Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХВАСТОВА ЗАПРАСІЛІ НА ПОЛЬСКІ ФЭСТЫВАЛЬ “БЕЛАРУСКАЯ ПЕСЬНЯ-2002”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Плянуецца, што ў часе канцэрту міністар замежных справаў Беларусі зачытае прысутным віншаваньні ад беларускага ўраду, а таксама перадасьць фальклёрным калектывам Беласточчыны беларускія нацыянальныя строі.

Ганаровы патранат над фэстывалем беларускай песьні ў Беластоку мае міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч, які плянуе ў нядзелю сустрэцца са сваім беларускім калегам. Пра тое, якое значэньне для польскага боку мае гэтая сустрэча, я размаўляю з дырэктарам дэпартамэнту інфармацыі Міністэрства замежных справаў Польшчы спадаром Багуславам Маеўскім.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, спадар Маеўскі, ці атрымаў міністар замежных справаў афіцыйнае запрашэньне ад польскага боку на гэты візыт?”

(Маеўскі: ) “Не, музычны фэстываль – гэта традыцыйная імпрэза, у якой заўсёды бярэ ўдзел прадстаўнік беларусіх уладаў. Сёлета так атрымалася, што беларускі бок вырашыў, што гэтым прадстаўніком будзе міністар замежных справаў. Гэта ня ёсьць візыт на нашае запрашэньне і ён ня мае афіцыйнага характару”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж міністар замежных справаў Польшчы спадар Цімашэвіч сустрэнецца зь Міхаілам Хвастовым. Ці значыць гэта, што спатканьне міністраў таксама зьяўляецца неафіцыйным?”

(Маеўскі:) “Так, гэта неафіцыйнае спатканьне з нагоды фэстывалю. Спатканьне ня мае двухбаковага характару і вынікае выключна з таго факту, што абодва міністры бяруць удзел у фэстывалі. Наш міністар гэта робіць заўсёды, а сёлета таксама і ягоны беларускі калега. Гэта найвялікшая імпрэза такога кшталту на нашай усходняй мяжы, і адна з найбольш важных”.

(Карэспандэнт: ) “Дык значыць, можна сказаць, што заўтрашняя сустрэча ня мае нічога агульнага з апошняй ініцыятывай Польшчы і Літвы што да атрыманьня адмысловага мандату Рады Эўропы на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам?”

(Маеўскі: ) “Абсалютна не, гэта размова ня мае нічога агульнага са згаданай ініцыятывай. Запрашэньне ня ёсьць ініцыятывай ані польскага ўраду, ані міністра Цімашэвіча. Паўтаруся, гэтае спатканьне мае выключна характар імпрэзы грамадзка-культурнай, і менавіта на такую імпрэзу едзе міністар Цімашэвіч”, – паведаміў дырэктар дэпартамэнту інфармацыі Міністэрства замежных справаў Польшчы спадар Багуслаў Маеўскі.

Старшыня Беларускага грамадзка-культурнага таварыства, якое ладзіць фэстываль спадар Ян Сычэўскі сказаў, што запрашэньне на фэстываль беларускай песьні чыноўнікаў такога ўзроўню для ягонай арганізацыі справа звычайная. Аднак ці гэтым разам таварыства запрасіла менавіта Міхаіла Хвастова, ці пытаньне кандыдатуры вырашаў беларускі бок?

(Сычэўскі: ) “Я думаю, што без запрашэньня ніякі міністар не прыедзе. Мы кожны раз запрашаем міністраў. І раней у нас былі міністар замежных справаў і віцэ-прэм’ер. Гэта натуральная справа. Запрашаем улады і Польшчы, і Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, спадар Сычэўскі, дзе і калі адбудзецца сустрэча міністраў замежных справаў Беларусі і Польшчы?”

(Сычэўскі: ) “Пра гэта я нічога ня ведаю, бо гэта справа палітычная, якая нас ня тычыцца. Мы запрашаем на фэстываль, і гэта ўсё”.

Варта адзначыць, што спадар Сычэўскі добра вядомы сваімі сымпатыямі да Аляксандра Лукашэнкі, пра якія ён публічна заявіў летась у часе выступу на Ўсебеларускім сходзе ў Менску. Дарэчы, за тую прамову напярэдадні парлямэнцкіх выбараў Польшчы спадара Сычэўскага выключылі з партыйнага сьпісу ягонай партыі – Саюзу левых дэмакратаў, і ён ня змог балятавацца ў Сэйм.

Так што меркаваньні некаторых назіральнікаў аб тым, што гэтым разам спадар Сычэўскі праз сваю арганізацыю дапамагае кіраўніку беларускага зьнешнепалітычнага ведамства ў нейкай ступені прарваць дыпляматычную блякаду Беларусі, маюць падставы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG