(Статкевіч: ) “Гэта візыт па партыйнай лініі, ён мае за мэту ўсталяваньне больш цесных кантактаў паміж партыямі, абмеркаваньне пытаньня партыйнага супрацоўніцтва і ўзаемнай дапамогі. Ну, мабыць, тут пра ўзаемную казаць крыху сьмешна, але ёсьць пытаньне пра дапамогу чэскай сацыял-дэмакратыі беларускай сацыял-дэмакратыі”.
(Карэспандэнт: ) “Сёньня адбылася ваша сустрэча з прэм’ер-міністрам Чэхіі Мілашам Зэманам. Пра што была гутарка? Якія яе вынікі?”
(Статкевіч: ) “Гутарка была найперш пра сытуацыю ў нашай краіне. Нас зьдзівіла, што Мілаш Зэман добра ведае сытуацыю – гэта першае, што нас зьдзівіла. А другое, нас вельмі ўразіла сама асоба, адчуваецца, што гэта вельмі моцны чалавек, яркі, энэргічны, харызматычны лідэр.
Мы размаўлялі пра сытуацыю ў Беларусі, пра магчымыя шляхі яе вырашэньня. Таксама мы абмеркавалі асноўныя прынцыпы дэлегацыі сацыялістычнага інтэрнацыяналу, якая наведае Менск у другой палове красавіка.
Уся гаворка была ў фармаце вельмі сяброўскім, у кабінэце Зэмана быў накрыты стол зь яго любімымі закускамі – безумоўна, з бэхераўкай. Мы таксама прывезьлі і ўсе разам пакаштавалі клімавіцкага бальзаму. Усё гэта вельмі патроху, бо трэба працаваць. Але адчуваецца моцнае жаданьне дапамагаць Беларусі, і найперш дапамагаць (і гэта было заяўлена) Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якую Мілаш Зэман лічыць самай пэрспэктыўнай палітычнай сілай.
У студзені Камітэт сацыялістычнага інтэрнацыяналу па дэмакратыі й правох чалавека, які ачольвае якраз Мілаш Зэман, прыняў рашэньне вывучыць сытуацыю ў Беларусі і з гэтай мэтай накіраваць туды дэлегацыю ў складзе Мілаша Зэмана, генэральнага сакратара сацінтэрну Луіса Аялы ды іншых эўрапейскіх палітыкаў. Магчыма, у дэлегацыю ўвойдуць прадстаўнік швэдзкіх сацыял-дэмакратаў Урбан Алін і прадстаўнік нямецкіх сацыял-дэмакратаў Герт Вайскірхен.
Дэлегацыя наведае Менск, дзе (як мы сёньня дамовіліся) мы дамо магчымасьць ім сустрэцца з прадстаўнікамі розных палітычных сілаў, з усім палітычным спэктрам дэмакратычнай апазыцыі. Таксама не выключаецца магчымасьць сутрэчы з прадстаўнікамі ўлады, каб пачуць альтэрнатыўны пункт гледжаньня”.