Паводле інфармацыі прэсавага аддзелу Галоўнай камэндатуры польскай паліцыі, летась сярод замежнікаў, якіх падазраюць ва ўчыненьні злачынстваў на тэрыторыі Польшчы, грамадзянаў Беларусі было 1483. Гэта другое месца пасьля ўкраінцаў.
Як вынікае з паліцэйскіх рапартаў з розных частак Польшчы, злачынцы зь Беларусі ня маюць нейкага вызначанага “поля дзейнасьці”.
Цікавую інфармацыю ў справе злачынцаў з-за мяжы зьмясьціў напярэдадні аўтарытэтны польскі часопіс “Wprost”. У матэрыяле “Імпартаваная мафія” аўтар Яраслаў Кнап дасьледуе этнічныя мафіі, што ўтварылі замежнікі, асноўніыя кірункі і рэгіёны іхнай дзейнасьці.
Паводле аўтара, найбольш моцныя мафіёзныя групоўкі стварылі віетнамцы, якія гандлююць падробленымі таварамі, маюць падпольныя фабрыкі вопраткі і кампакт-дыскаў, а таксама займаюцца нелегальнай перавозкай ахвотных у Заходнюю Эўропу. Альбанцы кантралююць у асноўным гандаль наркотыкамі, а армяне і чачэнцы займаюцца пераважна гандлем жанчынамі й алькаголем.
Украінская мафія мае ў Польшчы штосьці накшталт манаполіі на крадзяжы аўтамабіляў.
Цікава, што сярод этнічных мафіёзных груповак няма беларускай, але ў той жа час беларусаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах у Польшчы, амаль ў трыццаць разоў больш, чым, прыкладам, віетнамцаў.
Польская паліцыя мяркуе, што колькасьць злачынцаў той ці іншай нацыянальнасьці залежыць ад агульнай колькасьці наведнікаў з адпаведнай краіны. Летась Польшчу наведала амаль 6 мільёнаў беларусаў, таму, маўляў, столькі крыміналу.
Аднак дасьледчык праблемы, аўтар матэрыялу “Імпартаваная мафія” Яраслаў Кнап упэўнены, што колькасьць арыштаваных залежыць яшчэ і ад таго, маюць прадстаўнікі таго ці іншага народу этнічную мафію ці не. Прыкладам, віетнамская мафія вылучаецца вельмі моцнай дысцыплінай і нягледзячы на сваю актыўную і масавую прысутнасьць у шэрагу сфэраў нелегальнага бізнэсу, віетнамцы вельмі рэдка трапляюць у рукі праваахоўчых органаў. Летась польская паліцыя арыштавала толькі паўсотні віетнамцаў.
Я запытаў у спадара Кнапа: ці ў часе ягоных дасьледаваньняў даводзілася яму чуць пра этнічныя групоўкі беларускіх крымінальнікаў?
(Кнап: ) “Не, беларусы не аб’ядноўваюцца ў закрытыя кляны. З таго што я ведаю, этнічныя мафіі ствараюць пераважна тыя народы, якія ў сваёй краіне маюць радавыя кляны. Як, прыкладам, альбанцы, якія на радзіме таксама жывуць у дастаткова добра зарганізаваных сем’ях”.