Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫЯ КРЫНІЦЫ ПРАЦЯГВАЮЦЬ НАСТОЙВАЦЬ НА ТЫМ, ШТО АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗДАРОВЫ І ПРОСТА АДПАЧЫВАЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прызнаўшы, што Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ў Аўстрыі, афіцыйныя крыніцы працягваюць настойваць , што адчувае ён сябе добра і зьехаў не на лячэньне, а толькі ў адпачынак. Пра гэта сёньня заявіла Радыё Свабода прэсавы сакратар Лукашэнкі Натальля Пяткевіч, якая назвала стан здароўя свайго шэфа "выдатным".

Між тым, неафіцыйныя крыніцы, якія ўчора паведамілі мне пра ад'езд Аляксандра Лукашэнкі за мяжу і, як выявілася, мелі рацыю, працягваюць зьвязваць ягоную паездку са станам здароўя. Аднак гэтым разам крыніцы папярэджваюць, што дакладных зьвестак няма, бо інфармацыя пра стан здароўя галоўнай асобы ў Беларусі ёсьць сакрэтам. Таму у дадзеным выпадку крыніцы спасылаюцца на пэўныя ўскосныя дадзеныя.

У прыватнасьці, спасылаюцца на абслугоўваючы пэрсанал прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў Драздах, паводле якога ў Лукашэнкі зьявіліся прыкметы цяжкага захворваньня прастаты. Гэтая вэрсія знаходзіць працяг у тым меркаваньні, што ў Аўстрыі Лукашэнка ня проста адпачывае, а праходзіць мэдычны агляд ці першы курс лячэньня ў адной з клінік у гарах.

Сьцвярджаюць, што гэта даволі распаўсюджаная сярод вядомых асобаў практыка, калі яны прыяжджаюць лячыцца пад выглядам адпачынку на горным курорце.

Другой вэрсіяй раптоўнага ад'езду Лукашэнкі ў Альпы ёсьць тое, што ён лечыцца ад галаўных боляў. Паводле некаторых набліжаных да яго асобаў, апошнія два гады Аляксандар Лукашэнка пакутуе на раптоўныя галаўныя болі, нібыта некалькі разоў ён нават губляў прытомнасьць. Пры гэтым беларускія лекары быццам ня могуць паставіць Лукашэнку дакладны дыягназ.

Пакуль дакладна вядома, што сем гадоў таму Лукашэнка пакутваў на радыкуліт. Згадвае жонка былога прэм’ера Чыгіра Юлія Чыгір, якая ў той час магла зблізку назіраць за Лукашэнкам.

(Юлія Чыгір: ) "Гэта было, калі ён стаў прэзыдэнтам, недзе празь месяц ці два, дакладна я ня памятаю, але памятаю, што "Песьняры" адзначалі свае ўгодкі і давалі канцэрт у Палацы спорту. На гэтым канцэрце Аляксандар Рыгоравіч скардзіўся на тое, што ў яго баліць сьпіна, ён і сядзеў неяк вельмі нязручна. Выглядала так, што на самой справе ў яго нешта баліць. Але ў мяне тады склалася такое ўражаньне, што малады прэзыдэнт стаміўся і хацеў адпачыць і таму рабіў выгляд, што хворы".

Зь першых дзён прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка вызначаўся актыўнымі заняткамі спортам, на якія адводзіў шмат часу. Працоўны дзень Лукашэнкі, паводле Юліі Чыгір, звычайна пачынаўся а дзясятай гадзіне раніцы і заканчваўся а трэцяй дня. Пасьля гэтага ён альбо ехаў на каток, альбо у басэйн.

Праўда, Юлія Чыгір прызнае, што часам Лукашэнка працаваў і ўначы — пра гэта сьведчылі рэдкія начныя званкі прэзыдэнта Міхаілу Чыгіру, у той час прэм’еру. Юлія Чыгір падкрэсьлівае, што Лукашэнка вёў вельмі спартовы вобраз жыцьця, аднак яна ня ведае, ці не выконваў ён гэтым парады лекараў. Жонка экс-прэм’ера кажа, што свайму здароўю Лукашэнка ад першага дня прэзыдэнцтва надаваў надзвычайную ўвагу.

(Юлія Чыгір: ) "Побач зь ім заўсёды была Ірына, ягоны лекар, яна заўсёды езьдзіла разам зь ім ва ўсе камандзіроўкі. Лукашэнка заўсёды пасяляў яе побач з сабой. Гэтак, у Францыі, калі быў афіцыйны візыт Лукашэнкі, з гэтай прычыны нават учыніўся скандал. Бо Лукашэнка пасяліў Ірыну ў пакой, які плянаваўся для міністра замежных справаў Сянько. Спаслаўся на тое, што яе дапамога патрэбная яму ўвесь дзень. Потым ахоўнікі распавядалі, што кожную раніцу вельмі рана яна робіць яму масаж".

Спробы высьветліць, ці паехала гэтым разам з Лукашэнкам за мяжу Ірына Абельская, плёну ня мелі. У прыёмнай лячэбнай камісіі, якую зь мінулага году ўзначальвае асабісты доктар Лукашэнкі Ірына Абельская, адказалі, што ня могуць паведаміць, дзе сёньня знаходзіцца начальніца лечкамісіі.

Ня выключана і тое, што Аляксандар Лукашэнка проста перажывае чарговае захапленьне спортам і сапраўды катаецца на горных лыжах па схілах Альпаў. Згадваецца, што падчас апошняга саміту лідэраў СНД у Алматы Лукашэнка разам зь іншымі прэзыдэнтамі наведаў горны курорт Чымбулак, дзе дасьведчаныя інструктары далі яму некалькі ўрокаў горнага спуску на лыжах.

Расейскія журналісты, якія прысутнічалі пры гэтых практыкаваньнях, паведамлялі, што кіраўнік Беларусі спачатку стаяў на лыжах няўпэўнена і некалькі разоў паваліўся ў сьнег, але потым прызвычаіўся і катаўся дастаткова ўдала. Магчыма, цяпер у Альпах ён удасканальвае сваё лыжнае майстэрства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG