Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДРА ЧЫГІРА ЗАСУДЗІЛІ НА 7 ГАДОЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пад воклічы "Ганьба!" пайшоў з залі судзьдзя Сяргей Хрыпач пасьля таго, як агаласіў сёньня прысуд Аляксандру Чыгіру і двум ягоным “саўдзельнікам”. Больш за 10 міліцыянтаў і мужчынаў у цывільным, якія сачылі за парадкам у Ленінскім райсудзе Менску, не перашкаджалі людзям выказваць сваё стаўленьне да прысуду.

Такім чынам, 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці для Аляксандра Чыгіра, 7 з паловай — для Антона Яшына і 11 з паловай — для Зьмітра Юскевіча. Апошнія двое прызнаныя вінаватымі ў выкраданьні некалькіх аўтамабіляў, а Аляксандар Чыгір абвешчаны саўдзельнікам гэтых злачынстваў.

Вось што праз краты жалезнай клеткі сказаў Радыё Свабода Аляксандар Чыгір наконт вынесенага яму прысуду:

(Аляксандар Чыгір: ) "Гэта нахабства. Машына не пралазіць у гаражныя вароты, за якімі я быццам яе разабраў, а мяне асудзілі. Што тут камэнтаваць, усім зразумела, чаму я асуджаны".

Адвакаты ўсіх трох асуджаных у сваіх камэнтарах зьвярнулі ўвагу на тое, што суд адмовіўся праводзіць дадатковыя экспэртызы, пра якія прасіла абарона, і не зьвярнуў увагі на заявы падсьледных пра катаваньні. Паводле адвакатаў, гэта дае ім падставы рабіць прынцыповыя высновы. Гаворыць адвакат Яшына Сьвятлана Лабоха:

(Лабоха: ) "Мы не задаволеныя вынесеным прысудам. На наш погляд ён незаконны і неабгрунтаваны, і мы зьбіраемся далей змагацца за ягонае скасаваньне".

Абаронца Чыгіра Аляксандар Пыльчанка заявіў, што такім прысудам прадэманстраванае поўнае ігнараваньне новага крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі.

Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір прызнаўся, што не чакаў ад судзьдзяў максымальна жорсткага прысуду, хаця і на апраўданьне сына не спадзяваўся.

(Чыгір: ) "Я лічу, што ён выканаў загад, што ў яго няма самастойнасьці, няма сумленьня. Буду рабіць усё, каб ён адказаў за гэта паводле закону".

Цікава, што хоць судзьдзя і пракурор занялі фактычна аднолькавую пазыцыю адносна віны Чыгіра-малодшага і ягоных саўдзельнікаў, пацярпелыя зь імі не пагаджаюцца. У Васіля Судзілоўскага, паводле сьледзтва, групоўкай Чыгіра быў скрадзены аўтамабіль БМВ, аднак Судзілоўскі не перакананы, што Аляксандар Чыгір сапраўды меў да гэтага дачыненьне.

Іншая рэч, што падазраваць Чыгіра яго прымушае асабістае перакананьне у паўкрымінальным характары аўтабізнэсу:

(Судзілоўскі: ) "Разумееце, я сам працую ў аўтабізнэсе, толькі я займаюся пастаўкамі новых аўтазапчастак зь Нямеччыны. Я добра ведаю, што ў нас творыцца на аўтарынку ў Малінаўцы, і Чыгіра ведаў яшчэ да таго, як у мяне скралі аўтамабіль. На маю думку, калі ён гандляваў запчасткамі, то ня мог ня ведаць пра іх крымінальнае паходжаньне. Але тое, што я чуў на судзе адносна Чыгіра, асабіста мяне не пераканала, што ён сапраўды вінаваты".

Зазначу, што паводле Аляксандра Чыгіра, большасьць свайго тавару ён набываў у Польшчы, і звычайна гэта былі запчасткі “сэканд-хэнд”. А вось калі Судзілоўскі гандлюе новымі запчасткамі зь Нямеччыны, то для яго Чыгір — відавочны канкурэнт.

Абарона і сваякі асуджаных кажуць, што будуць дамагацца скасаваньня прысуду. Міхаіл Чыгір запэўніў, што, калі ня знойдзе праўды ў Беларусі, зьвернецца ў эўрапейскі суд па правох чалавека. "Пакуль сын у турме, я адсюль нікуды ня зьеду і змаганьня не спыню" — заявіў журналістам экс-прэм’ер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG