Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЕДЖАНЬНЕ САВЕТУ МІНІСТРАЎ САЮЗУ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ Й ДВУХБАКОВЫЯ ДАЧЫНЕНЬНІ


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Уладзімер Навасяд і Сямён Навапрудзкі

(Дракахруст: ) “Сёньня ў Менску прайшло чарговае паседжаньне Савету міністраў саюзу Беларусі й Расеі пад старшынёўствам прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Касьянава.

Вынікі гэтай нарады маюць папярэдні характар, яна праводзілася ў межах падрыхтоўкі да паседжаньня вышэйшага савету саюзу, што адбудзецца 20 сакавіка.

Аднак тэмы, што абмяркоўваліся на сёньняшнім паседжаньні ў Менску, так бы мовіць, “вечныя” для беларуска-расейскіх адносінаў. Гэта палітычная інтэграцыя – канстытуцыйны акт, гэта эканамічнае збліжэньне і гэта ўдзел расейскага капіталу ў беларускай прыватызацыі. Я прапаную вам выказаць свае меркаваньні пра цяперашні стан гэтых праблемаў.

Зараз існуе ажно чатыры праекты канстытуцыйнага акту. Меркавалася, что канчатковы выбар паміж імі Лукашэнка і Пуцін зробяць яшчэ летась. Зараз сакавік, але ніякага рашэньня няма. Чаму? Уладзімер Навасяд, як Вы мяркуеце?”

(Навасяд: ) “У нашай камісіі знаходзіцца праект закону пра выбары ў палату прадстаўнікоў саюзнага парлямэнту. Ён ляжыць ужо прынамсі год, але на абмеркаваньне сэсіі ніхто яго выносіць не зьбіраецца. Я вельмі скептычна стаўлюся да ўсіх гэтых праектаў. Чым больш у мэдыях гавораць пра інтэграцыю з Расеяй, тым далей мы разыходзімся.

Эканомікі Беларусі й Расеі – гэта, як кажуць у Адэсе, “дзьве вялікія розьніцы”. І немагчыма інтэграваць беларускую эканоміку, якая зьяўляецца плянавай, у сучасную эканоміку Расейскай Фэдэрацыі”.

(Дракахруст: ) “Спадар Навапрудзкі, а як Вы мяркуеце, чаму, нягледзячы на нібыта вялікае імкненьне Крамля і афіцыйнага Менску да ўтварэньня саюзнай дзяржавы, гэтага не адбываецца? Чаму бакі ня могуць прыйсьці да згоды нават наконт найлепшага варыянту гэтага аб’яднаньня?”

(Навапрудзкі: ) “Мне здаецца, што ўсе размовы пра добрую волю бакоў у гэтым пытаньні надвычай перабольшаныя. Гэта чыстая прапаганда. Па вялікім рахунку ні пры Ельцыне, ні пры Пуціне Расея не дэманстравала вялікага жаданьня інтэгравацца зь Беларусьсю, жаданьня плаціць за ўтрыманьне таго рэжыму, перш за ўсё эканамічнага, а часткова і палітычнага, які ўсё ж дастаткова далйкі ад расейскага. Гэта з аднаго боку.

З другога боку, відавочна, што і сам Аляксандар Лукашэнка ня хоча паўнавартаснай інтэграцыі. Ён у любым выпадку хацеў бы, каб саюзная дзяржава існавала ў форме дзьвюх дзяржаваў, ён ня хоча, каб Расея паглынула Беларусь. Пры такім раскладзе ўсе канстытуцыйныя акты – гэта такая заканадаўчая гульня, якая калі нават дойдзе да нейкага лягічнага выніку, усё роўна ён ня будзе мець аніякай практычнай рэалізацыі.

Іншымі словамі, любы акт – канстытуцыйны ці неканстытуцыйны, любы закон саюзнай дзяржавы ня будзе выконвацца, бо ў рэчаіснасьці ніякай саюзнай дзяржавы не існуе і няма аніякага рэальнага мэханізму яе стварэньня. Пры тых палітычных і эканамічных каардынатах, якія маюць Беларусь і Расея, іх аб’яднаньне не магчымае тэхналягічна. Боязь прызнаць гэтую ісьціну і правакуе ўсе гэтыя паседжаньні саюзных саўмінаў і вышэйшых саветаў.

Бакі пакуль ня маюць палітычнай волі прызнаць, што пры цяперашнім раскладзе яны проста тэхналягічна ня могуць стаць ніякай саюзнай дзяржавай. Відаць, гэтыя гульні будуць працягвацца даволі доўга, пакуль абедзьве краіны на ўзроўні іх лідэраў (а ў Беларусі гэта, я мяркую, можа адбыцца толькі пасьля Лукашэнкі) ня скажуць адна адной праўду – мы ня можам быць адзінай краінай, але мусім думаць, калі хочам, пра магчымыя формы інтэграцыі. Зараз, па вялікім рахунку, не магчымыя ніякія”.

(Дракахруст: ) “У сёньняшнім нумары “Советской Белоруссии” намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Леанід Козік паскардзіўся, што дагэтуль захоўваюцца істотныя адрозьненьні ў чыгуначных тарыфах і цэнах на энэрганосьбіты паміж Расеяй і Беларусьсю.

Вы, спадар Навапрудзкі, сказалі, што Расея ня хоча плаціць за ўтрыманьне цяперашняй Беларусі. А чаму? У Расеі даволі папулярнае меркаваньне, што Беларусь – адзіны верны саюзьнік Расеі, што ўсе астатнія краіны яе ня любяць і ўсяляк ёй шкодзяць. За адзінага саюзьніка – чаму б і не заплаціць?”

(Навапрудзкі: ) “Расейская палітычная эліта не ўспрымае Беларусь як рэальнага найбліжэйшага саюзьніка. Асабліва гэта стала відавочным пасьля 11 верасьня. Яна хацела б, каб рэальным найбліжэйшым саюзьнікам Расеі былі Злучаныя Штаты Амэрыкі. Расея пакутліва адмаўляецца ад сваіх імпэрскіх амбіцыяў. Зразумела, што Расея страчвае свой кантроль над постсавецкай геапалітычнай прасторай пасьля 11 верасьня. Асабліва відавочным гэта стала пасьля таго, як амэрыканцы зрабілі легітымнай сваю прысутнасьць у краінах Сярэдняй Азіі.

У Беларусі людзям, якія выступаюць за шчыльную інтэграцыю з Расеяй, давядзецца перажыць пэўнае расчараваньне. Расея зараз занадта слабая, каб кагосьці да сябе прывязваць у якасьці малодшага саюзьніка. Расея сама выступае ў якасьці малодшага саюзьніка, як казалі ў СССР – “малодшага брата”, адносна краінаў, якія мацнейшыя за яе. Сэрцам расейская эліта гэта не прымае, але часткова розумам, часткова рэальнай роляй, якую Расея выконвае ў сучасным сьвеце, з гэтым прыйдзецца зьмірыцца. Расея зараз ня будзе рабіць рэзкіх фінансавых крокаў насустрач Беларусі – незалежна ад любой палітычнай рыторыкі”.

(Дракахруст: ) “Пэўны час таму беларускі прэм’ер Навіцкі распавёў, як яго расейскі калега Касьянаў патлумачыў яму ўмовы эканамічнага збліжэньня – ніякіх адзіных цэнаў на энэрганосьбіты да тае пары, пакуль беларуская эканоміка ня будзе перабудаваная пад расейскі стандарт. Спадар Навасяд, як Вы мяркуеце, ці пойдзе беларускае кіраўніцтва на гэта ўрэшце? Або будзе адстойваць сваю так званую “беларускую мадэль”?”

(Навасяд: ) “Калі Расея ўводзіць у сябе дома эўрапейскія стандарты, то весьці зь Беларусьсю нейкія перамовы наконт канстытуцыйнага акту, наконт нейкіх адмысловых адносінаў паміж суб’ектамі эканомікі – гэта атавізм савецкіх часоў. Паводле зьвестак сацыялягічных апытаньняў, у Беларусі большасьць насельніцтва ўжо ня верыць у стварэньне саюзнай дзяржавы.

На лібэралізацыю беларуская ўлада ідзе вельмі цяжка, бо гэтая лібэралізацыя прывядзе да таго, што людзі стануць свабоднымі. А гэта пацягне за сабою і палітычныя пераўтварэньні. Але эканомічны стан Беларусі зараз такі, што гэта ўжо непазьбежна. Калі беларускае кіраўніцтва ня пойдзе па расейскім шляху лібэралізацыі эканомікі, то ў нас будзе іншая ўлада. Калі нічога не рабіць, то ў хуткім часе эканоміка проста зьнікне. І палітычны рэжым вымушаны – хоць бокам, хоць задам – праводзіць пераўтварэньні, што мы і назіраем”.

(Дракахруст: ) “Напярэдадні візыту Касьянава ў Менск прайшла інфармацыя, што расейскі прэм’ер наведае МАЗ. Аднак потым паведамлялася, што гэты пункт парадку дня візыту адмянілі. Гэтая блытаніна яскрава ілюструе становішча з удзелам расейскага капіталу ў беларускай прыватызацыі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў здавалася, што шлях расейскаму капіталу ў Беларусь адкрыты. Але падзеі вакол прыватызацыі МАЗу, скандал з расейскім піўным канцэрнам “Балтика” паказалі, што гэта, мякка кажучы, ня так. Ці зьменіцца гэтая сытуацыя?”

(Навасяд: ) “Я мяркую, што расейскі капітал хацеў правесьці прыватызацыю па расейскім стандарце – гэта калі прадпрыемства робіцца банкротам і яго купляюць за капейкі. Беларуская ўлада меркавала атрымаць куды большыя сумы за гэтыя прадпрыемствы. Расейцы так праводзілі прыватызацыю ў сябе, яны да гэтага стылю прызвычаіліся.

Калі ў Беларусь прыйдзе замежны капітал – хоць расейскі, хоць нямецкі, хоць які, ён будзе ўсталёўваць свае правілы гульні. А сёньня ў нас ёсьць толькі адзіны чалавек, які вызначае правілы гульні”.

(Дракахруст: ) “Спадар Навапруцкі, ці будзе Беларусь вымушаная пайсьці на прыватызацыю, ці “беларуская мадэль”, якую адстойвае Лукашэнка, захаваецца? Я хачу нагадаць, што амаль адразу пасьля ягонага прыходу да ўлады шмат адмыслоўцаў прагназавалі, што праз паўгода-год уся эканоміка, груба кажучы, “накрыецца медным тазам”. Прайшло сем гадоў, а “таза” нешта не відаць”.

(Навапрудзкі: ) “Стан, калі эканоміка “накрываецца медным тазам”, можа працягвацца бясконца доўга, так бы мовіць, дно дна практычна недасягальнае. Дно дна – гэта сацыяльныя хваляваньні й рэвалюцыя. Я асабіста сумняюся, што беларускае грамадзтва гатовае да рэвалюцыі. Мне здаецца, што Лукашэнка ўвесь час свайго кіраваньня будзе балянсаваць паміж знакамі й рыторыкаю наконт таго, што тычыцца лібэралізацыі эканомікі, і сваёй воляю і псыхалягічным нежаданьнем гэта рабіць. Я мяркую, што Лукашэнкава жаданьне кіраваць Беларусьсю, як вялікім калгасам ці саўгасам, пераможа ў гэтай яго ўнутранай барацьбе.

Па вялікім рахунку расейскі капітал зараз ня так ужо моцна і зацікаўлены ў Беларусі. У Беларусі ёсьць адна перавага – танная працоўная сіла й вельмі кваліфікаваная на ўзроўні гэтай таннасьці. Мне здаецца, што Лукашэнка да апошняй гадзіны будзе рабіць усё магчымае, каб не прыватызаваць прадпрыемствы.

Беларусь даволі спакойная краіна, у яе дастатковы запас палітычнай і псыхалягічнай трываласьці, каб Лукашэнка працягваў гэтую палітыку балянсаваньня дастаткова доўга, нічога не мяняючы па сутнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG