Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭР "НАРОДНАЙ ГРАМАДЫ" СПАДЗЯЕЦЦА, ШТО ЗАЎТРАШНЯЯ ДЭМАНСТРАЦЫЯ Ў МЕНСКУ ПРОЙДЗЕ МІРНА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Арганізатары зьвярнуліся ў гарвыканкам па дазвол на правядзеньне шэсьця ў цэнтры Менску. Аднак гарадзкія ўлады адмовілі ў правядзеньні дэманстрацыі й дазволілі толькі мітынг на плошчы Бангалор. Гаворыць лідэр БСДП "Народная грамада" Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Акцыя адбудзецца, і яна пройдзе годна. Яна пачнецца ў 17.30 з плошчы Я.Коласа".

(Карэспандэнт: ) "Тым ня менш, калі няма фармальнага дазволу, улады маюць права разагнаць гэтую маніфэстацыю".

(Статкевіч: ) "Я ня думаю, што ўлады на гэта зараз пойдуць, бо ім зараз гэта вельмі нявыгадна. Пасьля гэтага будзе міжнародны скандал, улады зараз імкнуцца трапіць у эўрапейскія структуры. Вядома, можна паганяць некалькі дзясяткаў дзяцей, а калі зьбяруцца тысячы людзей — гэта так проста не абыйдзецца. Баяцца тут няма чаго. Будзе мірная акцыя, і мы зробім усё, каб яна была мірная. А тое, што арганізатараў потым некуды пацягнуць, то мы гатовыя да гэтага. Мы лічым, што такія акцыі зараз надзвычай патрэбныя".

Лідэр сацыял-дэмакратаў перакананы, што ўлады цяпер робяць усё магчымае, каб сарваць дэманстрацыю — у тым ліку запалохваюць патэнцыйных удзельнікаў дэманстрацыі. Тым ня менш, сацыял-дэмакраты спадзяюцца, што ўлады ня будуць перашкаджаць руху калёны з пляцу Якуба Коласа да Опэрнага тэатру.

Кіраўніцтва "Народнай грамады" будзе абскарджваць гэтае рашэньне ўладаў у судзе, а таксама накіруе адпаведную заяву ў ААН.

У справе правядзеньня дэманстрацыі да "Народнай грамады" таксама далучыліся Партыя працы й Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

БСДП "Народная грамада" не арганізоўвала вулічных палітычных мерапрыемстваў ўжо даволі даўно, але, паводле Міколы Статкевіча, гэта не азначае, што партыя адмовілася ад вулічных сродкаў барацьбы. Мікола Стакевіч працягвае:

(Статкевіч: ) "Мы з 14 траўня 2000 году не праводзілі вулічных акцыяў. Таму што мы пачалі рыхтавацца да выбараў, спачатку парлямэнцкіх, а потым прэзыдэнцкіх. Увогуле для нас мэта вулічных акцыяў — гэта камунікацыя з выбаршчыкамі, з насельніцтвам, зь людзьмі. Але выбары — больш эфэктыўны спосаб камунікацыі, а рэсурсы нашыя не гумовыя. Цяпер, калі выбараў няма, мы правядзем гэтай вясной дзьве акцыі, а потым зноў пяройдзем да падрыхтоўкі да мясцовых выбараў".

Сёлета сацыял-дэмакраты правядуць яшчэ адну вулічную акцыю — 1 траўня, на Дзень працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG