Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДУЦЬ БЕЛАРУСЫ ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У РАЗЬМІНІРАВАНЬНІ Ў АФГАНІСТАНЕ?


Валеры Каліноўскі, Менск

6 cакавіка ў інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню міністар у справе надзвычайных сытуацыяў Расеі Сяргей Шайгу зазначыў, што ў складзе супольнай групы выратавальнікаў беларускія спэцыялісты змогуць удзельнічаць у разьмініраваньні ў Афганістане, а таксама ў навучаньні там мясцовых спэцыялістаў, у рэканструкцыі дарог, мастоў, сыстэмаў энэргазабесьпячэньня і іншых аб'ектаў інфраструктуры — разам з расейскімі спэцыялістамі.

На гэты момант Беларусь у адрозьненьне ад іншых краінаў СНД пакуль ніяк ня ўдзельнічае ў гуманітарных праграмах у Афганістане. Увогуле беларускія выратавальнікі за мяжой ні ў якіх праектах не бралі ўдзелу, калі не лічыць гуманітарны канвой у Югаславію падчас косаўскага канфлікту.

Але нядаўна на вучэньнях пад эгідай НАТО ва ўкраінскім Ужгарадзе беларускія выратавальнікі атрымалі сэртыфікаты майстроў міжнароднай клясы. Гэта стварае падставы і для іх магчымай працы за мяжой. Аднак да рэалізацыі прапановы С. Шайгу беларускія выратавальныя службы пакуль не гатовыя. Гаворыць міністар надзвычайных сытуацыяў РБ Валеры Астапаў:

(Астапаў: ) “Пакуль мы не гатовыя да такіх праблемаў, хаця рыхтуемся, але для гэтага патрэбная сур'ёзная база і падрыхтоўка. Не было такой задачы раней, ня ставілася”.

Гуманітарнае размініраваньне — выгадны бізнэс. Права на ажыцьцяўленьне гэтых апэрацыяў можна здабыць толькі праз конкурс, дзе вялікая канкурэнцыя. Расея прабілася на гэты рынак і ўжо чацьвёрты год працуе ў розных краінах, нямала зарабляючы на гэтым.

Міністар Валеры Астапаў зазначыў, што тэма супрацоўніцтва беларускіх і расейскіх выратавальнікаў у Афганістане абмяркоўвалася зь Сяргеем Шайгу і што Беларусь мае добрых спэцыялістаў.

(Астапаў: ) “Гэта вельмі сур'ёзная справа, да яе трэба добра рыхтавацца. Я ня думаю, што нам сёлета нешта ўдасца”.

Але Астапаў падкрэсьліў, што ягонае ведамства рыхтуецца да магчымай супольнай працы з Расеяй у Афганістане, стварае матэрыяльную базу. Хутчэй за іншае беларусы змогуць падключыцца да расейскіх гуманітарных канвояў.

Беларусі вельмі важна падключыцца да гуманітарных акцыяў у Афганістане, хаця б разам з Расеяй — лічаць незалежныя палітыкі. Гаворыць Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “З пункту гледжаньня палітычнага, безумоўна, Беларусь прайграе, таму што яна зноў выпадае зь міжнароднага кантэксту, зь міжнароднай палітыкі. З пункту погляду рэжыму — гэта досыць лягічна, на мой погляд, выглядае.

Разам з тым, я думаю, тут праяўляецца і пэўная, скажам так, разгубленасьць ад зьмены сытуацыі пасьля 11 верасьня — яшчэ ня вызначыліся, як ставіцца да агульнай палітыкі Расеі і ЗША ў гэтых антытэрарыстычных апэрацыях”.

Аляксей Кароль мяркуе, што ўдзелу Беларусі ў гуманітарных апэрацыях у Афганістане акрамя палітычнага перашкаджае і эканамічны фактар — крызіс, які зараз абвастрыўся — гэта вынік эканамічнай палітыкі ўраду. Але Беларусі прыйдзецца прыняць прапановы Расеі, мяркуе Аляксей Кароль, хаця, магчыма, ня ў поўным аб'ёме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG