымаюць рашэньне аб удзеле ў падобных сустрэчах".