Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОБР


Ягор Маёрчык

Я стаю на гэтак званай старой маскоўскай трасе і зьбіраюся ўвайсьці ў Бобр. Мая вандроўка яшчэ не пачалася, але першая нечаканасьць навідавоку. Няма аніякіх шыльдаў альбо знакаў з назвай мястэчка, ня кажучы ўжо пра герб, атрыманы разам з Магдэбурскім правам яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага.

Аднапавярховыя дамы, некалькі крамаў, сярэдняя школа, бібліятэка, кінатэатар — стандартны набор для населенага пункту сярэдніх памераў. Заасфальтаваная ў Бабры толькі цэнтральная вуліца. Усе астатнія — гэта раскіслая глеба, выспы якой чаргуюцца зь вялікімі лужынамі. Каб прывесьці да ладу праезныя часткі ды ходнікі, хранічна не хапае грошай.

З гэтай жа прычыны старшыня тамтэйшага сельсавету Юры Барысаў ня можа зрэалізаваць сваю даўнюю мару — адрадзіць кірмаш. Ён прызнаецца, што стаміўся быць пры ўладзе і пакіне пасаду, як толькі ў Бабры загудуць гандлёвыя шэрагі:

(Барысаў: ) "Сёлета кірмаш будзе — гэта сто адсоткаў. Кірмаш гэты на маім сумленьні. Я кірмаш будую і зыходжу з гэтай пасады. Хопіць! Я проста стаміўся. Я прыходжу на працу а восьмай раніцы. І да абеду толькі і раблю, што адказваю на тэлефанаваньні. У нас насельніцтва — 78% пэнсіянэры. А ім дапамога патрэбная. Райвыканкам сельсавету дапамогі сёлета заплянаваў усяго 200 тысячаў. Як з гэтымі грашыма я дапамагу кожнаму? Не магу!"

Не хапае сродкаў ня толькі тамтэйшаму сельсавету. Хоць мэдычная дапамога дагэтуль лічыцца ў Беларусі ўсеагульнай і бясплатнай, жыхары Бабра (а гэта з большага — людзі сталага веку зь невялікімі пэнсіямі) мусяць самі паклапаціцца пра лекі і мэдычныя прылады. Галоўны лекар амбуляторыі Маргарыта Гулькава:

(Гулькава: ) "Не хапае грошай на шпрыцы, перавязачны матэрыял, на мэдыкамэнты. Гавораць, што будзе абмежаваньне паставак сьпірту. Шпрыцоў у нас дастаткова шматразовых. Але, разумееце, зь цягам часу зь іх выцякаюць лекі. Людзей шкада калоць тупымі іголкамі.

А вось з аднаразовымі, канешне, праблема ёсьць. Сканчаюцца шпрыцы для дзяцей. Для вакцынацыі. Ну, будзем прасіць бацькоў, каб самі набывалі. Нельга так казаць, але калі ў чалавека хапае грошай на бутэльку (кожны дзень!), дык я мяркую, што на кавалак бінта яму таксама хопіць грошай".

Каб даведацца, ці сапраўды (калі што) у людзей хопіць грошай, я скіроўваюся на жывёлагадоўчую фэрму. Лявіруючы паміж горкамі конскага гною, і (каб не пасьлізнуцца на брудным лёдзе) трымаючыся рукамі за нахілены да зямлі плот, я падыходжу да кароўніка.

Два нецьвярозыя кіроўцы за рулём аднаго трактара на маіх вачах толькі з чацьвертага разу ўяжджаюць у браму...

Унутры некалькі дзясяткаў кароваў. Нават здалёк вока чапляецца за рэбры, абцягнутыя скурай. Жывёліны спрабуюць перажоўваць гнілое сена. Праз колькі хвілінаў сярод быдла я заўважаю спадарыню, якая зь пераменным посьпехам намагаецца даіць схуднелых кароў.

(Карэспандэнт: ) "А колькі ў вас заробак?"

(Спадарыня: ) "О-о-о-й! Лепей не пытайцеся! 12 тысяч".

(Карэспандэнт: ) "Сур'ёзна?”

(Спадарыня: ) "Так. Мой муж 12 тысяч за месяц зарабіў. І вось сказалі, што ў гэтым месяцы заробак зрэжуць".

(Карэспандэнт: ) "Каровы такія худыя..."

(Спадарыня: ) "Няма чым карміць. Мукі няма. Нічога няма. Няма кармоў. Сянаж увесь гнілы заклалі. Сена ўсё засталося на палях. Буракі, бульба — усё засталося на палях. Няма прывесу, няма малака. За гэта, сказалі, зьнізяць заробак".

(Карэспандэнт: ) "А народ што думае пра гэта?"

(Спадарыня: ) "Калі заробак зьнізяць, усе пачнуць страйкаваць. Ні даіць, ні карміць — нічога рабіць ня будзем. Гэта ўжо больш невыносна. Што рабіць? З голаду паміраць?!"

(Спадар: ) "Куды цяпер ісьці працаваць? Я вось тут ў калгасе працую. Я трактарыст. Я гэтую жывёліну люблю даглядаць. Можна сказаць, трымаюся тут душою. Вось так тут і гаруем".

Кантрастам на фоне паміраючага калгасу выглядае гаспадарка Рыгора Анупрыенка. У хатніх умовах ён выводзіць, а пасьля на сваіх палетках вырошчвае новыя гатункі бульбы. Імкнецца кіравацца сучаснымі заходнімі тэхналёгіямі.

(Анупрыенка: ) "Працую на зямлі. Вырошчваю бульбу. Не ў калгасе — самастойна. Я ня фэрмэр — гэта моцна будзе сказана — але спрабую на гэтай зямлі вырасьціць ураджай бульбы, якім бы я ганарыўся, вывесьці такія гатункі і прадаць потым людзям, якія б палегчылі іхную працу на гэтай зямлі.

Летась сабраў 280 цэнтнэраў з гектару. А ўраджай у лепшых калгасах — блізу 80 цэнтнэраў. А пра калгас што можна сказаць? Ужо гадоў пяць я думаю, што горш не бывае. І штогод пераконваюся, што гэты стан усё пагаршаецца і пагаршаецца. Асноўная прычына — гэтая форма працы на зямлі зжыла сама сябе. І вось тая, як Ён называе, харчовая бясьпека, хутка ўся ляжа пад лаўку.

Але ня хочацца ў гэта верыць. Ён казаў, што калі згубім настаўніка, дык будзем хадзіць п’яныя і дурныя... А вось пры гэтым самым галоўным настаўніку гэта нам пагражае. Ня толькі Бабру, а, мабыць, і ўсёй нацыі. Будзем хадзіць п’яныя і дурныя".

Спадар Анупрыенка скардзіцца, што некаторыя месьцічы час ад часу робяць начныя рэйды на ягоныя палеткі. А пасьля на ўласным страўніку правяраюць смакавыя вартасьці новых гатункаў бульбы.

Кажучы мовай міліцыйных штампаў, у Бабры вельмі напружаная крымінагенная сытуацыя. Мястэчка займае другое месца ў раёне па ўзроўні злачыннасьці. З паўсотні жыхароў зараз знаходзяцца за кратамі.

Зрэшты, ва ўсім гэтым ёсьць гістарычныя карані. Яшчэ ў кроніках Бобр часьцей за ўсё згадваўся у зьвязку з частымі нападамі на вандроўнікаў. У 20-х гадах мінулага стагодзьдзя сябра партыі "Зялёны дуб" Ягор Моніч спыніў тут цягнік і абрабаваў прадстаўнікоў адразу некалькіх дыпляматычных місіяў, якія накіроўваліся ў Маскву.

Крымінальная рамантыка і повязь з падзеямі шматгадовай даўніны існуюць і сёньня. У Бабры жыве сапраўдны крымінальны аўтарытэт. Па прыемнай усьмешцы гэтага спадара ніколі не скажаш, што 16 год свайго жыцьця ён адседзеў ў калёніях на поўначы Савецкага Саюзу. А пачалося ўсё зь вечарыны ў мясцовай школе. Хлопцы нешта не падзялілі і праўду ў спрэчцы пачалі шукаць пры дапамозе кулакоў. Тое, што адбылося далей цягне на сюжэт для дэтэктыву:

(Спадар: ) "Там Ленін стаяў. Можа я і зачапіў Леніна гэтага. Ленін упаў. І яны мне склалі пратакол, што я быў пьяны і таптаў нагамі Леніна, абражаў яго. Мне далі чатыры гады ўзмоцненага рэжыму. З гэтага пачалася мая "кар'ера". Мяне накіравалі па этапу на лесапавал.

Станцыя Чарнакозава. Чачэны, ведаеш, якія? Рускіх ня любяць. Абражаюць: алехан, алехан (расеец). А я кажу: "Які я вам алехан, калі я беларус?" Ён мне кажа: “Я цябе тут закатую”. Калі ён падышоў, я яму адразу "пікавінай" (нажом) у бок. А пасьля яшчэ раз. Далі пасьля яшчэ 12 гадоў узмоцненага рэжыму.

Я ніколі ня думаў, што вызвалюся. Калі мяне паклікалі, я падумаў, што падманваюць. Я ехаў дадому у Бобр. Бярозкі, елачкі — усё павырастала. Столькі часу прайшло! І я ад гэтага плакаў, што гэта змарнаваны час. Можа я б вывучыўся і стаў якім-небудзь дырэктарам ці аграномам. А так — супакоіўся, жыву вось пакрысе, працую".

Легенды Бабра і прыгоды ягоных жыхароў у вачах вандроўніка нейкім чынам кампэнсуюць тузін паўсядзённых праблемаў.

У гэтым мястэчку некалі спыняўся Напалеон. Тут, у стайні, на месцы якой цяпер стаіць помнік героям Вялікай Айчыннай вайны, ён спаліў сьцягі сваёй гвардыі. Імпэратар усю ноч маліўся. А на наступны дзень была пераправа церазь Бярэзіну...

Некалі на цэнтральным пляцы стаяў касьцёл сьвятой Дзевы Марыі. За савецкай уладай яго зруйнавалі, а на тым месцы ўзьвялі будынак сельсавету. Грамадзкія прыбіральні і сёньня месьцяцца побач. На магілах кзяндзоў...

Колькі гадоў таму ў мястэчку адбудавалі праваслаўную царкву. Вернікі зьвярнуліся да жыхара Бабра мастака Алеся Пушкіна, каб той расьпісаў яе. Алесь адмовіўся ад ганарару, а замест папрасіў дазволу намаляваць сцэну Страшнага суду. Натуральна, як ён яе бачыць.

І цяпер сярод герояў біблійнага сюжэту наведвальнікі царквы пазнаюць твары Аляксандра Лукашэнкі і патрыяршага экзарха Беларусі мітрапаліта Філярэта.

Перакананая камуністка баба Юля на сваім дзявятым дзясятку ніколі ня думала, што стане вядомай далёка за межамі Бабра. Аднойчы падчас набажэнства яна падняла вочы на столь, убачыла выяву цяперашняга кіраўніка Беларусі, палітыку якога яна, дарэчы, цалкам падтрымлівае, і... страціла прытомнасьць.

Цяпер баба Юля ня любіць узгадваць той дзень. У часе сустрэчы са мной, яна ўсё адмаўляла:

(Спадарыня: ) "Я там нікога ня бачыла. Шчыра кажу! Крыж на пуза, што шчыра! Чэснае партыйнае: я ня бачыла. Толькі сьвятыя намаляваныя, дык я і не заўважыла, дзе там Лукашэнка. Хто яго ведае?"

Найбольш апантаныя вернікі хацелі грэшніку, падобнаму да Аляксандра Лукашэнкі, прымаляваць... бараду. Маўляў, тады яго ніхто не пазнае.

Больш нэрвовая рэакцыя была ў кіраўніцтва Барысаўскай акругі праваслаўнай царквы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пры канцы мінулага году адбыўся сход сьвятароў. Галоўным пытаньнем было захаваньне царкоўнай дысцыпліны. Што да Бобрскай царквы — вырашылі ўвесну прыслаць муляроў і зьнішчыць крамолу.

Згаданы мастак Алесь Пушкін жыве ў звычайнай вясковай хаце. Над ягонай сядзібай лунае бел-чырвона-белы сьцяг, а ў падстрэшшы вісіць "Пагоня". Для сымбаляў савецкай эпохі таксама знайшлося месца, склеп ўпрыгожвае герб Савецкага Саюзу. А ў прыбіральні — бронзавыя барэльефы Карла Маркса і Ўладзімера Леніна.

Я папрасіў Алеся Пушкіна адказаць на пытаньне: у чым асаблівасьць Бабра ў параўнаньні зь дзясяткамі іншых мястэчак у Беларусі?

(Пушкін: ) "У нашым мястэчку, каго ні вазьмі, любы чалавек — хоць маленькая, але асоба. Дух вольнасьці, які жыве у Бабры, ён прысутнічае ва ўсім. Пакуль жыве гэты дух свабоды, унутранай найперш свабоды, унутранага гонару, дагэтуль будзе жыць і беларускі народ. Вялікай любоўю агартаецца сэрца ад гэтых вартых шкадаваньня, бедных людзей. Хочацца для іх нешта рабіць, каб яны бачылі прасьвет у гэтым дні, каб нейкую прыгажосьць яны ў сваім жыцьці бачылі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG