Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ СТАНЕ ГОРНАЛЫЖНАЙ КРАІНАЙ


Ігар Карней, Менск

Новы вэктар спартовага разьвіцьця назіральнікі наўпрост зьвязваюць з нядаўнім візытам Аляксандра Лукашэнкі на горналыжныя базы ў Казахстане, і асабліва зь цяперашнім знаходжаньнем у аўстрыйскіх Альпах.

Але горналыжны спорт традыцыйна лічыцца надзвычай дарагім задавальненьнем. Толькі асобныя краіны, геаграфічнае становішча якіх дазваляе катацца на лыжах цягам усяго году, стала культывуюць гэты від спорту. Дамінаваньне на горналыжных спусках Аўстрыі, Швэйцарыі, Італіі зразумелае: спартоўцам дапамагае сама прырода.

Раўнінная Беларусь у гэтым сэнсе ня мае ніякіх пэрспэктываў. Самае высокае месца, гара Дзяржынская, уздымаецца над узроўнем мора крыху болей за трыста мэтраў. Таму любая спроба стварыць штучны сьхіл — матэрыялаёмістая справа. Да таго ж, апошнім часам сьнег у Беларусі ляжыць ня болей за месяц-паўтары, і якую функцыянальную нагрузку будуць выконваць сэзонныя канструкцыі цягам астатніх дзесяці месяцаў — застаецца вялікім пытаньнем. Ці не абернецца спроба зарабіць грошы ад прапаганды ніяк не ўласьцівай Беларусі экзотыкі яшчэ большымі выдаткамі, зьвязанымі з утрыманьнем ды абслугоўваньнем такіх комплексаў?

Яшчэ адзін важны момант — надзвычайная дарагавізна горналыжнай амуніцыі. Гандлёвая кампанія "Дыфор", што валодае сеткай спартовых крамаў "Сьвет спорту", займаецца пастаўкамі экіпіроўкі выключна пад замову. Мэнэджэр кампаніі Эдуард Капач кажа, што попыт на недаступныя паводле кошту аксэсуары вагаецца ў памеры ня болей за 1 — 2 пары лыжаў на год.

(Капач:) "Горныя лыжы "Кinder" (дзіцячыя) каштуюць $76, юніёрскія $99 — гэта я назваў самыя танныя. Астатнія кошты, што прапануе нямецкая фірма "Fisсher" — у сярэднім $250 — 300; але ёсьць варыянты і за $499, эксклюзіўныя мадэлі нават за $600. Звычайная павязка на галаву — ад $16; шкарпэткі — $12, швэдар — $86, куртка — $166, штаны горналыжныя — $150, камізэлька — $140, пальчаткі — $27-50, палкі самыя дарагія — $170, самыя танныя — $20".

На заканчэньне мой суразмоўца зрабіў выснову, што экіпіравацца нават паводле мінімальных коштаў сярэдні беларус наўрад ці зможа.

Цікавасьць да надзвычай моднага ў сьвеце спорту ў Беларусі пачалі праяўляць летась. У Раўбічах нават насыпалі адмысловы 100-мэтровы курган, нядаўна нарошчаны мэталічнымі канструкцыямі яшчэ на 150 мэтраў. Спроба будаўніцтва прататыпу гарналыжнай базы зробленая ў вёсцы Якуты пад Менскам, на раней згаданай гары Дзяржынская. Нядаўна тут усталявалі аўтаматычныя пад'ёмнікі ад падножжа да месца старту, але астатняя інфраструктура не адпавядае нават мінімальным пажаданьням аматараў хуткай язды.

Зараз ёсьць спробы асвоіць яшчэ адзін напрамак — Баяры, што ў маладэчанскім кірунку. Але зручнасьць з транспартам (40 хвілінаў на электрычцы) "кампэнсуецца" поўнай адсутнасьцю якіх-небудзь астатніх выгодаў.

Наўрад ці ва ўмовах дэфіцыту бюджэту (нават з улікам неверагодных фінансавых укладаньняў) Беларусь калісьці зможа апынуцца ў шэрагу вялікіх горналыжных дзяржаваў. Як сьцьвярджаюць некаторыя адмыслоўцы, спроба культывацыі ў Беларусі горналыжнага спорту — яшчэ больш беспэрспэктыўная справа, чым нават прымусовае будаўніцтва лядовых палацаў.

За ўсю гісторыю міжнародных спаборніцтваў толькі адзін беларус браў удзел у горным слаламе з лёгка прагназаваным вынікам на фінішы. Гаворкі пра тое, каб падрыхтаваць спартоўца за мяжой, ніхто не распачынае, бо наўрад ці дзеля гэтага хопіць бюджэту Міністэрства спорту і НАК разам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG