Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ ЛІФТЫ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ НЕ ПРАЦУЮЦЬ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Жыхары шматпавярховых дамоў Мазыру ды іншых буйных гарадоў Гомельскага рэгіёну сутыкнуліся зараз зь вялікімі нязручнасьцямі. На 7, 8, 9 паверхі яны вымушаныя ўзьбірацца пешшу.

У мазырскім доме № 3 на бульвары Дружбы гараджане ўзьбіраюцца пешшу ажно на 10-ы паверх. Дырэктар філіі закрытага акцыянэрнага таварыства “Гомельліфт” Аляксей Вазьнюк паведаміў, што зараз у Мазыры не працуюць ліфты ў 120 шматпавярховых дамах.

Распавядае мазырчук Леанід Арлоў, які жыве на Страканіцкім бульвары:

(Арлоў: ) “Да гэтага ў нас у Мазыры былі выпадкі, у прыватнасьці, у маім пад’езьдзе, калі ліфты не працавалі тры, чатыры месяцы і нават паўгоду. Гэта надакучвала жыхарам, і яны самі вырашалі ліфтавую праблему. Даставалі масла, каб змазаць свой ліфт, нейкія патрэбныя дэталі, якіх не было ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы”.

Цяпер гараджанам не пад сілу рамантаваць ліфты. Яны стаяць нерухома літаральна ў што трэцім доме.

Ня маюць магчымасьці іх абслугоўваць і спэцыялісты. Камунальная гаспадарка Мазыра завінавацілася спэцыялізаванай філіі “Гомельліфт” 174 мільёны рублёў. Гарадзкі бюджэт не пералічае грошай ужо 15 месяцаў.

Ня лепшая сытуацыя і ў іншых гарадох. 280 ліфтаў спыняліся адначасова ў Сьветлагорску, дзясяткі — у Рэчыцы. Больш як сотня ліфтаў не працуе зараз у шматпавярховых дамох абласнога цэнтру.

Прэзыдэнт акцыянэрнага таварыства “Гомельліфт” Валерый Карніенка кажа, што ліфтавая гаспадарка рэгіёну проста гіне. Камунальнікі буйнейшых гарадоў завінаваціліся таварыству за паслугі 675 мільёнаў рублёў. На рамонт і эксплюатацыю ліфтаў няма сродкаў.

Начальнік жыльлёва-камунальнай управы аблвыканкаму Уладзімер Міхасёў не бачыць іншага выйсьця, апроч як ўскласьці ўсе выдаткі на ўтрыманьне ліфтаў на гараджанаў. Паводле ягоных падлікаў, камунальныя паслугі падвысяцца ў такім разе на 900 рублёў на аднаго жыхара. Калі ж управа разьлічыцца з таварыствам “Гомельліфт”, то ў яе ня будзе сродкаў на забесьпячэньне гарадоў цяплом, вадою, іншымі камунальнымі выгодамі.

Фінансісты аблвыканкаму пацьвярджаюць, што за студзень і люты ў абласны бюджэт паступіла толькі 60% грошай ад заплянаванага.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG