Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ЛЯДОВЫХ ПАЛАЦАЎ У БЕЛАРУСІ НАСТАЛА ЧАРГА ГОРНАЛЫЖНЫХ КОМПЛЕКСАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня на брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі ягоны прэсавы сакратар Павал Латушка ўпершыню афіцыйна абвесьціў месца знаходжаньня Аляксандра Лукашэнкі.

(Латушка: ) “МЗС Беларусі можа пацьвердзіць, што прэзыдэнт краіны знаходзіцца ў Аўстрыі ў адпачынку. Усё”.

На маю просьбу ўдакладніць статус Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыі спадар Латушка адказаў гэтак:

(Латушка: ) “Усё, што я мог сказаць, я сказаў на гэтае пытаньне”.

Нагадаю, што ўчора аўстрыйская амбасада ў Маскве заявіла, што спадар Лукашэнка знаходзіцца ў Аўстрыі ў ролі прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. А генэральны сакратар гэтага камітэту Анатоль Іваноў нічога пра гэта ня ведаў.

У Брусэлі таксама ня ведалі пра паездку Аляксандра Лукашэнкі на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу. Супрацоўніца прэсавае службы Эўрапейскае камісіі Эма Адвін сёньня заявіла Радыё Свабода наступнае: "Уведзеныя ў 1997 годзе абмежаваньні што да кантактаў з кіраўніцтвам Беларусі застаюцца ў сіле, аднак яны не датычаць прыватных паездак беларускіх чыноўнікаў".

Прэсавая ж сакратарка спадара Лукашэнкі Натальля Пяткевіч, якая яшчэ ўчора ўвечары адмовілася пацьвердзіць сам факт знаходжаньня свайго шэфа ў Аўстрыі, сёньня нарэшце паведаміла, што "Лукашэнка знаходзіцца ў адным з курортаў побач з Інзбрукам".

А беларуская газэта "День" сёньня напісала, што "Аляксандар Рыгоравіч асвойвае азы горналыжнага спорту на адным з прэстыжных эўрапейскіх курортаў", прычым "падчас аднаго са спускаў Лукашэнка пашкодзіў нагу. У прэзыдэнта сур'ёзная траўма каленнага суставу".

Ягоная прэсавая сакратарка гэта абвяргае ды заяўляе: "Здароўе Аляксандра Рыгоравіча проста выдатнае. Ён у цудоўнай форме".

Натальля Пяткевіч паведаміла таксама, што спадар Лукашэнка актыўна займаецца спортам, правёў некалькі выніковых перамоваў з прадстаўнікамі дзелавых і спартовых колаў Аўстрыі ды, нягледзячы на адпачынак, працягвае выконваць свае прэзыдэнцкія функцыі кіраваньня краінай.

Спадарыня Пяткевіч заявіла, што Аляксандар Лукашэнка меў сустрэчу з кіраўніцтвам Фэдэральнае палаты эканомікі Аўстрыі, на якой абмяркоўваўся цэлы комплекс канкрэтных дзелавых прапановаў.

Аднак Лукашэнкаву прэсавую сакратарку абвяргае прэсавы сакратар згаданае палаты Маркус Нэпф, якому я патэлефанаваў у Вену:

(Нэпф: ) “Наколькі я ведаю, ён не сустракаўся з намі, з прэзыдэнтам нашае палаты Крыстафам Ляйтлем. Я ўпэўнены, што прэзыдэнт Ляйтль не сустракаўся з Лукашэнкам. Тое, што апошні сустрэўся з кімсьці з генэральных сакратароў палаты, — вельмі малаверагодна”.

(Карэспандэнт: ) “Зь якім жа кіраўніцтвам аўстрыйскае палаты сустрэўся Аляксандар Лукашэнка?”

(Нэпф: ) “Я думаю, што ён проста мог прыдумаць гэта, таму што ён не сустракаўся ні з кім з важных прадстаўнікоў нашае палаты — аўстрыйскае Фэдэральнае палаты эканомікі. Я спытаюся, ці сустракаўся ён з кімсьці яшчэ, але гэта цяжка праверыць, бо нас — 1200 чалавек у гэтай палаце”.

Паводле зьвестак Маркуса Нэпфа, у Аляксандра Лукашэнкі была толькі нейкая нефармальная сустрэча ў нядзелю, 10 сакавіка, у Тыролі.

А прэсавая сакратарка спадара Лукашэнкі паведаміла, што ён абмяркоўваў пытаньні мэтазгоднасьці ўступленьня Беларусі ў Гандлёва-прамысловую палату Эўразьвязу. Як неафіцыйна кажуць у аўстрыйскай палаце, з такім жа посьпехам Аляксандар Лукашэнка мог абмеркаваць з курортнікамі-горналыжнікамі мэтазгоднасьць уступленьня Беларусі ў сам Эўрапейскі Зьвяз.

Паводле прэс-сакратаркі, спадар Лукашэнка сустракаўся з прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аўстрыі ды кіраўніцтвам фэдэрацыі лыжнага спорту гэтае краіны, а з прадстаўнікамі дзелавых колаў абмяркоўваліся пытаньні арганізацыі ў Беларусі вытворчасьці спартовага інвэнтару й "дасягнутая дамоўленасьць пра будаўніцтва ў мястэчку Раўбічы горналыжнага комплексу "пад ключ".

Але спадар Лукашэнка ня здраджвае й хакею. Паводле Натальлі Пяткевіч, ён падчас аўстрыйскага адпачынку ўжо двойчы гуляў у хакей і ў нейкім матчы зь мясцовай аматарскай камандай асабіста закінуў 8 шайбаў. А сёньня ўвечары Аляксандар Лукашэнка будзе браць удзел у дабрачынным хакейным матчы зь дзіўным назовам: "Зборная прэзыдэнта Беларусі — Зборная вэтэранаў хакею Аўстрыі". Як можна сабраць зборную з аднаго Лукашэнкі, ягоная прэсавая сакратарка не патлумачыла. Але паведаміла, што сродкі ад матчу плянуецца пералічыць на дапамогу дзецям Чарнобыля пад канкрэтную праграму.

Колькі каштаваў Лукашэнкаў адпачынак у Аўстрыі, Натальля Пяткевіч таксама не распавяла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG