Паводле спадарыні Пяткевіч, гэта звычайны адпачынак, ніяк не зьвязаны са станам здароўя Лукашэнкі.
(Пяткевіч: ) "Я магу адказаць упэўнена, абсалютна ўпэўнена, што ён не на лячэньні, ён здаровы, як заўсёды, проста ўзяў некалькі дзён адпачынку. А праводзіць адпачынак ён будзе як заўсёды актыўна, у спартовым рэжыме".
Паводле Натальлі Пяткевіч, няма дадзеных, што Лукашэнка зьбіраецца на час адпачынку зьехаць зь Беларусі.
Між тым неафіцыйныя крыніцы паведамляюць, што Аляксандар Лукашэнка зьехаў у адну з заходніх краінаў. Называюць Нямеччыну альбо Аўстрыю. Паводле гэтых крыніцаў, Лукашэнку тэрмінова спатрэбілася прайсьці абсьледаваньне ў адной з дарагіх прыватных клінік, бо беларускім дактарам не ўдаецца вызначыць прычыну цяжкіх галаўных боляў, ад якіх ён нібыта пакутуе.
У амбасадзе Нямеччыны адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра магчымы прыезд у краіну Аляксандра Лукашэнкі, спаслаўшыся на правіла не камэнтаваць любыя пытаньні, што тычацца візаў. Пры гэтым у амбасадзе нагадалі, што ў 1998 годзе Лукашэнка ўжо наведваў Нямеччыну як прыватная асоба.
У прэсавай службе адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі паведамілі, што на заўтра, 12 сакавіка не заплянаваная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэм’ерам расейскага ўраду Міхаілам Касьянавым, які наведае Менск для ўдзелу у паседжаньні савету міністраў так званай саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі.