Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВЫ СКАНДАЛ ВАКОЛ БЕЛАРУСКАГА ГАНДЛЮ ЗБРОЯЙ: АМЭРЫКАНСКІЯ АБВІНАВАЧАНЬНІ ПАЦЬВЕРДЗІЎ НАМЕСЬНІК ПАЎЛА БАРАДЗІНА


Юры Сьвірко, Менск

Як паведамілі газэта "Наша свабода" й агенцтва "Інтерфакс-Запад", намесьнік дзяржаўнага сакратара гэтак званае саюзнае дзяржавы Сяргей Калашнікаў пацьвердзіў тое, што цягам некалькіх месяцаў упарта абвяргаў афіцыйны Менск — а менавіта факт навучаньня ў Беларусі іракцаў.

У эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» спадар Калашнікаў заявіў, што «камісія Дзярждэпу на чале з памочнікам намесьніка дзяржсакратара, якая пабыла ў Беларусі ў сярэдзіне лютага, высьветліла толькі адзін факт, што ў Менску навучаліся ірацкія лётчыкі, якія, дарэчы, ня скончылі навучаньня, а досыць хутка зьехалі назад на радзіму".

Нагадаю, што пра навучаньне іракцаў у Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь яшчэ летась паведамляла "Белорусская деловая газета", якая надрукавала й сьпісы курсантаў. Увесь гэты час афіцыйны Менск упарта абвяргаў факт знаходжаньня іракцаў ў Беларусі, якія пасьля публікацыі ў газэце, сапраўды, хутка зьехалі.

Аляксандар Лукашэнка ў нядаўнім інтэрвію амэрыканскай газэце Wall Street Journal таксама абвяргаў паведамленьні пра іракцаў. Тое ж агенцтва "Інтерфакс-Запад" сёньня падае цытату з Лукашэнкі: "Ірацкія спэцыялісты не навучаюцца ў вайсковых навучальных установах Беларусі. І раней не навучаліся".

Сёньня я папрасіў пракамэнтаваць гэты скандал прэс-сакратарку спадара Лукашэнкі Натальлю Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Ну, гэта праблемы Калашнікава. І я ў прынцыпе не чытала й ня ведаю, што ён сказаў ды як ён сказаў. Тое, што сказаў прэзыдэнт, — гэта сказана адназначна й агульнавядома”.

Па камэнтар я зьвярнуўся й да прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Паўла Латушкі:

(Карэспандэнт: ) “Як МЗС можа пракамэнтаваць заяву Калашнікава, які пацьвердзіў, што ў Менску навучаліся ірацкія лётчыкі?”

(Латушка: ) "Па камэнтар самой заявы, якую зрабіў спадар Калашнікаў, мы б параілі зьвярнуцца да самога спадара Калашнікава”.

Што тычыцца той інфармацыі, якую ён распаўсюдзіў, то мы хацелі б абсалютна адназначна яшчэ раз падкрэсьліць, што Беларусь не навучала ірацкіх вайскоўцаў. Такіх плянаў у Беларусі няма й на будучыню".

(Карэспандэнт: ) "І нельга сказаць, што амэрыканская дэлегацыя, якая сустракалася зь беларускімі прадстаўнікамі, устанавіла гэты факт?”

(Латушка: ) "Абсалютна немагчыма сказаць, што такі факт быў устаноўлены падчас сустрэчы амэрыканскай дэлегацыі зь беларускімі афіцыйнымі асобамі".

Хаця, кажучы пра навучаньне ірацкіх лётчыкаў, той жа Сяргей Калашнікаў заявіў, што Беларусь ніякіх дамоўленасьцяў не парушыла, таму што, цытую, “няма ніякага пагадненьня пра тое, каб, напрыклад, не навучаць тыя ці іншыя кадры. Я яшчэ раз кажу, гаворка ідзе не пра пастаўкі зброі, гаворка ідзе не пра тое, каб пасылаць туды інструктараў дзеля навучаньня армейскіх падразьдзяленьняў, гаворка ідзе пра павышэньне кваліфікацыі ірацкіх лётчыкаў. І тое гэта сытуацыя, калі гэтая праграма не была рэалізаваная”, — сказаў намесьнік Паўла Барадзіна, не патлумачыўшы, чаму ж тады гэтая нібыта цалкам законная праграма не была рэалізаваная.

Замест яго гэта патлумачыў памочнік намесьніка іншага дзяржсакратара — амэрыканскага. Стывэн Пайфэр, знаходзячыся ў Менску, ясна заявіў, што іракцаў можна вучыць толькі дзеля аднаго — каб яны змаглі зьбіваць амэрыканскія самалёты, што патрулююць беспалётную зону ў Іраку.

Відавочна, каб дагадзіць афіцыйнаму Менску, Сяргей Калашнікаў яшчэ заявіў, што гандаль зброяй у Беларусі распачаўся пры Шушкевічу. Вось як пракамэнтаваў гэта былы кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) "Ведаеце, гэта быў зуісм іншы гандаль зброяй. На тэрыторыі Беларусі засталося многа стралковага ўзбраеньня, артылерыйскіх снарадаў, якія хацелі купляць і, дарэчы, танна маглі купляць (і навогул мы павінныя былі ад іх пазбавіцца) нейкія структуры былога Савецкага Саюзу.

Напрыклад, зьвяртаўся да нас Таджыкістан з просьбай прадаць стралковую зброю і артылерыйскія снарады. Заўсёды выходзілі на мяне, і я казаў адно й тое ж заўсёды: давайце ўзгоднім гэтую пазыцыю з Расеяй. Калі там тыя сілы, якія ня супрацьрасейскія, і дзе Расея пагаджаецца з тым, каб мы гэта рабілі , — там мы гэта зробім.

Вось быў такі гандаль. І ўрад Кебіча кантраляваўся празь Вярхоўны Савет, ён ня мог паступаць — я б сказаў так — самастойна, насуперак палітычным, стратэгічным і ваенным інтарэсам Беларусі. Што цяпер адбываецца — я ня ведаю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG