Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ БЕЛАРУСКАЙ ДЫЯСПАРЫ ПАРАЎНАЛІ ЦЬВЕРДЖАНЬНІ ЛУКАШЭНКІ З ПРАПАГАНДЫСЦКІМІ КЛІШЭ ЧАСОЎ БРЭЖНЕВА


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Адна з найстарэйшых расейскамоўных газэтаў у Амэрыцы – “Новае рускае слова” – надрукавала ў нядзельным нумары інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам пад назовам “За кулісамі палітычнай гульні”. Інтэрвію ў Лукашэнкі браў рэдактар і цяперашні ўладальнік “Новага рускага слова” Валеры Вайнбэрг. Публікацыя ўжо выклікала рэзкую рэакцыю беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку.

Рэдактар “Новага рускага слова” ў прадмове выказвае жаданьне зьмяніць імідж “апошняга самаўладцы Эўропы” на вобраз добрага бацькі беларусаў. Падзагаловак артыкула – пытаньне “Ці магчымы дыялёг ЗША-Беларусь?”

“Апошняга самаўладцу Эўропы на гэтым тыдні ў Амэрыцы ахрысьцілі яшчэ і “галоўным гандляром зброяй”. Размова ідзе пра Аляксандра Лукашэнку, якога народ, нягледзячы на ўсе намаганьні апазыцыі, абраў прэзыдэнтам Беларусі на другі тэрмін”, – так пачынаецца рэдакцыйны ўступ у “Новым рускім слове” да інтэрвію рэдактара газэты, спадара Вайнбэрга, з Аляксандрам Лукашэнкам. Фактычна тут жа выяўляецца пазыцыя газэты.

“Аляксандар Лукашэнка для Захаду, у тым ліку для Злучаных Штатаў, вядома, не падарунак, – піша Вайнбэрг. – Ну, калі Дзяждэпартамэнт знайшоў агульную мову з “отцами наций” з постсавецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі, то, напэўна, ёсьць сэнс весьці дыялёг і з “бацькам беларусаў”, – прапануе газэта “Новае рускае слова” ва ўступе да інтэрвію рэдактара выданьня спадара Вайнбэрга з Аляксандрам Лукашэнкам.

Далей працытую некаторыя пытаньні й вытрымкі з адказаў Лукашэнкі (мяркую, слухачы “Свабоды” здольныя ацаніць іх “аб’ектыўнасьць”).

“Як Вы ставіцеся да цьверджаньня апазыцыі пра тое, што ў краіне пануе дыктатура Лукашэнкі?” – пытаецца выданьне ў Лукашэнкі.

Той адказвае: “Ды ніяк ня стаўлюся. Вы самі сказалі, што яны так сьцьвярджаюць, гэта ня мае ніякіх падставаў. І гэта, дарэчы, пацьвердзілі міжнародныя інстытуты. Напрыклад, Міжнародная камісія, якая назірала за прэзыдэнцкімі выбарамі, вітала і прызнала наяўнасьць “плюралістычнай грамадзянскай супольнасьці – фундамэнту разьвіцьця дэмакратычных палітычных структураў…

У нашай дзяржаве няма манаполіі на сродкі масавай інфармацыі, – працягвае Лукашэнка. – Прыкладна дзьве траціны друкаваных выданьняў – прыватныя. Абсалютная бальшыня зь іх, дарэчы, друкуецца ў дзяржаўных друкарнях... У рэспубліцы дзейнічае больш як 18 партыяў і больш як паўтары тысячы грамадзкіх арганізацыяў. Хіба можна гэта назваць дыктатураю?”

“Наколькі абгрунтаваная інфармацыя апазыцыі аб зьнікненьні ў Беларусі нявыгадных Лукашэнку людзей?” Адказ Лукашэнкі: “З праблемаю зьніклых бязь вестак, на жаль, сутыкаюцца практычна ўсе краіны. На дадзены момант у Беларусі знайшлі 85% тых, хто знаходзіўся ў вышуку. Можаце ўявіць сабе, якая калясальная праца праваахоўчых органаў стаіць за гэтай лічбаю. Для нас мае значэньне кожны чалавек.

Чаму апазыцыя ні словам пра гэта ня згадвае? Ці лёс другіх людзей, што лічацца зьніклымі бязь вестак, яе не цікавіць? Мне, прэзыдэнту краіны, не абыякавы лёс кожнага зьніклага пры невядомых абставінах грамадзяніна Беларусі. Стаўленьне да кожнага зь іх у мяне аднолькавае, таму што гаворка ідзе пра лёс, а, магчыма, жыцьцё чалавека. Ня можа быць падзелу на выгодных і невыгодных, бо ўсе яны – нашы грамадзяне”, – адказаў Аляксандар Лукашэнка.

Пытаньне рэдактара “Новага рускага слова”: “Якое месца Рэспублікі Беларусь у сыстэме міжнародных дачыненьняў?” Адказ Аляксандра Лукашэнкі: “Так наканавана лёсам, што Рэспубліка Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. І Беларусі ў Эўропе быць... Вядома, гістарычна нам наканаваны і асабліва цесны саюз з Расеяй. Але эўрапейскі кантынэнт для нас мае прыярытэтнае значэньне...”

Пытаньне: “Якую ролю вы надаяце Беларусі ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам?”

Адказ Лукашэнкі: “Стаўленьне Рэспублікі Беларусь да тэрарызму ва ўсіх ягоных выявах пэўнае: тэрарызм – гэта зло, зь якім трэба змагацца, выкараняючы ягоныя вытокі. Ужо 12 верасьня, адразу пасьля трагедыі ў ЗША, мы заявілі, што тэрарызм гадуюць бяднота, галеча, адсутнасьць неабходных умоваў жыцьця, дысбалянс у становішчы шэрагу краінаў”.

Пытаньне: “Як бы Вы вызначылі афіцыйныя дачыненьні Менску і Вашынгтону?”

Адказ: “Для Беларусі добрыя адносіны са Злучанымі Штатамі, высокаразьвітой дзяржавай са сталымі дэмакратычнымі традыцыямі й вялізным уплывам на міжнародныя працэсы, маюць вялікае значэньне. Сёньняшнія беларуска-амэрыканскія дачыненьні цяжка вызначыць адназначна...”

І апошняе пытаньне з інтэрвію рэдактара і ўладальніка амэрыканскай расейскамоўнай эмігранцкай газэты “Новае рускае слова” да Аляксандра Лукашэнкі: “Чаго Вы хочаце пажадаць расейска- і беларускамоўным амэрыканцам, выхадцам з вашай краіны?”

Адказ Аляксандра Лукашэнкі: “Кожны чалавек, незалежна ад грамадзянства, лічыць сябе далучным да той нацыі, зь якой яго зьвязваюць карані, што належаць яго продкам. Ва ўсіх беларусаў сьвету, дзе б яны ні жылі, ёсьць малая радзіма – тая зямля, дзе з даўняга часу жыў беларускі народ. Нас духоўна аб’ядноўвае шматвекавая гісторыя і культурная спадчына Беларусі.

Ведаеце, у адной песьні ёсьць такія словы: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць. Упэўнены, што выхадцы з нашай краіны, у тым ліку і амэрыканцы, маюць цёплыя пачуцьці да нашай Радзімы – яе прыгожай прыроды, да добрых і гасьцінных беларусаў. Я хочу пажадаць суайчыньнікам, каб яны ніколі не забываліся пра часьцінку зямлі ў цэнтры Эўропы, на якой нарадзіліся. Мы заўсёды рады вітаць гасьцей на беларускай зямлі”, – сказаў у адказах на пытаньні амэрыканскай расейскамоўнай газэты “Новае рускае слова” Аляксандар Лукашэнка.

У гутарцы са мной шмат хто з эмігрантаў сталага веку параўноўваў цьверджаньні Аляксандра Лукашэнкі з прапагандысцкімі клішэ, якімі карысталася савецкая ідэалягічная машына часу Брэжнева; моладзь жа выказвала абурэньне.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку ў гутарцы з карэспандэнтам “Свабоды” ўжо выказалі намер абвергнуць праз “Новае рускае слова” цьверджаньні Лукашэнкі, а магчыма, і наладзіць пікет ля будынку рэдакцыі, якая месьціцца на 5-й Авэню.

Дадамо, што істотнага ўплыву на амэрыканскую палітыку газэта ня мае.

Адзначым таксама, што газэта “Новае рускае слова” -- адзінае штодзённае пэрыядычнае выданьне на расейскай мове, апошнім часам спазнала канкурэнцыю з боку іншых расейскамоўных газэтаў, якія пры аднолькавым кошце (25 цэнтаў) істотна пераўзыходзяць “РНС” у аб’ёме. Усяго ж у Нью-Ёрку – некалькі дзясяткаў расейскамоўных газэтаў і часопісаў, два тэлевізійныя каналы ў некалькі радыёстанцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG