Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ІСНУЕ СУР'ЁЗНАЯ НЕБЯСЬПЕКА ТЭХНАЛЯГІЧНЫХ АВАРЫЯЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня прэсавую канфэрэнцыю ў гэтай справе арганізавалі кіраўнікі Дэпартамэнту нагляду за бясьпечным вядзеньнем працаў у прамысловасьці й атамнай энэргетыцы. Паводле кіраўніка дэпартамэнту Праматамнагляд Івана Клімчынскага, праблема бясьпекі прадпрыемстваў зь небясьпечнай вытворчасьцю і аб'ектаў (а іх у Беларусі больш за 200 000), стаіць вельмі востра.

Так, на некаторых рудніках салігорскага "Беларуськалія" усё абсталяваньне выпрацавала свой рэсурс на 100% ужо 2-3 гады таму. У кацельных, што абслугоўваюць беларускія гарады, больш за палову абсталяваньня таксама даўно састарэла, і гэта нясе небясьпеку адключэньня ад крыніцаў электраэнэргіі вялікіх раёнаў.

Ёсьць праблемы й на буйных хімічных прадпрыемствах. Гаворыць кіраўнік Праматамнагляду Іван Клімчынскі:

(Клімчынскі: ) “Нас сёньня вельмі непакоіць гарадзенскі "Азот". Адсутнасьць другой вонкавай крыніцы электрычнага сілкаваньня становіць пагрозу, калі першая крыніца выйдзе... ўсе прыборы бясьпекі спыняюцца, уся вытворчасьць выходзіць з пад кантролю. А там, у тэхналягічным працэсе, задзейнічаныя й моцныя атрутныя рэчывы. Што тычыцца магілёўскага "Хімвалакна", там таксама мэтанол, параксынол выкарыстоўваюцца. Гэтыя рэчывы атрутныя і, калі выходзяць з-пад кантролю, ствараюць пагрозу для жыцьця".

Яшчэ адзін небясьпечны аб'ект — Беларуская чыгунка. Паводле спэцыялістаў Праматамнагляду, штодзень праз тэрыторыю Беларусі праяжджае каля 1600 вагонаў і цыстэрнаў са шкоднымі рэчывамі. Зь іх вельмі многія ўяўляюць патэнцыйную небясьпеку аварыяў. Паводле спадара Клімчынскага, 70% гэтых небясьпечных вагонаў і цыстэрнаў паходзяць з Расеі й Украіны. І таму дэпартамэнт Праматамнагляд мае намер стварыць на межах Беларусі адмысловыя тэхнічныя пасты для правядзеньня тэхагляду усіх замежных вагонаў.

Яшчэ адна сур'ёзная праблема — гэта захаваньне ў належным стане радыеактыўных могільнікаў. Паводле намесьніка кіраўніка Праматамнагляду Андрэя Тухто, у Беларусі на сёньня 77 могільнікаў у Чарнобыльскай зоне й адзін (для захаванньня тэхналягічных адкідаў) у Соснах каля Менску. Цяпер улады зьбіраюцца пашыраць могільнік у Соснах, але не хапае сродкаў.

Паводле чыноўніка, гэтыя могільнікі бясьпечныя для насельніцтва й навакольнага асяродзьдзя, хоць многія незалежныя эколягі мяркуюць інакш. Спадар Тухто прызнаўся, што ў некаторых раёнах Магілёўшчыны такія могільнікі месьцяцца недалёка ад паселішчаў, а радыеактыўныя рэчывы захоўваюцца ў верхніх слаях глебы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG