Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ГОРШАЮЦЬ ДАЧЫНЕНЬНІ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАЙ І РУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ?


Кастусь Бандарук, Прага

Чым патлумачыць пазыцыю праваслаўнай царквы, якая ва ўмовах рэлігійнай свабоды ня можа прыцягнуць вернікаў, але ўпарта супраціўляецца дзейнасьці іншых канфэсіяў, найперш каталіцтва?

Удзельнікі: праваслаўны сьвятар айцец Уладзімер Лапшын, прафэсар-гісторык Дзьмітры Фурман, дырэктарка Жаночага Служэньня Саюзу Цэркваў Хрысьціянаў Веры Эвангельскай зь Менску Ларыса Жыбрык

У мінулым месяцы адбылося далейшае пагаршэньне адносінаў паміж Рускай Праваслаўнай Царквою і Ватыканам. 11 лютага Папа Ян Павал ІІ надаў чатыром апостальскіх адміністратурам у Маскве, Новасыбірску, Саратаве ды Іркуцку статус япархіяў, стварыў каталіцкую правінцыю ў Расеі і ўзьвёў у ранг Мітрапаліта расейскіх каталікоў Архіяпіскапа Тадэўша Кандрусевіча.

Маскоўская Патрыярхія расцаніла гэты крок як “выклік праваслаў’ю, якое ўкаранілася ў Расеі цягам стагодзьдзяў… Такая форма арганізацыі каталіцкага царкоўнага жыцьця нетыповая нават для каталіцкіх краінаў, дзе няма царкоўных правінцыяў, кіраваных мітрапалітам. Гэты крок адкрывае шлях для місіянэрскай дзейнасьці каталіцкай царквы сярод расейскага народу. Мы лічым гэтую дзейнасьць празэлітызмам сярод насельніцтва, якое культурна, духоўна і гістарычна зьяўляецца паствай РПЦ. Расея — гэта кананічная тэрыторыя РПЦ”.

НАША ДАВЕДКА. Згодна з праваслаўным разуменьнем, місія альбо сьведчаньне зьяўляецца, выплывае з самой натуры Царквы, палягае ў данясеньні Дабравесьця “ўсяму стварэньню” (Мк. 15, 16). Хрыстос быў пасланы Айцом у Сьвятым Духу, а хрысьціяне Хрыстом, Які казаў: “Ідзіце і навучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, навучаючы іх выпаўняць усё, што Я сказаў вам” (Мац. 28, 19-20). Хрысьціяне абавязаныя працягваць Хрыстовую місію, імкнуцца да бачнай еднасьці ўсіх хрысьціянаў згодна волі Божай — "няхай будуць усе адно” (Ян. 17, 21).

Аднак паводле праваслаўнай царквы, скажэньнем сапраўднай місіі, да якой пакліканыя ўсе хрысьціяне, зьяўляецца празэлітызм. Гэта перацягваньне хрысьціянаў з адной канфэсіі ў іншую з дапамогай мэтадаў і сродкаў, якія пярэчаць духу хрысьціянскай любові й свабоды асобы. У Пасланьні Першагерархаў праваслаўных цэркваў з 92-га году гаворыцца: “Празэлітызм, які праводзіцца ва ўжо хрысьціянскіх краінах, у тым ліку праваслаўных, з дапамогай матэрыяльных прыманак або розных формаў прымусу, атручвае адносіны паміж хрысьціянамі й разбурае шлях да адзінства”.

(Бандарук: ) “Ці з такой формай празэлітызму маем справу цяпер? Мітрапаліт Кандрусевіч адкінуў гэтыя абвінавачаньні. “Мы нікога не агітуем, мы прызнаем усе сакрамэнты РПЦ і ня бачым сэнсу пераходзіць людзям з адной царквы ў іншую. Мы хацелі б ведаць: хто, дзе, калі й пры якіх абставінах займаўся празэлітызмам”, —адзначыў ён.

Ці перайменаваньне каталіцкіх прадстаўніцтваў у Расеі ў япархіі дае Маскоўскай Патрыярхіі падставу для абвінавачаньняў у замаху на кананічную тэрыторыю РПЦ? Калі ласка, айцец Уладзімер Лапшын”.

(Лапшын: ) “Для мяне гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне. Яго можна разглядаць з розных бакоў. Першае, калі яго разглядаць з эклезіялягічнага пункту погляду, то, на маю думку, у Маскве ёсьць кіруючы архіярэй, Патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Алексі ІІ, і тут ня можа быць ніякіх іншых хрысьціянаў акрамя тых, якія знаходзяцца ў ягонай юрысдыкцыі. Гэта, калі мы лічым, што хрысьціянская царква адзіная, сьвятая, саборная і непадзельная. Зыходзячы з гэтых эклезіялягічных пазыцыяў, мы будзем вымушаныя прызнаць, што ў Рыме таксама не павінна быць ніякіх іншых хрысьціянаў акрамя тых, якія падпарадкоўваюцца рымскаму Папу.

Калі ж мы прызнаем, што хрысьціянскі сьвет падзелены, каталікі і праваслаўныя — гэта людзі розных вераў, тады ні пра якія юрысдыкцыі ня можа быць і гаворкі. Тады ўсе маюць права на існаваньне. Дарэчы, каталікі былі ў Расеі і да рэвалюцыі, і нават ў 16-м стагодзьдзі. Тут гаварыць аб празэлітызьме ня мае сэнсу, ці гаварыць аб нейкіх там кананічных тэрыторыях. Усё залежыць ад таго, зь якіх пазыцыяў мы разглядаем гэтае пытаньне”.

(Бандарук: ) “Япархіяльныя каталіцкія структуры існавалі ў Расеі нават і раней, з 15-га стагодзьдзя. У 17-18 стагодзьдзях дзейнічала Смаленская Мітраполія. Цэнтрам магілёўскай Мітраполіі быў Санкт-Пецярбург. Маскоўская Патрыярхія мабыць пра гэта забылася. Аднак улічваючы засьцярогі з боку РПЦ, з фармальнага гледзішча, Ватыкан паступіў вельмі абачліва.

У інтэрвію радыёстанцыі “Эха Масквы” Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсьліў: “Ватыкан жа не ўстанавіў ні Саратаўскую Япархію, ні Новасыбірскую, ні Іркуцкую, а былі ўстаноўленыя Архіяпархія Божай Маці ў Маскве, япархія Сьвятога Клімэнта ў Саратаве, япархія Прэабражэньня ў Новасыбірску і япархія Сьвятога Язэпа ў Іркуцку”.

Кандрусевіч нагадаў, што РПЦ мае сваіх мітрапалітаў у неправаслаўных краінах: гэта Віленскі і Літоўскі, Бэрлінскі і Нямецкі, Брусэльскі і Бэльгійскі, і ніхто ў каталіцкай царкве гэтым не абураецца, бо гэта ўнутраная справа РПЦ.

Аднак, на думку Сыноду РПЦ, “для духоўнага акармленьня каталікоў, ня гэтулькіх ужо многіх у нашай краіне, не было патрэбы павышаць статус ўжо існых царкоўных структураў”. Калі каталікоў няшмат, дык адкуль такое насьцярожанае стаўленьне да іх з боку праваслаўных герархаў? Спадар Дзьмітры Фурман, калі ласка”.

(Фурман: ) “Стаўленьне эліты Рускай Праваслаўнай Царквы да іншых рэлігійных арганізацыяў горшае, чым стаўленьне любой групы расейцаў. Атрымліваецца, што яно ня мае ніякага рэлігійнага абгрунтаваньня. Напрыклад, стаўленьне да мусульманаў адносна добрае, а да каталікоў значна горшае, чым да мусульманаў. Стаўленьне да баптыстаў горшае, чым да будыстаў.

Чым гэта патлумачыць? Гэта можна патлумачыць толькі адным. Выклікаюць пратэст і непрыязь з боку праваслаўных герархаў тыя, хто ў прынцыпе здольны, хаця б патэнцыйна, хаця б у далёкай пэрспэктыве, пашырыцца сярод расейскага насельніцтва і падарваць два падмуркі РПЦ. Гэта адносная манаполія сярод адносна невялікага кола сапраўды рэлігійных расейцаў.

І другое, гэта наяўнасьць ў масавай сьвядомасьці спалучэньня “расеец і праваслаўны”. Праваслаў’е – гэта частка расейскасьці. Такім чынам, любая сіла, якая патэнцыйна здольная гэтыя дзьве асновы падарваць, выклікае вельмі нэгатыўную рэакцыю незалежна ад рэлігійна-ідэалягічных меркаваньняў.

Мне здаецца, што якраз каталіцтва мае ў Расеі пэўныя пэрспэктывы. У колах рэлігійна зацікаўленай расейскай інтэлігенцыі (вельмі ўплывовых колах) каталіцтва мае шанец пашырыцца. Расейскія каталікі ўжо зьявіліся, і яны ужо прыкметныя ў грамадзтве. Вось, любая пэрспэктыва павелічэньня групы расейскіх каталікоў выклікае рэакцыю, пратэст з боку РПЦ”.

(Бандарук: ) “Тут хачу адзначыць, што ў адрозьненьне ад герархіі, сьвецкія людзі й ніжэйшае духавенства ня бачаць небясьпекі “духоўнай экспансіі каталіцызму”.

Як заявіў праваслаўны сьвятар айцец Георгі Чысьцякоў, “калі мы-праваслаўныя, упэўненыя ў сіле нашай веры, дык мы не павінны баяцца, што нехта пашкодзіць нашаму веравызнаньню, ператвараючы адны царкоўныя структуры ў іншыя. Праваслаўную веру і расейскую духоўную традыцыю нічым не магчыма выцесьніць. Аднак і з каталікамі ў Расеі нам трэба жыць па-братэрску, паколькі яны складаюць невялікую, аде паважаную і выразна адчувальную меншасьць… Зараз, у эпоху ваяўнічага тэрарызму і бязбожжа, нам, вернікам, а тым болей хрысьціянам, не выпадае спрачацца паміж сабою”.

Напрыклад, у заключным дакумэнце Кансультацыяў Усясьветнага Саюзу Цэркваў у справах празэлітызму яшчэ ў 1995-м годзе гаварылася: “Нягледзячы на розьніцы ў пытаньнях веравучэньня і традыцыі, мы павінны шукаць шляхі супрацоўніцтва ў разьвязцы агульных праблемаў перад абліччам сэкулярнага сьвету, сацыяльнай працы, дабрачыннасьці, аховы здароўя, супрацьстаяньні псэўдарэлігійнным рухам, а таксама ідэалёгіям гвалту і вайны”.

Аднак РПЦ усё роўна бачыць у іншых канфэсіях канкурэнтаў на духоўнай ніве, абвінавачвае ў празэлітызьме, у пераманьваньні іхнай паствы ў сваю веру. Што Вы думаеце на гэты конт, айцец Уладзімер Лапшын?”

(Лапшын: ) “Я ня ведаю, наколькі актуальная праблема празэлітызму. Мне здаецца, што яна неяк штучна раздзьмуваецца. У мяне асабіста, у маскоўскага сьвятара і настаяцеля храму ў самым цэнтры Масквы, гэтая праблема не стаіць у тым сэнсе, што я ня бачу канкурэнтаў ні ў каталіках, ні ў пратэстантах.

Праўда, зараз вядзецца вельмі моцная, нават агрэсіўная пропаведзь розных пратэстанцкіх рухаў, шмат рухаў, якіх самі пратэстанты ня лічаць хрысьціянскімі. У Апостала Паўла ёсьць словы: “Нашая бітва ня супраць цела і крыві”. Гэта значыць ня супраць людзей. Мы не павінны бачыць у іншаверцах, якое б Эвангельле яны ні прапаведавалі, ворагаў.

Вораг, зь якім мы павінны змагацца, унутры нас. Гэта наша лянота, малавер’е, нявер’е, няўменьне сьведчыць пра Хрыста Ўваскрослага. Калі людзі, прыходзячы ў нашыя храмы, будуць бачыць у нас сьведкаў Уваскрасеньня, сьведкаў божай любові, што выліваецца на гэты сьвет, то ім ня трэба будзе ісьці ў іншыя храмы, у нейкія сэкты. Я лічу, што праблема празэлітызму надуманая, яна штучная. Урэшце, гэта нашая ўнутраная праблема”.

(Бандарук: ) “Аднак многія праваслаўныя бачаць праблему ў іншым. 22 лютага Саюз Праваслаўных Грамадзянаў правёў ля прадстаўніцтва Ватыкану ў Маскве мітынг пратэсту супраць “духоўнай агрэсіі каталіцызму”. Каля трох тысяч чалавек прыйшлі з харугвамі, іконамі, крыжамі і плякатамі кшталту “Папа – прэч! Гэта руская зямля”, “Каталікоў-гератыкоў і агрэсараў гнаць з Расеі”.

Празэлітызм,-паводле праваслаўнай царквы, спрыяе адарваньню людзей ад роднай царкоўнай і культурнай традыцыі. Ён асабліва балюча ўспрымаецца праваслаўнымі цэрквамі ў краінах, якія вызваліліся ад камунізму. Маўляў, заходнія місіянэры скарыстоўваюць тое, што мы яшчэ не ачунялі пасьля дзяржаўнага атэізму, яны скарыстоўваюць нашу слабасьць. Ці гэта слушная крыўда, айцец Уладзімер?”

(Лапшын: ) “Ну колькі можна быць слабым? Царква мабыць ніколі і не павінна быць моцнай. Што значыць слабасьць, сіла? Госпад кажа праз Апостала Паўла: “Сіла божая ў немачы зьдзяйсьняецца”. Для таго, каб прапаведаваць Хрыста, ня трэба нейкай асаблівай сілы, магутнасьці, арганізацыі, ня трэба шмат грошай. У прынцыпе ня трэба нічога – толькі вера ў Хрыста і апостальскі дух”.

(Бандарук: ) “Апошнім часам даволі часта гучаць меркаваньні, што праваслаўная царква не разьвіваецца. Яна не скарыстоўвае рэлігійную свабоду ў краіне. Яна патрабуе для сябе прывілеяванага становішча, дасягнула прыняцьця карыснага для сябе “Закону аб рэлігійных арганізацыях”. Яна займаецца то вяртаньнем маёмасьці, то ўздымае пытаньне царкоўнага падатку, то патрабуе для сябе асобны тэлеканал, то гандлюе гарэлкай і цыгарэтамі – словам, займаецца ўсім, толькі не духоўнай працай. Мабыць, такія й вынікі”.

(Лапшын: ) “Я бы сказаў так. У дарэвалюцыйнай Расеі насельніцтва было менш. Дэмаграфічная сытуацыя была цалкам іншая. Тады сапраўды людзі традыцыйна, у сваёй асноўнай масе, належалі да праваслаўнай царквы. Аднак зараз гэтага няма.

Хаця 70% расейскамоўнага насельніцтва называюць сябе праваслаўнымі, веруючымі ў Бога лічыць сябе толькі палова зь іх. Рэгулярна наведваюць храмы, сапраўды практыкуючыя хрысьціяне – іх усяго 2-3%. Таму, калі зараз каталікі ў Расеі і займаюцца прапаведзьдзю, дык гэта місіянэрства сярод атэістычнага насельніцтва.

А чаму гэта Маскоўскі Патрыярх Алексі не абураецца, што ў Маскве існуюць мячэты, што ёсьць мусульмане, чаму не абураецца, што ў Маскве існуюць сынагогі й людзі, якія вызнаюць юдаізм?”

(Бандарук: ) “Каталікі, пратэстанты, а таксама мусульмане і габрэі ёсьць таксама і ў Беларусі. Яны складаюць разам духоўнае багацьце краіны”.

(Жыбрык: ) “Вы ведаеце добра, што ў нас ёсьць розныя храмы: каталіцкія, эвангельскія, праваслаўныя, што чалавек можа пайсьці ў адну, у другую, у трэцюю царкву і пачуць тое, што сугучнае струнам ягонай душы, адказвае на ягоныя пытаньні.

Тое, што мне было патрэбнае, я знайшла толькі ў пратэстанцкай царкве. Я там зразумела, што я магу размаўляць з Богам гэтак, як са сваім бацькам, зь сябрамі. Галоўнае, я ўбачыла, што Бог чуе мяне і адказвае на мае пытаньні. Таму мне вельмі прыкра чуць і бачыць, калі прадстаўнікі праваслаўнай царквы, напрыклад Андрэй Алешка, шмат выступаюць і пішуць аб празэлітызьме. Гэта неабгрунтавана.

Навошта нам дзяліць людзей паводле таго, у якую царкву яны ходзяць? Праблема ў тым, што большасьць зь іх ня ходзіць ні ў якую. Сам Мітрапаліт Смаленскі Кірыл яшчэ ў 1996 годзе на канфэрэнцыі прызнаў, што большасьць праваслаўных людзей за ўсё сваё жыцьцё ўсяго тры разы бываюць у храме: калі іх хрысьцяць, калі аддаючы даніну модзе, яны бяруць шлюб, і калі пасьля іхнай сьмерці сваякі вырашаюць правесьці абрады над памерлым”.

(Бандарук: ) “Ларыса Аляксандраўна, аднак РПЦ усё роўна лічыць, што гэты вынік – ня ейная віна. Гэта вынік працяглай атэізацыі і экспансіі “нетрадыцыйных канфэсіяў”. Маскоўская Патрыярхія кажа: “Хай сабе і большасьць насельніцтва неўцаркоўленая, але гэта нашая паства. Не чапайце іх!” Толькі ці гэта разумна?”

(Жыбрык: ) “Як не чапаць? Як маўчаць, калі людзі жывуць няправільным жыцьцём, калі скасоўваюцца сем’і, калі квітнее п’янства?

Паглядзіце, што адбываецца ў нас у Беларусі. Наша краіна на першым месцы ў Эўропе па разводах. 70% шлюбаў скасоўваецца. Хто гаворыць аб сьвятасьці сужэнства, аб адказнасьці мужа й жонкі? Праваслаўныя сьвятары не гавораць пра гэта, не ўздымае гэтага пытаньня і прэса.

Толькі нядаўна загаварылі пра аборты, а Беларусь на трэцім месцы ў Эўропе па абортах. Колькі зараз у нас дзяцей, якія выхоўваюцца бяз бацькі! Чаму праваслаўная царква не гаворыць пра гэта? А пратэстанты заклапочаныя гэтай зьявай, і я ўдзячная Богу, што я прыйшла ў гэтую царкву, бо ні мой муж ня здрадзіць мне, ні я яму.

Нашым дзецям, якія ходзяць з намі ў царкву, 23 і 26 гадоў. Старэйшы сын жанаты і мае двое дзяцей. Ён ніколі не пакіне сваіх дзяцей і ня здрадзіць жонцы, бо ён ведае Слова Божае, ён чытае Біблію. Кантактуючы ж з праваслаўгымі сьвятарамі, я бачу, што яны ня так чытацю Біблію, як у нас. У іх жывое, чыстае Слова адыходзіць на другі плян. Гэтак не павінна быць”.

(Бандарук: ) “Вышэйшы ўзровень маралі часта назіраецца ў паствы цэркваў, якія праваслаўныя і каталікі лічаць сэктамі. Праваслаўная царква таксама зацікаўленая ў маральным аздараўленьні грамадзтва. Яна таксама лічыць, што збаўленьне магчымае і па-за праваслаў’ем. Чаму-ж тады яна гэтак зайздросна сьцеражэ тых, на каго ня мае ўплыву? Інакш кажучы, атрымліваецца як у беларускай прымаўцы “Сам ня гам, і другому ня дам”.

(Фурман: ) “Я абсалютна з гэтым згодзен. Гэта менавіта так. Уся гэтая пазыцыя абумоўленая імкненьнем да замацаваньня манаполіі, а не да заспакаеньня рэлігійных патрэбаў людзей, не да збаўленьня душаў, калі скарыстаць рэлігійную тэрміналёгію.

Колькасьць рэальна ўцаркоўленых людзей у Расеі, нягледзячы на псэўдарэлігійны бум канца перабудовы і пачатку 90-х, абсалютна мізэрная. Апытаньні і дасьледаваньні паказваюць, што не зважаючы на несумненны прыток у РПЦ і ў іншыя цэрквы новага тыпу вернікаў – малодшых, гарадзкіх, адукаваных – гэты прыток не кампэнсуе нават натуральнае скарачэньне асноўнай, сацыяльнай базы, той старой, расейскай, традыцыйнай, сялянскай, вясковай рэлігійнасьці. Колькасьць рэальна ўцаркоўленых людзей практычна не павялічваецца з пачатку 1990-х гадоў”.

(Бандарук: ) “Дарэчы, у сваім артыкуле “Жалезная заслона праваслаў’я” Дзьмітры Яфімавіч бачыць у пазыцыі РПЦ двайную мараль. Гэта мараль, у якой ня дзейнічае асноўны прынцып: “Не рабі іншаму таго, чаго ня хочаш, каб рабілі табе”.

Калі царскі рэжым і затым Сталін перасьледавалі ўніятаў і перадавалі іхныя храмы праваслаўным, – гэта добра. Але калі ўніяты пачалі адбіраць назад свае храмы, усчаўся лямант. Калі Расея дасягнула аўтакефаліі ад Канстантынопалю і стварыла сваю патрыярхію – гэта справядліва, але калі ўкраінцы хочуць царкоўнай незалежнасьці ад Масквы – гэта гнюснасьць.

Праваслаўная царква мае права пашырацца сярод японцаў і афрыканцаў, але вось, напрыклад, крышнаітаў трэба забараніць. Паводле Дзьмітрыя Фурмана, РПЦ не хвалюе ні рабаўніцкая прыватызацыя, ні сфальшаваныя выбары, нават вайна ў Чачэніі, але вельмі хвалюе адкрыцьцё каталіцкіх япархіяў і жахлівая пэрспэктыва прыезду Папы ў Расею.

Пакуль патрыярхія заявіла, што прыпыняе ўсялякія кантакты з Ватыканам. “Нам няма пра што гаварыць”, – заявіў кіраўнік аддзелу Зьнешніх царкоўных зносінаў Мітрапаліт Кірыл. Патрыярхія адклікала прызначаную на 20-21 лютага сустрэчу ў Маскве са старшынём Папскай Рады ў Справах Еднасьці Хрысьціянаў-кардыналам Вальтэрам Каспэрам.

Во гэтак сёньня складваюцца дачыненьні Ватыкану і РПЦ. Вядома, ня ўсім праваслаў’ем, бо РПЦ – гэта толькі частка праваслаў’я. У кожным разе, прававое, адкрытае грамадзтва і нацыянальная царква заклапочаныя найперш тым, каб “закрыць” краіну ў рэлігійным сэнсе. Гэта несумяшчальныя паняцьці – імкненьне на Захад, у Эўропу і намаганьне, каб гэтага Захаду ў выглядзе каталіцтва на парог не пускаць. Супярэчнасьць, якая раней ці пазьней мусіць быць урэгуляваная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG