Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНЦКІ САМАЛЁТ СТАІЦЬ У АЭРАПОРЦЕ ВЕНЫ, А САМ ЛУКАШЭНКА АДПАЧЫВАЕ Ў АЛЬПАХ


Ігар Карней, Менск

Яшчэ пры канцы мінулага тыдня прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што кіраўнік дзяржавы зьбіраецца ў кароткатэрміновы адпачынак. Дзе канкрэтна плянаваў Лукашэнка правесьці гэтыя дзесяць дзён, дзеля захаваньня бясьпекі не разгалошвалася. Але ўжо тады зьявіліся зьвесткі, што ўпершыню за ўвесь тэрмін свайго кіраваньня Лукашэнка зьбіраецца адмовіцца ад традыцыйнага адпачынку на курортах закрытага тыпу ў Крыме ці на чарнаморскім узьбярэжжы Расеі і паехаць за мяжу.

Праўда, з улікам таго, што Лукашэнка даўно ў сьпісе так званых "невыязных палітыкаў", пэрспэктыва замежнага адпачынку выклікала пытаньні. Але сёньня адін зь пілётаў авіякампаніі "Белавія" ў гутарцы са мной пацьвердзіў, што ад 7 сакавіка самалёт Лукашэнкі знаходзіцца ў сталіцы Аўстрыі.

Пілёт распавёў, што бачыў ляйнэр на ўласныя вочы ў мінулы чацьвер, калі зьдзяйсьняў рэгулярны рэйс у Вену. Паводле ягонай інфармацыі, пляцоўка пад самалёт Лукашэнкі зафрахтаваная да 17 сакавіка. У часе гутарак з абслугай аэрапорту мой суразмоўца даведаўся, што Аляксандра Лукашэнку тут жа, у венскім аэрапорце, чакаў невялікі прыватны самалёт, на якім Лукашэнка і адляцеў у невядомым кірунку ў атачэньні некалькіх ахоўнікаў.

Экіпаж прэзыдэнцкага авіяляйнэра рэйсам "Austrian airlines" быў адпраўлены ў Менск. Што да верагодных маршрутаў Лукашэнкі, які, падаецца, адпачывае ў Эўропе інкогніта, то лётчык "Белавія" дапускае два напрамкі: альбо Лукашэнка спыніўся на адным са шматлікіх гарналыжных курортаў Аўстрыі, альбо адляцеў на невялікую адлегласьць у сумежную з Аўстрыяй краіну. Прынамсі, мяркуючы па клясе самалёта, які сустракаў Лукашэнку ў венскім аэрапорце, вялікія адлегласьці такі апарат скарыць ня здольны.

Ці зьбіраецца Лукашэнка, паводле прыкладу расейскага прэзыдэнта Пуціна, асвоіць яшчэ й горныя лыжы — пакуль невядома. Але ці дорага абыдзецца прэзыдэнцкі адпачынак беларускім падаткаплатнікам? Натуральна, што ўсё залежыць ад таго, якую культурную праграму заплянавала для Лукашэнкі ягонае атачэньне. На пытаньне: колькі можа каштаваць 10-дзённы прастой самалёту ў адным з самых дарагіх аэрапортаў сьвету, намесьнік кіраўніка кампаніі Ігар Ўранчаль адказаў, што ўсё залежыць ад цэлага шэрагу чыньнікаў:

(Ўранчаль: ) "Гэта цалкам залежыць ад таго, як заказчык дамовіцца, які па працягласьці чартэр. Залежыць ад многіх фактараў: ад аэрапорту, нават ад вагі самалёта. Але ня думаю, што гэта вельмі вялікія грошы. Іншая справа, што гэты самалёт на балянсе кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта. І куды ён паляцеў, нас гэтае пытаньне не хвалюе".

Сёньня на просьбу Радыё Свабода ў адміністрацыі венскага аэрапорту пацьвердзілі, што самалёт Аляксандра Лукашэнкі сапраўды прызямліўся тут на мінулым тыдні, але ці знаходзіцца ляйнэр у аэрапорце дагэтуль — не разгалошваецца зь меркаваньняў бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG