Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ПРА ЖАНЧЫН УЗГАДВАЮЦЬ ТОЛЬКІ 8 САКАВІКА І НАПЯРЭДАДНІ ВЫБАРАЎ"


Віталь Цыганкоў, Менск

"Беларускія жанчыны вартыя самага глыбокага шанаваньня" — заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка падчас урачыстага прыёму з нагоды дня жанчынаў. "Не было б вашай падтрымкі, я б ня быў прэзыдэнтам" — працягваў Лукашэнка. Між іншым, гэта не пустыя словы — як сьведчаць сацыёлягі, беларускія жанчыны галасуюць за Лукашэнку значна больш актыўна чым мужчыны.

Можа, разгадкай гэтага феномэну паслужаць наступныя дадзеныя. Сярод працуючых у сацыяльнай сфэры Беларусі жанчыны складаюць 85%, у ахове здароўя — 78%, у адукацыі — 75%. Напэўна, невыпадкова менавіта гэтыя сфэры — самыя бедныя галіны беларускай гаспадаркі, у іх найменшы заробак. Вось што мяркуе аб гэтым старшыня жаночай партыі "Надзея" Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) “Ну гэта невыпадкова, бо жанчыны — вельмі цярплівыя ў нашым грамадзтве. Улады, і мужчыны наагул прывыклі, што жанчыны ўсё ў Беларусі сьцерпяць. І таму і бюджэтныя галіны фінансуюцца па рэшткавым прынцыпе, і там вельмі нізкія заробкі. Таму ў такім стане ў нас і адукацыя, і здароўе нацыі, і так далей. А як ставяцца да жанчынаў у грамадзтве, так ставяцца ў цэлым да сябе".

Тое, што цяперашняя ўлада успрымае правы жанчынаў дастаткова карыкатурна, даказваюць і словы Лукашэнкі на ўрачыстым прыёме. Паводле кіраўніка беларускай дзяржавы, мужчыны павінны 8 сакавіка стаць гаспадарамі кухні, а жанчыны ня мусяць туды ступаць ані кроку. Вось і ўсё, што можа прапанаваць улада для вырашэньня жаночых праблемаў. Вось што кажа пра гэта старшыня Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская:

(Стужынская: ) “Гэта паказвае, якія адносіны сёньня ў грамадзтве да ролі жанчыны. Безумоўна, мы (і мужчыны, і жанчыны) жывем у патрыярхальным грамадзтве зь яго патрыярхальнымі традыцыямі.

Але справа ў тым, што мы ёсьць сьведкамі зьмены роляў мужчыны і жанчыны. Мужчына ў Беларусі — ужо не карміцель сям'і, ён проста ня здольны даць рады гэтым абавязкам. Таму роля жанчыны ў гэтых складаных эканамічных абставінах падвышаецца".

А ў цэлым, напэўна, многія жанчыны пагодзяцца з наступным выказваньнем Валянціны Палевіковай:

(Палевікова: ) “Пра жанчынаў, нажаль, узгадваюць толькі 8 сакавіка і напярэдадні выбараў”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG